КО́ПЕЧНЫ ((Kopečný) Францішак) (4.10.1909, Урчыцы, Чэхія — 27.3.1990),
чэшскі мовазнавец, індаеўрапеіст. Праф. славістыкі Оламаўцкага ун-та. Навук. працы ў галіне этымалогіі, сінтаксісу, дыялекталогіі слав. моў, культуры і філасофіі мовы: «Асновы чэшскага сінтаксісу» (1958). «Трыванне дзеяслова ў чэшскай мове» (1962). Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Этымалагічнага слоўніка славянскіх моў» (т. 1—2, 1973—80), у якім спалучаны сінтакс. і этымалагічны аналізы. Складальнік «Этымалагічнага слоўніка чэшскай мовы» (1952), «Асноў агульнаславянскага слоўнікавага саставу» (1981, у сааўт.) і інш. Гал. рэдактар «Слоўніка стараславянскай мовы» (вып. 1, 1958).
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 8, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛІК ((Kubelík) Ян) (5.7.1880, Міхле каля Прагі — 5.12.1940),
чэшскі скрыпач, кампазітар. Чл. Чэш. Акадэміі навук і мастацтваў (1932). Ігры на скрыпцы вучыўся ў бацькі І.М.Кубеліка, К.М.Вебера і інш. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1898). Музыкант-віртуоз, адзін з лепшых выканаўцаў найб. складаных твораў Н.Паганіні. Увёў у выканальніцкую практыку больш павольны тэмп ігры тэхн. пасажаў. Аўтар сімфоніі (1937), 6 канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (1916—24), скрыпічных п’ес, віртуозных канцэртных кадэнцый і інш. У 1947 і 1949 прайшлі Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя К. (у рамках муз. фестывалю «Пражская вясна»).
т. 8, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГІ (ням. Luxemburger),
дынастыя каралёў Германіі і імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў 1308—13, 1346—1400, 1410—37, каралёў Чэхіі ў 1310—1437 і Венгрыі ў 1387—1437, графаў (герцагаў) Люксембурга (да 15 ст.). Найб. значныя прадстаўнікі: Генрых VII (гл. Генрых, герм. правіцелі), Ян (чэш. кароль у 1310—46), Карл IV (Карэл I Чэшскі), Вацлаў IV, Сігізмунд I. З 1310 эканам. і паліт. цэнтрам Л. была Чэхія, яны найб. узмацніліся пры Карле IV. У 1437 дынастыя спынілася ў мужчынскай лініі, спадчына Л. перайшла да Габсбургаў.
т. 9, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́ЗІУС ((Mathesius) Вілем) (3.8. 1882, г. Пардубіцы, Чэхія — 12.4.1945),
чэшскі мовазнавец. Заснавальнік і прэзідэнт Пражскага лінгвістычнага гуртка (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка). Даследаваў агульную лінгвістыку, англ. мову, характаралогію мовы, пад якой разумеў супастаўленне элементаў розных моў для выяўлення тыповых уласцівасцей пэўнай мовы. Адзін з заснавальнікаў функцыянальнай лінгвістыкі. Абгрунтаваў сінхронны падыход да вывучэння мовы («Пра патэнцыяльнасць моўных з’яў», 1911). Распрацаваў тэорыю актуальнага члянення сказа. Аўтар прац «Чэшская мова і агульная лінгвістыка» (выд. 1947), «Функцыянальны аналіз сучаснай англійскай мовы на аснове агульнай лінгвістыкі» (выд. 1961).
Літ.:
Пражский лингвистический кружок. М., 1967.
т. 10, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ВРАЦІЛЬ (Navrátil),
Іозеф (17.2.1798, Слані каля г. Кладна, Чэхія — 21.4.1865), чэшскі жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Пражскай АМ (1819—23). Аўтар манум. размалёвак у замках ў Лібехаве (1838—43), Кленаве (1840), Йірні (1845—47, 1857), Плошкавіцы (1853—54), будынках Новай мукамольні (1847—50) і доме Ваўры (1847) у Празе. Пісаў невял. па памерах пейзажы, нацюрморты, карціны быт. жанру, якія вызначаюцца свабоднай лепкай формы і сакавітым каларытам: серыя «Паляванне на ліса», «Вадаспад у вёсцы», «Маці з дзіцем», «Малочніца на вуліцы», «Сцэна ў стылі ракако», «Танцоўшчыцы», «Селядцы на талерцы» і інш.
т. 11, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КАРНІ, Покарны (Pokorny) Карал (18.1.1891, Паўліцы, каля г. Знойма, Чэхія — 14.2.1962), чэшскі скульптар. Нар. мастак Чэхаславакіі (1956). Ганаровы чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе (1911—14), АМ (1914—17) у І.Мысльбека ў Празе. Аўтар рэалістычна абагульненых па формах твораў: помнікі загінуўшым шахцёрам у Лазах (1925), у Осеку (1936—38), А.Ірасеку (1952), Б.Немцавай (1954) у Празе, рэльефы для Нац. помніка ў Празе (1936—38), манумент «Братанне» ў г. Чэска-Тршэбава (1947—50). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1949, 1952, 1955.
Літ.:
Колпинский Ю.Д. Карел Покорны. М., 1961.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ДЛАЧАК ((Sedlácčk) Войцех) (9.9.1892, Лібчані, Чэхія — 3.2.1973),
чэшскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Пражскай АМ (1911—20). Зазнаў уплывы А.Славічака і Я.Прэйслера. Чл. аб’яднанняў «Умелецкая бяседа» (1913), «Галар» (1919). Творчасці характэрны арыентацыя на рэаліст. традыцыі нац. мастацтва, лірыка-эпічная манера выканання. Аўтар жывапісных кампазіцый «Валацуга» (1924), «Збор бульбы» (1934), «У вёсцы» (1941), «Восень на палях» (1952), «Восень на загуменні» (1954), графічных работ «Цыганка» (1916), «Садоўніца» (1920), «Праца ў полі» (1971). Аформіў кнігі Я.Гербена, братоў Мрштыкаў.
Літ.:
Современное чешское и словацкое искусство. Л., 1989.
Я.Ф.Шунейка.
т. 14, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НЕВІЦ ((Bennewitz) Антанін) (26.3.1833; Пршывраці, каля г. Літамішль, Чэхія — 29.5.1926),
чэшскі скрыпач і педагог. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1852). У 1852—66 канцэртмайстар аркестраў у Празе, Зальцбургу, Штутгарце; канцэртаваў у Парыжы і Бруселі. З 1866 праф., у 1882—1901 дырэктар Пражскай кансерваторыі. З 1880 кіраўнік струннага квартэта Пражскага ням. камернага т-ва. Адзін са стваральнікаў Чэшскага квартэта (1891). Арганізатар публічных канцэртаў, у якіх удзельнічаў як ансамбліст (у трыо з Б.Сметанам і інш.). Дзякуючы Беневіцу-педагогу чэш. скрыпічная школа набыла сусв. вядомасць. Сярод яго вучняў О.Шэўчык, Ф.Ондржычак, І.Сук, О.Недбал.
Л.А.Сівалобчык.
т. 3, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРА ((Vydra) Вацлаў) (29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),
чэшскі акцёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.Ірасека), Ранк («Нора» Г.Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).
т. 4, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРА́НЕК ((Hauránek) Багуслаў) (30.1.1893, Прага — 2.3.1978),
чэшскі мовазнавец, славіст. Адзін з заснавальнікаў Пражскага лінгвістычнага гуртка. Акад. Чэхаславацкай АН, праф. ун-та ў Брно (з 1929), Карлава ун-та ў Празе (з 1945). Працы па чэшскім мовазнаўстве («Чэшскія дыялекты», 1934; «Развіццё чэшскай літаратурнай мовы», 1936; «Нарыс літаратурнай мовы», 1963), параўнальнай граматыцы і параўн.-гіст. вывучэнні літ. слав. моў («Genera verbi ў славянскіх мовах», 1928—34). Распрацоўваў функцыянальна-структурную тэорыю. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар часопісаў «Slavia» («Славія»), «Slovo a slovesnost» («Слова і славеснасць»), «Naše řeč» («Наша мова»). Дзярж. прэмія ЧССР 1957. А.А.Кожынава.
т. 5, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)