КЭ́РАЛ (Carroll) Льюіс [сапр. Доджсан

(Dodgson) Чарлз Латуідж; 27.1.1832, Дэрсберы, каля г. Уорынгтан, Вялікабрытанія — 14.1.1898], англійскі пісьменнік, матэматык. Скончыў каледж у Оксфардзе. У 1855—81 праф. матэматыкі Оксфардскага ун-та. У 1861 прыняў сан дыякана. У 1867 наведаў Расію, напісаў «Рускі дзённік». Найб. вядомы яго казачныя аповесці «Аліса ў краіне цудаў» (1865) і «Праз люстэрка» (1871). У паэтыцы аповесцяў, пабудаваных на снах Алісы, дамінуюць прынцыпы «бяссэнсіцы» і інтэлектуальнай гульні; для іх характэрна спалучэнне гратэску, гумару з літ. алюзіямі і запазычаннямі. Аўтар паэт. кн. «Паляванне буркуна» (1876),

рамана «Сільві і Бруна» (ч. 1—2, 1889—93), зб-каў вершаў, загадак, шматлікіх прац па матэматыцы і логіцы. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну (98 721 ліст).

Тв.:

Рус. пер — Алиса в Стране чудес;

Алиса в Зазеркалье. М., 1991;

Логическая игра. М., 1991.

Літ.:

Демурова Н.М. Льюис Кэрролл. М 1979;

Падни Дж. Льюис Кэрролл и его мир: Пер. с англ. М., 1982.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КЕНС (Dickens) Чарлз

(7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. T. 1—30. М., 1957—63.

Літ.:

Сильман Т. Диккенс: Очерки творчества. Л., 1970;

Уилсон Э. Мир Чарльза Диккенса. М., 1975.

Г.Я.Адамовіч.

Ч.Дзікенс.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАН

(Boston),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Масачусетс. 551,7 тыс. ж.; у агламерацыі (Вялікі Бостан) — 4,17 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт пры ўпадзенні р. Чарлз у зал. Масачусетс Атлантычнага ак. Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал. прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр. У Бостане — праўленні буйных страхавых кампаній, банкаў і прамысл. карпарацый. Прамысловасць: прыладабудаванне, у т. л. вытв-сць кантрольна-вымяральных і навук. прылад, мед. інструментаў, фотатэхнікі (фірма «Паляроід»); радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, мед. апаратуры, электронных кампанентаў), эл.-тэхн., аўтазборачная; вытв-сць прамысл. абсталявання, авіяц. дэталяў і вузлоў, авіяц. і суднавых рухавікоў; суднабудаванне і суднарамонт. Паліграф., гарбарна-абутковая, хім. (пераважна вытв-сць быт. хімікатаў), гумавая, лёгкая, харч. прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Гарвардскі (з 1636). Масачусецкі тэхнал. ін-т. Акадэмія мастацтваў і навук. Марскі акварыум.

Засн. ў 1630 пурытанамі — выхадцамі з Англіі. З 1632 сталіца калоніі Масачусетс, гал. порт і горад Новай Англіі, важны гандл., навук. і культ. асяродак. У 2-й пал. 18 ст. ў Бостане распачалася барацьба супраць каланіяльнай палітыкі Вялікабрытаніі (паўстанне гараджан супраць гербавага збору ў 1765, іх узбр. сутычка з англ. войскамі ў 1770, т.зв. «Бостанскае чаяпіцце» 1773), якая стала пралогам Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Гар. правы з 1822. З 1831 адзін з цэнтраў абаліцыянізму, страціў пазіцыі ў гандлі, але стаў значным асяродкам банкаўскай справы, тут утварыўся саюз капіталістаў-ранцье, т.зв. Бостанская фін. група. У 19—20 ст. адзін з партоў масавага прыбыцця імігрантаў, у т. л. беларусаў.

Мае радыяльную сістэму планіроўкі, шматлікія паркі, паўкальцо бульвараў (з 1898, план Ч.Эліята). Сярод арх. помнікаў калан. перыяду: Дом сходаў (1729—30), Стары дом штата (1713; перабудаваны ў 1748), Фанейль-хол (1742—1805); пабудовы Ч.Булфінча ў стылі класіцызму — Дом штата (Капітолій; 1795—98, перабудовы да 1914), Масачусецкі гал. шпіталь (1818—20) і інш.; гандл. будынак Куінсі-маркет (1825—26, А.Парыс); Публічная б-ка (1888—95, неарэнесанс; размалёўкі П.Пюві дэ Шавана, Дж.С.Сарджэнта і інш.); пабудовы Г.Х.Рычардсана ў духу раманскага дойлідства — царква Трыніты-чэрч (1873—77) і інш. Сучасны адм. цэнтр уключае Новую ратушу (1969), будынкі «Дж.Ф.Кенэдзі», адм. службаў аховы здароўя, прафілактыкі і асветы (1971, П.Рудалф). Пабудаваны новы корпус гар. б-кі (1972, Ф.Джонсан), будынак Блакітнага Крыжа (1960, Рудалф), аэрапорт (1971), сфарміравана Рыначная пл. (1976, Б.Томпсан). Помнік-абеліск у гонар бітвы пры Банкер-Хіле (вып. 67 м, 1843) і інш. Бостанскі музей прыгожых мастацтваў.

т. 3, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ДА,

мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс. км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнай пл. 1582 тыс. км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс. км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).

Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн. г. назад) 2044 каля 12 000 тыс. км², аб’ём лёду 24 млн. км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш. з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр. ч. Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар. геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.

Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.

Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл. Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр. ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр. ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.

Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).

Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі з Міжнар. геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.

Літ.:

Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;

Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.

В.Ю.Панасюк.

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)