МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),

французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Арсен Аркадзевіч) (7.6.1848, г. Пушкін, Расія — 10.2.1913),

рускі паэт. Граф. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900). Друкаваўся з 1869 (час. «Дело», «Вестник Европы»). Быў блізкі да кампазітараў «магутнай кучкі», асабліва да М.​П.​Мусаргскага, які стварыў 2 вакальныя цыклы на яго вершы: «Без сонца» (1874), «Песні і танцы смерці» (1877). З канца 1870-х г. у яго творчасці з’явіліся матывы асуджанасці, смутку аб разбураных дваранскіх гнёздах (паэма «Старыя размовы», 1879; верш «Спатканне са смерцю»), ідэалізацыя мінулага. Аўтар драм. хронікі «Смута (Васіль Шуйскі)» (1879), трылогіі ў прозе «Далечыня кліча» (1907). На вершы Галянішчава-Кутузава напісалі рамансы С.​В.​Рахманінаў, Ц.​А.​Кюі, А.​С.​Арэнскі.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ (Галіна Ануфрыеўна) (н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1986;

Юныя назаўсёды. Мн., 1983;

Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (30.11.1862, С.-Пецярбург — 1925),

рускі гісторык, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т. З 1880-х г. камісар па сял. справах у Царстве Польскім, потым (да 1900) чыноўнік па асобых даручэннях пры Іркуцкім ген.-губернатару. За ўдзел у акцыі пратэсту супраць разгону дэманстрацыі ў 1901 высланы ў Саратаў. Удзельнічаў у стварэнні партыі кадэтаў, у 1905—08, 1915—17 сакратар яе ЦК. З 1909 праф. Пецярбургскага. політэхн. ін-та, дзе чытаў курс па гісторыі Расіі 19 ст. Аўтар прац па гісторыі рас. грамадскага руху 1830—50-х г., сял. рэформы 1861 і інш., хронікі сям’і Бакуніных.

Тв.:

Курс истории России XIX в. М., 1993.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЛА ((Marlowe) Крыстафер) (6.2.1564, г. Кентэрберы, Вялікабрытанія — 30.5. 1593),

англійскі драматург; заснавальнік жанру «высокай трагедыі» эпохі Адраджэння. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1587). У сваёй творчасці спалучаў гуманіст. погляды і вучонасць з традыцыямі англ. нар. т-ра. Першая трагедыя «Тамерлан Вялікі» (паст. 1587—88) — драматызаваная біяграфія чалавека, надзеленага незвычайнай воляй. У п’есах «Мальтыйскі яўрэй» (паст. каля 1588) і «Трагічная гісторыя доктара Фауста» (паст. 1592) выступіў з сатырай на тагачаснае грамадства. Аўтар гіст. хронікі «Эдуард II» (паст. 1593), паэмы на міфалагічны сюжэт «Геро і Леандр», трагедыі «Парыжская разня» (абедзве не закончаны). Узбагаціў мову трагедыі інтанацыямі, вобразнасцю і фразеалогіяй лірычнай паэзіі.

Тв.:

Рус. пер.Соч. М., 1961.

Літ.:

Парфенов А.Т. Кристофер Марло. М., 1964.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫСЛІВЕ́Ц (Валянцін Цімафеевіч) (9.5. 1937, в. Хазянінкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1993),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на з-дзе ў Мінску (1959—64). З 1967 на Бел. радыё і тэлебачанні, у час. «Полымя», Бел. фондзе культуры і інш. Друкаваўся з 1962. Аўтар дакумент. аповесцей, нарысаў, апавяданняў: зб-кі «Дубы не маўчаць» (1967), «Мае заводчыкі» (1969), «Гарачая сталь» (1971), «Крылаты канвеер» (1975), «Партрэты знаёмых» (1976), «Скрыль мёду» (1984), «Каханне на золку» (1986), «Выгнанне грэшнікаў» (1990) і інш., у якіх узнімае праблемы развіцця горада і вёскі, тэму экалогіі асэнсоўвае як комплекс вытворчых і маральна-этычных праблем па захаванні і ўзбагачэнні нац. духоўнай спадчыны.

Тв.:

Мужанцы: З хронікі сорак пятага года. Мн., 1982.

В.Ц.Мыслівец.

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІСЫ,

гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант. гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл. Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж. рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.

Літ.:

Вайнштейн О.Л. Западноевропейская средневековая историография. М.; Л., 1964;

Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII в. М., 1969;

Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік гістарыяграфіі, мовы і культуры Стараж. Русі. Уваходзіць у склад Іпацьеўскага летапісу канца 13 ст. Складзены ў Галіцка-Валынскім княстве, ахоплівае падзеі за 1201—92. Паводле літаратурнай структуры і зместу — звод, у якім вылучаюцца 2 асн. часткі: Галіцкі і Валынскі летапісы. 1-я частка нагадвае гіст. аповесць, мае выразна свецкі характар, вызначаецца цэльнасцю, жывасцю і дэталёвасцю выкладання. У цэнтры яе ўвагі — князь Даніла Галіцкі, які пададзены ярка, панегірычна, у духу рыцарскіх ідэалаў. 2-я частка прысвечана пераважна гісторыі Валынскай зямлі 2-й пал. 13 ст., яна больш сціслая, фрагментарная, адметная рэлігійнай афарбоўкай падзей. У Галіцка-Валынскім летапісе шырока паказана грамадска-паліт. і культ. жыццё Галіцка-Валынскага княства 13 ст., яго міжнар. сувязі, гераічная барацьба супраць мангола-татарскага нашэсця, польск. і літ. князёў. Летапіс — каштоўная крыніца звестак па гісторыі Беларусі. Змяшчае унікальныя звесткі пра Новагародак (Навагрудак), Бярэсце (Брэст) і інш. гарады, асобныя помнікі бел. культуры (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра, буд-ва Камянецкай вежы), пра жыццё і дзейнасць вял. князёў ВКЛ Міндоўга, Войшалка, Трайдзеня, звесткі пра якіх, як мяркуюць некат. даследчыкі, запазычаны з Новагародскага летапісу. Галіцка-Валынскі летапіс — адзіны помнік, у якім даволі шырока асветлены пачатковы этап паліт. аб’яднання бел.-літ. зямель у адзіную дзяржаву, працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пункту погляду інтарэсаў Галіцка-Валынскіх князёў, месцамі тэндэнцыйна, але звесткі ў цэлым адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Летапіс быў шырока вядомы на бел. землях, паслужыў крыніцай і ўзорам для літ.-бел. хронік 16 ст.Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца»).

Літ.:

Генсьорський А.І. Галицько-Волинський літопис: (Процес складання;

редакції і редактори). Київ, 1958;

Яго ж. Галицько-Волинський літопис: (Лексичні, фразеологічні та стилістичні особливості). Київ, 1961.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ АКРАПАЛІ́Т (Georgios Akropolitēs; 1217, г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — пасля 1282),

візантыйскі дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. З 1246 узначальваў адм. кіраванне Нікейскай імперыі. У 1240—50-я г. ў якасці дарадчыка і намесніка імператара ўдзельнічаў у войнах супраць Балгарыі і Эмірскага царства. Пасля 1261 на пасадах пры канстанцінопальскім двары. На 2-м Ліёнскім саборы 1274 па даручэнні імператара Міхаіла VIII Палеалога падпісаў унію паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі (не была ажыццёўлена). Аўтар «Хронікі» (ахоплівае падзеі знешнепаліт. і дыпламат. гісторыі Нікейскай імперыі ў 1203—61), шматлікіх прамоў, пахвальных слоў, лістоў, вершаў, рытарычных і тэалаг. твораў.

Літ.:

Жаворонков П.И. Некоторые аспекты мировоззрения Георгия Акрополита // Византийский временник. 1986. Т. 47;

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)