ФУРА́НАВЫЯ СМО́ЛЫ,
сінтэтычныя смолы, малекулы якіх змяшчаюць фуранавыя цыклы. Найб. значэнне маюць Ф.с., што атрымліваюць з фурфуролу, фурфурылавага спірту ці іх сумесі.
Вадкія ці цвёрдыя рэчывы ад цёмна-карычневага да чорнага колеру, шчыльн. 1100—1200 кг/м³. Раствараюцца ў ацэтоне. Ацвярджаюцца пры награванні (150—170 °C) ці ў прысутнасці каталізатараў з утварэннем цепла-, кіслота- і шчолачаўстойлівых матэрыялаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімербетонаў, замазак, шклапластыкаў, кляёў, лакаў і інш. Таксічныя.
т. 16, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс абсталявання для атрымання падтрымання ў ахалоджвальных памяшканнях, целах або рэчывах т-р, ніжэйшых за т-ру навакольнага асяроддзя. Складаецца з адной або некалькіх халадзільных машын, сістэм энерга-, цепла- і водазабеспячэння, прылад кіравання і кантролю.
Холад ад Х.у. да спажыўца падаецца звадкаваным або сціснутым холадагентам (непасрэднае ахаладжэнне) ці ахалоджаным цепланосьбітам (ахаладжэнне холаданосьбітам). Звычайна размяшчаюцца ў будынку, дзе і спажыўцы холаду, часам у асобным — халадзільнай станцыі.
С.Я.Дзям’янаў.
т. 16, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НЧЫК Мікалай Мікалаевіч (н. 15.2.1950, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне малекулярнай фізікі і цеплафізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Сын М.Грынчыка. Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па працэсах пераносу ў сітаватых асяроддзях, электралітах і мембранах з улікам фізікі паверхневых з’яў.
Тв.:
Процессы переноса в пористых средах, электролитах и мембранах. Мн., 1991.
т. 5, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ПРАЕКТАВА́ННЯ АБ’Е́КТАЎ КАМУНА́ЛЬНАЙ ГАСПАДА́РКІ (Белкамунпраект) Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 у Мінску. Да 1969 Бел. ін-т праектавання капітальнага рамонту жылых і грамадскіх будынкаў і буд-ва камунальных аб’ектаў. Асн. кірункі работы: распрацоўка комплексных праектаў буд-ва і рэканструкцыі камунальных прадпрыемстваў, вытв. баз рамонтна-буд. арг-цый, аб’ектаў добраўпарадкавання, зялёнага буд-ва, гар. электратранспарту, перапрацоўкі быт. адкідаў, грамадз. абслугоўвання насельніцтва, цепла- і водазабеспячэння, каналізацыі і інш. аб’ектаў гар. гаспадаркі.
т. 2, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ ЦЫКЛ,
комплекс будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенні падземнай часткі забудовы і ўпарадкаванні ўнутрыквартальных інж. сетак.
Да работ Н.ц. адносяцца: зрэзка і вывазка расліннага грунту; вертыкальная планіроўка буд. пляцоўкі; пракладка ўнутрыквартальных сетак водаправода, каналізацыі, газаправода, цепла- і электразабеспячэння, тэлефона; правядзенне ўнутрыквартальных дарог і праездаў; мантаж трансфарматарных падстанцый і знадворнага асвятлення, унутрыквартальных газарэгулятарных станцый і цеплавых пунктаў; капанне катлаванаў і траншэй пад фундаменты; буд-ва фундаментаў, падвалаў і інш. Комплекс работ Н.ц. ажыццяўляюць спецыялізаваныя арг-цыі.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РНЫЯ ХВА́ЛІ,
перыядычныя змены размеркавання т-ры ў асяроддзі, звязаныя з перыяд. ваганнямі шчыльнасці цеплавых патокаў, якія паступаюць у асяроддзе. Моцна затухаюць пры распаўсюджванні ў асяроддзі, для іх характэрна значная дысперсія (гл. Дысперсія хваль). Напр., глыбіня пранікнення ў глебу сутачных ваганняў т-ры прыкладна ў 20 разоў меншая за глыбіню пранікнення сезоннай т-ры. Т.х. выкарыстоўваюцца пры вызначэнні цеплавых характарыстык матэрыялаў (цепла- і тэмператураправоднасці, цеплаёмістасці і інш.), у т. л. пры нізкіх т-рах.
т. 16, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЭ́ЎСКІ Браніслаў Эдуардавіч (н. 17.2.1951, в. Масцішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фіз.-хім. гідрадынамікі. Д-р фіз.матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі (з 1996 заг. сектара). У 1985—90 у БПІ. Навук. працы па фіз.-хім. гідрадынаміцы намагнічвальных вадкадысперсных асяроддзяў, па структурна-тэрмадынамічным пераўтварэнні і з’явах дысіпатыўнай самаарганізацыі ў дысперснай фазе, што склала навук. аснову атрымання кампазіцыйных матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі.
т. 8, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАРАПРЭ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,
сінтэтычныя каўчукі, палімеры хларапрэну агульнай формулы [—CH2C(Cl)—CHCH2—]n.
Маюць светла-жоўты колер, мал. м. 100—200 тыс.; шчыльн. 1200—1240 кг/м³. Характарызуюцца высокай клейкасцю, раствараюцца ў араматычных і хлараваных вуглевадародах. Вулканізуюцца аксідамі металаў (напр., цынку ZnO, магнію MgO). Гумы з Х.к. масла-, бенза-, азона-, цепла-, зносаўстойлівыя, негаручыя. Прамысл. метад сінтэзу Х.к. — эмульсійная полімерызацыя хларапрэну. Выкарыстоўваюць у вытв-сці канвеерных стужак, рамянёў, кляёў, для ізаляцыі правадоў і кабеляў, абкладкі хім. апаратуры. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.
т. 17, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНААЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ, амінасмолы,
тэрмарэактыўныя алігамерныя прадукты полікандэнсацыі амінаў ці амідаў з альдэгідамі. Ператвараюцца ў сеткавыя палімеры. Найб. шырока выкарыстоўваюцца меламінафармальдэгідныя і мачавіна-фармальдэгідныя смолы.
Атрымліваюць у выглядзе водных раствораў ці парашкоў. Ацвярджаюцца пры награванні ці пры пакаёвай т-ры з кіслотнымі каталізатарамі. Зашытыя і мадыфікаваныя смолы — высокатрывалыя, цепла-, вода-, зносаўстойлівыя матэрыялы. Выкарыстоўваюць у вытв-сці драўнінна-стружкавых пліт, амінапластаў, клеяў, пенапластаў, сінт. шпону; мадыфікаваныя — у вытв-сці спец. алкідных лакаў і эмаляў, формаў і стрыжняў для алюмініевага і чыгуннага ліцця, пластыфікатараў бетону.
т. 1, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)