ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),

умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.

Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.​В.​Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.​П.​Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.​Безміна, І.​Максімава, С.​Ушакова, М.​Чаглокава і інш.

У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.

Да арт. Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁННІК,

штодзённыя або перыядычныя запісы (звычайна датаваныя), якія адлюстроўваюць падзеі жыцця аўтара на фоне рэчаіснасці; літаратурна-бытавы жанр. Запісы часта вызначаюцца па гарачых слядах падзей. Дз. найчасцей пішацца для сябе і не разлічаны на публічнае прачытанне (за выключэннем літ. Дз.).

З’яўляюцца своеасаблівымі гісторыка-культ. дакументамі (Дз. мараплаўца Дж.​Кука, ліцэйскі Дз. дзекабрыста В.​К.​Кюхельбекера, публіцыста АС.​Суворына, пісьменнікаў В.​Скота, Стэндаля, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, А.​Чэхава і інш.). Пэўнымі дзённікавымі асаблівасцямі вызначаюцца некаторыя творы стараж. бел. л-ры: «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.), дыярыушы А.​Філіповіча, С. і Б.​Маскевічаў, якія грунтаваліся на папярэдніх дзённікавых запісах. Элементы Дз. часта маюць падарожныя запісы і лісты, што тлумачыцца іх хранікальнасцю: мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914). Пісьменніцкія Дз., нават калі не становяцца літ. творамі, маюць літ.-гіст. значэнне і з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для даследавання жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, вытокаў і псіхалогіі яго творчасці (дзённікавыя запісы 1902—03, «На схіле дзён», 1945—51, Я.​Коласа; «Лісткі календара», 1932—39, М.​Танка; ваен. Дз. 1941—43 І.​Мележа і інш.). Часта Дз. выступае як жанравая разнавіднасць дакумент. і маст. прозы, можа быць блізкі да твораў аўтабіяграфічнага жанру.

В.​І.​Атрашкевіч.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст.Гарадзецкае княства),

феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял. кн. літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял. кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял. кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял. кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІЯ,

княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:

Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл. Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял. кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.

В.​Л.​Насевіч.

Герб «Глінскія».

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г.Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пн ад г. Іванава, 161 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 4413 ж., 1247 двароў (1999). Спажывецкае т-ва, камбінат каап. прам-сці, кааператыў «Моталь». 2 сярэднія школы, навуч.-вытв. камбінат, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Мотальскі музей народнай творчасці, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Традыцыйны цэнтр вырабу мотальскіх ручнікоў і мотальскіх кажухоў. Брацкая Магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1888). Каля вёскі група археал. помнікаў Моталь.

Упершыню ўпамінаецца пад 1422 у актах Літоўскай метрыкі як прыватнае ўладанне. Пазней уваходзіла ў Пінскае княства. У 1520 сяло пінскага кн. Фёдара Іванавіча Яраславіча, пасля смерці якога перайшло да караля польскага і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога. У сярэдзіне 16 ст. мястэчка. Паводле рэвізіі 1555 М. аднесены да гарадоў з самакіраваннем, г.зн. меў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886—2294 ж., 239 двароў, 2 царквы, капліца, яўр. малітоўны дом, школа, 13 крам, 7 корчмаў, праводзіўся кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, у Драгічынскім пав. Палескага ваяв. Дзейнічалі мясц. арг-цыі БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. З 1939 у БССР, з 12.19.1940 гар. пасёлак у Іванаўскім раёне. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў М. каля 2 тыс. ж., спалілі каля 400 двароў. У М. дзейнічала Мотальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета. У 1962—65 у Драгічынскім р-не.

Літ.:

Стасевіч П.С. Вёска над Ясельдай. Мн., 1991.

П.​С.​Стасевіч.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з найб. значных школ стараж.-рус. дойлідства 12—15 ст. Склалася ў г. Ноўгарад і яго ўладаннях у феад. перыяд. Самыя раннія яе помнікі (Наўгародскі Сафійскі сабор, 1045—50; Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра, 1119) па тэхніцы ўзвядзення і кампазіцыі набліжаліся да кіеўскіх храмаў з уласцівымі ім манум. прастатой і кампактнасцю аб’ёмаў. З сярэдзіны 12 ст. будавалі пераважна невял. 4-стаўповыя храмы, якія служылі прыходскай царквой вуліцы або дамавой заможнага баярына. На іх хорах звычайна размяшчалі маленькія прыдзелы, прысвечаныя патрону заказчыка. У якасці буд. матэрыялаў выкарыстоўвалі вапняковыя пліты з цаглянымі праслойкамі, якія звонку заставаліся незацертымі. Гэта абмяжоўвала разнастайнасць дэкар. аздаблення пабудоў. Да помнікаў гэтага перыяду належаць цэрквы Георгіеўская і Успенская ў Старой Ладазе (2-я пал. 12 ст.), Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе (1198) і інш. З канца 13 ст. дойліды імкнуліся ўзмацніць выразнасць арх. кампазіцыі (цэрквы Міколы на Ліпне, 1292; Успення на Волатавым полі, 1352). У 14—15 ст. склаўся класічны тып багата дэкарыраванага наўгародскага храма. У ліку дэкар. элементаў пераважалі лапаткі, шматлопасцевыя абрысы асн. аб’ёмаў, разнастайныя нішы, броўкі, паўвалікі, дэкар. крыжы і інш. (цэрквы Фёдара Страцілата на Ручаі, 1360—61; Спаса на Ільіне вуліцы ў Ноўгарадзе, 1374; Пятра і Паўла ў Кажэўніках, 1406). З 2-й пал. 15 ст. ў архітэктуры Н.ш.д. праявіліся кансерватыўныя тэндэнцыі, звязаныя з адмаўленнем наўгародскіх баяр уключэння Ноўгарада ў Рус. цэнтралізаваную дзяржаву. З канца 15 ст. школа страціла сваю адметнасць і развівалася ў агульным рэчышчы рус. культуры.

Літ.:

История русского искусства. Т. 1. 2 изд. М., 1979;

Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Наўгародская школа дойлідства. Царква са на Ільіне вуліцы. 14 ст.

т. 11, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),

ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн.кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс. чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс. чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт. Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.​Рымша, Г.​Пельгрымоўскі, С.​Рысінскі, А.​Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧЫ,

род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл. Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн. Ігарсканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княства Рус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута» пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.

Літ.:

Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;

Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;

Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;

Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.

С.​В.​Пазняк.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,

гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас. р. Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас. р. Днестр (тэр. б. ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн. ч. Адэскай і паўд. ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял. кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах. ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх. ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.​Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах. ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах. ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)