ПРЫ́НЦЫП (ад principium аснова, пачатак),

1) асноўнае, зыходнае палажэнне якой-н. тэорыі, вучэння, навукі і да т.п.

2) Унутранае перакананне ў чым-н., пункт погляду, якія вызначаюць адносіны да рэчаіснасці, нормы паводзін і дзейнасці.

3) Асноўная асаблівасць канструкцыі якога-н. механізма, прылады.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́РЫУС, α Вялікага Пса,

самая яркая зорка неба, -1,46 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 28 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 2,7 пк. С. — падвойная зорка; яе кампанент Сірыус Б (у 10 тыс. разоў менш яркі, чым С.) — першы выяўлены белы карлік.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),

польскі пісьменнік. З роду Масальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філарэтаў. З 1832 рэдактар сатыр. час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.​Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.​Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́РА,

статак авечак, які фарміруецца для сумеснай пасьбы і ўтрымання. У атару адбіраюць жывёл адной пароды, аднародных паводле полу, узросту, племянной каштоўнасці, а матак — з улікам тэрмінаў іх асемянення. Памер атары 200—1000 галоў. На племянных фермах атары на 20% меншыя, чым на прамысловых.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ННАЯ ПАРО́ДА ў геалогіі — горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння і мала зменены працэсамі выветрывання. У геамарфалогіі — пароды, якія з’яўляюцца больш стараж., чым рэльеф, утвораны пры іх удзеле (напр., неагенавыя пароды — К.п. ў адносінах да чацвярцічных форм рэльефу і адкладаў, што складаюць гэтыя формы).

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

1) у квантавай электроніцы — рэчыва, у якога высокія энергетычныя ўзроўні часцінак заселены больш, чым нізкія (т.зв. інверсная заселенасць). Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваляў (гл. Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).

2) У оптыцы — рэчыва, якому ўласцівая натуральная аптычная актыўнасць.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАВА́ЛАВА ЗАКО́НЫ,

2 законы, якія вызначаюць сувязь паміж саставам аднароднай вадкай сумесі двух лятучых кампанентаў і саставам і ціскам насычанай пары, што знаходзіцца ў раўнавазе з вадкасцю. Тэарэтычна абгрунтаваны і эксперыментальна пацверджаны Дз.П.Канавалавым у 1881—84.

Першы К.з.: пры пастаяннай т-ры ціск насычанай пары раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі ў ім таго кампанента, колькасць якога ў пары большая (меншая), чым у растворы; пры пастаянным ціску т-ра кіпення раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі таго кампанента, колькасць якога ў пары меншая (большая), чым у растворы. Другі К.з.: у пункце экстрэмуму на крывой залежнасці ціску ад саставу раствору (пары) пры пастаяннай т-ры (на крывой канцэнтрацыйнай залежнасці т-ры кіпення пры пастаянным ціску) саставы вадкасці і пары, што суіснуюць у раўнавазе, аднолькавыя. К.з. з’яўляюцца асновай пры распрацоўцы метадаў рэктыфікацыйнага раздзялення рэчываў.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РТЫ,

маёмасць, што паступіла акцыянернаму таварыству ў лік аплаты акцый. Могуць быць тавары, гандл. і прамысл. прадпрыемствы на поўную суму грашовага капіталу. Часта заснавальнікі акц. т-ваў як апорты. перадаюць гэтым т-вам свае тавары і прадпрыемствы па завышанай цане, каб атрымаць акцый больш, чым каштуе здадзеная маёмасць.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)