ТРЫФТО́НГ (ад грэч. tri трох + phthongos голас, гук),

складаны галосны гук, які ўключае тры элементы, што ўтвараюць адзін склад. Характэрны пераважна для моў, якія маюць дыфтонгі. Звычайна маюць такую ж працягласць, што і дыфтонг. Найб. вывучаны Т. англ. мовы.

т. 16, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНАТРЭЗІ́Я (ад гін... + атрэзія),

парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы. Бывае таксама другаснай, пасля кальпіту, перанесенага ў дзяцінстве, што выклікае атрэзію похвы. У перыяд палавой спеласці ўзнікаюць схваткі і недамаганні ў дні, што адпавядаюць менструальнаму цыклу. Кроў не выходзіць вонкі, а збіраецца ў похве, потым у матцы і назапашваецца ў трубах (несапраўдная аменарэя), што выклікае расшырэнне ўнутр. палавых органаў да памеру дзіцячай галоўкі. Гінатрэзія запаленчай этыялогіі таксама другасная. Анамаліі развіцця похвы часта спалучаюцца з анамаліямі развіцця мачавой сістэмы. Лячэнне хірургічнае.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАДЭ́РМА (ад гіпа... + дэрма),

у пазваночных жывёл самы глыбокі слой скуры з рыхлай злучальнай тканкі, у якім назапашваюцца тлушчавыя клеткі, што ўтвараюць падскурную тлушчавую клятчатку. Гіпадэрма злучае скурнае покрыва з падлеглымі тканкамі, выконвае апорную, трафічную, пластычную, тэрмарэгулятарную, ахоўную функцыі. У беспазваночных жывёл гіпадэрма — тонкі слой прызматычнага эпітэлію, што знаходзіцца пад кутыкулай, створанай у выніку сакраторнай дзейнасці клетак гіпадэрмы. У раслін гіпадэрма — адзін ці некалькі слаёў клетак, што знаходзяцца пад эпідэрмісам сцёблаў, лісця, насення і пладоў; у каранях гіпадэрмы іншы раз называюць вонкавыя пласты клетак першаснай кары.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. deon (deontos) патрэбнае, належнае + ...логія],

раздзел этыкі, які разглядае праблемы абавязку і належнага (таго, што адлюстроўвае патрабаванні маралі ў форме прадпісанняў). Тэрмін уведзены англ. філосафам-утылітарыстам І.Бентамам, які ўжыў яго для абазначэння тэорыі маральнасці. З уяўлення аб належным (што «павінна быць») складваюцца маральныя патрабаванні, уяўленні пра тое, якія ўчынкі людзі павінны рабіць. У дачыненні да чалавека гэтыя патрабаванні з’яўляюцца яго абавязкамі, якія ў абагульненай форме правіл, што ў аднолькавай ступені датычаць усіх, фармулююцца ў маральных нормах, прадпісаннях, запаведзях. Усе гэтыя этычныя катэгорыі — прадмет вывучэння Д.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФЛО́РА (ад мікра... + флора),

сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДЫ МО́РА»,

умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст. да н.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».

т. 11, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕВЯРЫ́ЦА, векша,

старажытнаруская плацежная адзінка. Назва ад вавёрчынай шкуркі, што з’яўлялася таварам-грашамі. У 10—11 ст. гэта манетны фрагмент (0,33—0,50 г) куфіцкага дырхема або зах.-еўрап. дэнарыя. У 12—13 ст. устарэлы тэрмін, што азначаў зусім нязначную, мізэрную суму.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІФ (ад англ. cliff стромкі абрыў, скала, уцёс), берагавы ўступ,

стромы абразійны абрыў, што ўтварыўся ў выніку разбурэння высокага карэннага берага пад уздзеяннем прыбою. Паступова адступае ў бок сушы і павялічвае шырыню абразійнай берагавой тэрасы, што ляжыць каля яго падножжа.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОРТ [франц. sorte ад лац. sors (sortis) від, разнавіднасць],

1) тое, што і гатунак (напр., мука вышэйшага С.).

2) Разрад, род, разнавіднасць чаго-н., што валодае пэўнымі адзнакамі якасці і характарызуецца каштоўнымі ўласцівасцямі ў параўнанні з інш. таварам, раслінай і г.д.

т. 15, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРА... (ад лац. ultra звыш, больш), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае што-н., што знаходзіцца за межамі чаго-небудзь і (паводле колькасных або якасных прыкмет), характарызуецца як найбольшае, найвышэйшае, а таксама крайняе, суадноснае бел. «звыш» (напр., ультрагук, ультрамадэрн).

т. 16, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)