ПІЛАРАСПА́ЗМА (ад грэч. pyloros прываротнік + спазма),
спазма мускулатуры прываротніка страўніка, у выніку якой адсутнічае ці затрымліваецца яго апаражненне. Назіраецца пераважна ў грудных дзяцей (часцей у першыя месяцы жыцця) у сувязі з функцыян. парушэннямі вегетатыўнай нерв. сістэмы.
т. 12, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ І АРТЫЛЕ́РЫЯ,
род войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін СНД, у т. л. Беларусі; уваходзіць у склад сухапутных войск. У СССР створаны ў пач. 1960-х г. на аснове аб’яднання артылерыі і ракетных часцей сухапутных войск (гл. Ракетныя войскі). Здольныя знішчаць сродкі ядз. нападзення, авіяцыю на аэрадромах і аб’екты ППА; паражаць пункты кіравання войскамі, склады, вузлы камунікацый і інш., выкарыстоўваюцца таксама для паражэння караблёў праціўніка, марскіх дэсантаў і ваенна-марскіх баз. Ва Узбр. Сілах Беларусі складаюцца з падраздзяленняў, часцей і злучэнняў, якія ўваходзяць у склад аператыўных аб’яднанняў, агульнавайск. злучэнняў і рэзерву вярх. галоўнакамандавання. На ўзбраенні маюць ракетныя комплексы высокаманеўраныя скарастрэльныя артыл. сістэмы і інш.
С.У.Кіслы, С.А.Фамін.
т. 13, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАПЛАЗМІДО́ЗЫ,
група кровапаразітных хвароб млекакормячых жывёл, птушак, земнаводных, рыб, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца піраплазмідамі. У ліку П. — бабезіёзы, нуталіёзы, піраплазмозы, тэйлерыёзы. Сезонныя хваробы, часцей рэгіструюцца ў вяснова-летні перыяд. Смяротнасць 30—60%.
На Беларусі спарадычна адзначаецца нуталіёз, тэйлерыёз у коней, сабак.
т. 12, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),
1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ. драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст. маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.
2) Літаратурны сцэнарый балетнага спектакля.
3) Кароткі выклад зместу оперы, аперэты, балета.
Г.Р.Куляшова.
т. 9, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́Н,
мясцовы халодны ўсх. або паўн.-ўсх. вецер тыпу бара, які дзьме пераважна на сярэднюю ч. воз. Байкал з боку даліны р. Баргузін. Скорасць ветру звычайна меншая за 20 м/с, працягласць — менш як суткі, часцей бывае ноччу. Значнай сілы дасягае восенню.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.
т. 4, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАРАТАМІ́Я, чэравасячэнне,
хірургічная аперацыя разразання брушной поласці. Робіцца пры запаленчых, пухлінных і інш. захворваннях, пры раненнях і пашкоджаннях органаў брушной поласці з лячэбнымі (часам дыягнастычнымі) мэтамі. У залежнасці ад размяшчэння органа, віду аперацыі робяць падоўжныя (часцей сярэдзінныя), папярочныя, касыя і вуглавыя разрэзы.
т. 9, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВЕРБО́Т»,
1) ступень закупленасці таварнага рынку. Пры залішняй закупленасці цэны дасягаюць вышэйшага ўзроўню і маюць тэндэнцыю да росту, пачынаецца продаж кантрактаў спекулянтамі.
2) Сітуацыя рэзкага росту цэн на які-небудзь тавар у выніку вял. аб’ёму куплі. Тэрмін «Авербот» часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.
т. 1, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ РАСІ́Я,
афіцыйная назва з 2-й пал. 17 ст. еўрап. часткі Рус. дзяржавы, населенай пераважна рускімі. У царскім тытуле ўжывалася з 16 ст. Як геагр. паняцце ўзнікла ў сувязі з далучэннем да Расіі Левабярэжнай Украіны (Малой Расіі). З 19 ст. часцей выкарыстоўваўся тэрмін Велікаросія.
т. 4, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́ТКА (ад франц. palette пласцінка, планка),
1) квадратная або інш. сетка ліній вызначаных памераў на празрыстай аснове для вымярэння плошчы ўчасткаў, часцей крывалінейных контураў, на плане і карце, адліку каардынат і інш. 2) Тонкая каменная плітка з рэльефнымі адлюстраваннямі, характэрная пераважна для мастацтва Стараж. Егіпта.
т. 11, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)