ЛАПА́ЦІНА (Таццяна Карнееўна) (15.8.1891, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 22.3.1980),
бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар-аматар. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Працавала ў калгасе, загадвала сельскай б-кай, навучала спевам у сярэдняй школе на радзіме. На аснове сямейнага гурту Лапаціных арганізавала і ў 1936—54 узначальвала Азершчынскі нар. хор — адзін з лепшых бел.самадз. калектываў. Пры яе ўдзеле ў хоры створаны найб. папулярныя песні «Наша сяло», «Кучаравая вішня», «Дождж ідзе», «Падзяка». «Прыязджайце да нас у калгас», «Дняпро», «За Азершчынай палі залатыя», а таксама песня Л. «Марфута».
Літ.:
Есакоў А., Смольскі Б. Калгасны хор сяла Азершчына Мн., 1953;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор св. Сафіі,
помнік стараж.-рус. дойлідства ў г.Ноўгарад. Пабудаваны ў 1045—50 кіеўскімі майстрамі ў дзядзінцы (крамлі) з каменю (скляпенні і аркі з цэглы-плінфы) на ўзор Кіеўскага Сафійскага сабора (толькі меншых памераў). Быў кафедральным саборам. Храм крыжова-купальны 5-нефавы 5-купальны 3-апсідны, абкружаны з трох бакоў напачатку 1-яруснымі, пазней — высокімі закрытымі 2-яруснымі галерэямі. З зах. боку ў галерэю ўбудавана масіўная вежа з лесвіцай, што вядзе на хоры. Сабор вылучаецца суровай магутнасцю і прастатой форм, сціпласцю дэкору. Захаваліся фрагменты фрэсак (2-я пал. 11 ст., 1108, 1144), зах. бронзавыя, т.зв. Карсунскія вароты (1152—56), абразы сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сабор часткова пашкоджаны ў 1941—44, рэканструяваны. Цяпер музей і адначасова дзеючы храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ВАЎ ПРАСВЯТО́Й БАГАРО́ДЗІЦЫ НА НЕ́РЛІ ЦАРКВА́ помнік архітэктуры 12 ст. каля г.п. Багалюбава Уладзімірскай вобл.
(Расія),
у пойме р. Нерль. Належыць да Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства. Пабудавана ў 1165 кн. Андрэем Багалюбскім у памяць пра памерлага сына. 1-купальны 4-стаўповы крыжова-купальнага тыпу храм вылучаецца выключнай гармоніяй крыху выцягнутых па вертыкалі прапорцый, вытанчанасцю пластычнай апрацоўкі (ступеньчатыя лапаткі, перспектыўныя парталы, каменныя рэльефы). Фасады расчлянёны складанымі пучковымі пілястрамі з тонкімі паўкалонкамі. У верхняй іх частцы — разныя выявы цара Давіда, жаночых галоў, ільвоў, грыфонаў. Па верхняй частцы барабана праходзіць дэкар. пояс (арачкі, выкружкі, парэбрык, трохвугольнікі). Цыбулепадобны купал устаноўлены замест першапачатковага шлемападобнага. Да 1672 мелася вежа з ходам на хоры. Помнік значна скажоны ў час рамонту 1877 (знішчаны галерэі, што прымыкалі да яго з трох бакоў, фрэскі). Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Віктар Сяргеевіч) (н. 10.12.1934, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія),
расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Расіі (1983). Нар.арт.СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958). З 1970 дырэктар Маскоўскага хар. вучылішча (з 1991 Акадэмія хар. мастацтва імя А.В.Свешнікава; з 1992 рэктар, з 1996 маст. кіраўнік). Заснавальнік, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. дзіцячага хору Усерас. тэлерадыёкампаніі (з 1970), мужчынскага хору (з 1989), адначасова кіраўнік хору хлопчыкаў (з 1970) Акадэміі хар. мастацтва. У 1960—75 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных, у 1980—93 у Маскоўскай кансерваторыі (з 1990 праф.). У выкананні хароў пад яго кіраўніцтвам запісаны больш за 2 тыс. твораў на радыё, шэраг тэлепраграм, выпушчаны грампласцінкі, аўдыёкасеты і кампакт-дыскі. Аўтар больш як 200 хар. апрацовак, кн. «Руская народная песня ў дзіцячым хоры» (1985), падручнікаў і хрэстаматый для навуч. устаноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор святой Сафіі,
помнік стараж.-рус. архітэктуры ў Кіеве; гал. культавы і грамадскі будынак Кіеўскай Русі, гал. храм кіеўскіх мітрапалітаў. Закладзены ў 1037. Пабудаваны з плінфы. Вялікі (37 × 55 м, выш. 29 м) 13-купальны 5-нефавы храм. З трох бакоў абкружаны 2-яруснымі галерэямі. У галерэі з З убудаваны 2 вежы (11—12 ст.), лесвіцы якіх вядуць на хоры. Першапачаткова меў пірамідальную кампазіцыю. У 1699—1707 перабудаваны ў формах укр. барока. Звонку аздоблены ўзорыстай муроўкай з цэглы і каменю. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны мазаікамі (260 м²), тэматычным і арнаментальным фрэскавым жывапісам 11 ст. (каля 3 тыс.м²; у т. л. групавы партрэт сям’і Яраслава Мудрага). У храме была велікакняжацкая пахавальня (захаваўся саркафаг Яраслава Мудрага). З 1934 музей-запаведнік, які ўключае таксама ансамбль будынкаў 17—18 ст. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Кіеўскі Сафійскі сабор.Інтэр’ер Кіеўскага Сафійскага сабора. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1586—1758 пры Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Найб. вядома яго дзейнасць у 18 ст. У 1750-я г. т-рам кіраваў Ю.Катэнбрынг. На лац. і польск. мовах ставіліся п’есы, якія звычайна змяшчалі пралог, асн. сюжэт (да 3 актаў), хоры, інтэрлюдыі, балеты і эпілог. Сярод пастановак панегірык «Відовішчы свету» (1723), драмы «Дух бураў, які выкліканы з віннага склепа сярод пенных чашаў лютасцю тырана» (1730), «Залатая свабода без свабоднай улады царства мудрых» (1732), «Шчаслівыя выгнаннікі Эрэзій і Фруменцый» (1748), трагедыі «Смерць Менсея — вакханалія» (1737), «Сіроэс» (1758) і трагедыя-балет «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1755, абедзве Катэнбрынга), камедыя «Дзікі амерыканец, альбо Прастата, якая кіруецца светам прыроджанага розуму» (1758) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларуская тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),
жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a2(b2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся («Алеся» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.Данілюк, Р.Асіпенка, Г.Цэпава, В.Валчанецкая, Л.Галушкіна, К.Кудрашова, П.Дружына, Н.Галеева, Н.Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЙ БО́ЖАЙ МА́ЦІ САБО́РНотр-Дам дэ Пары
(Notre-Dame de Paris),
помнік ранняй франц. готыкі ў Парыжы. Пабудаваны ў 1163—1257 на в-ве Сітэ. 5-нефавая базіліка (даўж. 130 м, шыр. 108 м, выш. інтэр’ера 35 м) з кароткім трансептам, хорам з двайным абыходам і вянком капэл, 2 вежамі (выш. 69 м), што фланкіруюць зах. фасад. Для архітэктуры сабора характэрна спалучэнне рыс раманскага стылю (гарыз. чляненні фасадаў, часткова неапрацаваныя паверхні сцен, прастата арх. дэкору) з новым, гатычным разуменнем прасторы будынка і выкарыстаннем новых канструкцый (стральчатая арка, аркбутаны). Фрагментарна захаваліся вітражы (ружы зах., паўд. і паўн. фасадаў, 13 ст.) і скульптура (на фасадах, каля 1165—1225; у хоры, 13—14 ст.). Інтэр’ер і фасады перабудаваны ў 17—18 ст. Сабор значна падноўлены рэстаўрацыяй 19 ст. (арх. Ж.Б.Ласю, Э.Э.Віяле-ле-Дзюк). На ўзор П.Б.М.с. пабудавана многа храмаў у Францыі і інш. краінах. Іл.гл. да арт.Готыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ СПАСА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Мінскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядома як касцёл св. Міхаіла-архангела, з 1840 Спаса-Праабражэнская царква. Размешчана на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з 4 землянымі бастыёнамі па вуглах (гарадзішча «Вал»). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане храм пад высокім 2-схільным дахам; да яго прыбудавана 35-метровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутр. парталы, гарыз. і верт. чляненні франтона і інш. надаюць невял. будынку манументальнасць. Сцены знадворку дэкарыраваны пілястрамі і руставанымі вугламі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой 2-часткавая крыпта (пахавальня) з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудоўваўся ў 1678 і 1865, рэстаўрыраваны ў 1968—72. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. У 1978—90 у будынку царквы размяшчаўся Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Храм перададзены праваслаўнай абшчыне.