ГЛУ́ШСКІ ШКЛОЗАВО́Д, акцыянернае аб’яднанне «Шкло-Глуша». Дзейнічае з 1896 (у маёнтку Глуша Бабруйскага павета — зараз г.п.Глуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.). З 1920 шклозавод «Камінтэрн», з 1995 акц. аб’яднанне «Шкло-Глуша». У час Вял.Айч. вайны разбураны. Адноўлены ў 1945. Выпускае бутэлькі для малака, алею, каньяку, пепсі-колы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯ́НСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Засн. ў сярэдзіне 18 ст. ў мяст. Ілья (цяпер вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл.). Спачатку дзейнічаў як прыгонная мануфактура, выпускаў шкляны посуд і аконнае шкло. У 1815 на заводзе былі 2 шклоплавільныя печы. З 1900 дзейнічаў лакамабіль. У 1905 працавала 157 рабочых. У 1908—13 выпускалі сталовы, хрустальны прасаваны, паліраваны і аптэкарскі посуд, лямпавае шкло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІЗАВЕ́ЦІНСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1844—66 у в. Елізавеціна Клімавіцкага пав. (цяпер у наваколлі в. Мокрае Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Выпускала аконнае шкло. У 1866 працавалі 44 чал. Сыравіну набывалі: гліну ў Калужскай і Чарнігаўскай губ., пясок у Смаленскай губ., саламяны попел у Чарнігаўскай губ.Шкло збывалі ў Віцебскую і Магілёўскую губ., Крамянчуг, Харкаў, Палтаву, Мінск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),
1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.
2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл.Меніскавыя сістэмы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЁМАН»,
шклозавод у г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.Засн. ў 1883. Утварыўся з 3 шклозаводаў (гл.Нёманскія шклозаводы). У 1-ю сусв. вайну разбураны, адноўлены ў 1921 як шклозавод «Н.» фірмы «Ю.Столле». Вырабляў шклянкі, лямпавае і аптэкарскае шкло, з 1922 — ізалятары для чыгунак, пошты і тэлеграфа. У 1930 «Н.» выпускаў пятую частку ўсяго экспарту Польшчы і 1828 найменняў шкляной і хрусталёвай прадукцыі. У 1939 пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1944, вырабляў аконнае і лямпавае шкло, з 1945 — шклапосуд. Рэканструяваны ў 1957—86. На 1.1.2000 на з-дзе працуюць 7 ванных шклаварных печаў бесперапыннага дзеяння, 3 печы—спадарожнікі для варкі каляровага шкла. Асн. прадукцыя (2000): вырабы 1058 найменняў, у т. л. посуд са шкла і хрусталю, дэкар. вырабы, элементы для люстраў і інш. Прадукцыя з-да за арыгінальнасць маст. і тэхнал. выканання неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. выстаўках. Гл. таксама Нёманскае шкло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРСІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
аптычная сістэма, у якой прастора паміж прадметам і першай лінзай аб’ектыва запоўнена імерсійнай вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў мікраскопах.
У якасці імерсійных вадкасцей бяруцца мінер. масла (паказчык пераламлення 1,515), раствор гліцэрыны (1,44), вада (1,333) і інш. Выкарыстанне імерсіі павышае апертуру аб’ектыва і адпаведна раздзяляльную здольнасць мікраскопа, памяншае адбіццё на паверхні лінзы. Дазваляе вывучаць аб’екты, што знаходзяцца на рознай глыбіні ў імерсійнай вадкасці (напр., з дапамогай аб’ектыва, разлічанага на водную імерсію, можна назіраць мікраарганізмы ў вадзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́СПЕНСКІ ШКЛОЗАВО́Д Дзейнічаў у 1897—1919 у в. Наспа (Буда-Кашалёўскі р-н Гомельскай вобл.). Вырабляў ліставое паўбелае шкло. У 1913 працавала 200 чал. У 1918 меў паравы рухавік (50 к.с.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЕЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў Беларусі ў 1799—1900 у в. Батаева Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляла аконнае шкло і шкляны посуд. У 1900 працавалі 53 чал., выраблена 15 тыс. скрынак аконнага шкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Дзейнічаў у маёнтку Парэчча Ігуменскага пав. (цяпер вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.) у 1892—1915. Выпускаў бутэлькі, ліставое паўбелае і аконнае шкло. У 1895 меў паравую машыну, паравы кацёл, працавала 111 чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ШЧАНСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1832—64 у в. Лешчанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляла аконнае шкло. У 1864 мела 2 драўляныя карпусы, 3 свірны, 5 інш. памяшканняў, 3 печы для выплаўкі шкла; працавала 87 чал., выраблена 1500 скрынак шкла.