КАМБІКАРМЫ́,

сухія камбінаваныя кармавыя сумесі (сыпучыя або ў гранулах, брыкетах), збалансаваныя паводле саставу пажыўных рэчываў. На іх прыгатаванне выкарыстоўваюць разнастайную сыравіну расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і мінер. паходжання. Вырабляюць К.: поўнарацыённыя, якія маюць усе неабходныя для жывёл пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы ў патрэбнай колькасці і суадносінах (скормліваюць іх без дабавак інш. кармоў); К.-канцэнтраты для кампенсацыі недахопу ў рацыёнах асн. пажыўных рэчываў (скормліваюць жывёлам у дадатак да грубых, сакаўных і інш. кармоў асн. рацыёну); збалансаваныя кармавыя дабаўкі — бялкова-вітамінныя, бялкова-вітамінна-мінер., а таксама прэміксы. К. вырабляюць на камбікормавых з-дах і ў кармацэхах жывёлагадоўчых комплексаў і ферм.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЎПТМАН (Hauptman) Херберт Аарон (н. 14.2.1917, Нью-Йорк),

амерыканскі матэматык і крышталяфізік. Чл. Нац. АН ЗША (1988). Скончыў Калумбійскі ун-т (1939). З 1947 у розных установах ЗША, адначасова з 1970 на выкладчыцкай рабоце. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, распрацоўцы матэм. метадаў вызначэння структуры складаных арган. макрамалекул. Распрацаваў прамыя (статыст.) метады хуткага вызначэння прасторавай структуры малекул крышталёў гармонаў, антыбіётыкаў, вітамінаў (1949). Нобелеўская прэмія 1985 (з Дж Карле; гл. Дадатак).

Тв.:

Crystal structure determination: The role of the cosine semi-invariants. New York. 1972;

The direct methods of X-ray crystallography // Science. 1986. Vol. 233, № 4760.

М.​М.​Касцюковіч.

Х.А.Хаўптман.

т. 16, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁРС (Nurse) Пол (н. 25.1.1949),

англійскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1989). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1995). Праф. філасофіі (1973). Скончыў Бірмінгемскі ун-т (1970). З 1996 генеральны дырэктар Фонду па даследаванні раку (Лондан). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Ідэнтыфікаваў, кланіраваў і ахарактарызаваў генет. і малекулярнымі метадамі адзін з ключавых рэгулятараў клетачнага цыкла — фермент цыклінзалежную кіназу. Выявіў, што механізм кіравання клетачным цыклам амаль не змяніўся ў працэсе эвалюцыі і дайшоў у «закансерваваным» выглядзе ад дражджавых клетак да чалавека. Нобелеўская прэмія 2001 (з Т.Хантам і Л.Хартвелам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

П.Нёрс.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.​Гурло (псеўд. Л.​Эхо), Х.​Чарнышэвіч (псеўд. Н.​Буржэнін), Дз.​Чарнушэвіч (псеўд. Ф.​Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.​М.​Клачко.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ»,

штодзённая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1917 на рус. мове, з 1918 у Маскве. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі.

Першы нумар выдадзены 28.2(13.3). 1917 у Петраградзе пад назваю «Известия Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 1(14).8.1917 наз. «Известия Центрального Исполнительного комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 12.3.1918 выдаецца ў Маскве пад назваю «Известия Всероссийского Центрального Исполнительного комитета Советов крестьянских, рабочих, солдатских и казачьих депутатов», з 26.1.1938 — «Известия Советов депутатов трудящихся СССР», з 8.10.1977 — «Известия Советов народных депутатов СССР». З 1985 — сучасная назва. Штотыднёвы дадатак «Неделя» (1960—1-я пал. 1995 і з 1997).

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́БІЧ-ЗАБАЛКА́НСКІ Іван Іванавіч (Іаган Карл Фрыдрых Антон; 13.5.1785, Гросляйпэ, Сілезія, цяпер Вроцлаўскае ваяв., Польшча — 10.6.1831),

генералфельдмаршал рас. арміі (1829). З сям’і прускага афіцэра Дзібіча, які ў 1798 перайшоў на службу ў рас. армію. Вучыўся ў Берлінскім кадэцкім корпусе, у 1801 пераведзены на службу ў Расію. Удзельнік вайны з Францыяй у 1805—07, замежных паходаў рас. арміі ў 1812—13. У 1823—24 нач. Гал. штаба. Кіраваў арыштамі дзекабрыстаў у 2-й арміі. У час руска-турэцкай вайны 1828—29 кіраваў ваен. дзеяннямі на Балканах, за што атрымаў дадатак да прозвішча — Забалканскі. Выступаў супраць нац.-вызв. вайны на Балканах. Са снеж. 1830 галоўнакамандуючы войскамі супраць паўстання 1830—31.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1860,

дагаворы, навязаныя Кітаю ў выніку яго паражэння ў англа-франка-кітайскай вайне 1856—60 і падпісаныя ў Пекіне. 1) Англа-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 24 кастр. У дадатак да Цяньцзіньскіх дагавораў 1858 Кітай абавязваўся выплаціць Вялікабрытаніі 8 млн. лян кантрыбуцыі, адкрыць для яе гандлю г. Цяньцзінь, даць брыт. падданым права вербаваць кітайцаў для працы па-за межамі краіны, уступіць Вялікабрытаніі ч. п-ва Цзюлун (Каўлун).

2) Франка-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 25 кастр. Паводле яе Францыя атрымала тыя ж правы ў Кітаі і такую ж кантрыбуцыю, што і Вялікабрытанія; франц. місіянеры атрымалі права набываць зямлю для сваіх місій ва ўсіх правінцыях Кітая.

т. 12, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЁРЫ Рыёдзі (н. 3.9.1938, г. Кобе, Японія),

японскі хімік. Чл. Японскай акадэміі (2002), замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (2001), Рас. АН (2003). Скончыў ун-т г. Кіёта (1967). З 1968 ва ун-це г. Нагоя (з 1972 праф.; з 2000 дырэктар н.-д. цэнтра матэрыялазнаўства). У 2001—02 прэзідэнт Яп. хім. т-ва. Навук. працы па арган. хіміі. Распрацаваў аптычна актыўныя каталізатары для ажыццяўлення хіральна каталізавальных рэакцый асім. гідрыравання (1980), што дазволіла рэалізаваць прамысл. сінтэз энантыямераў хім. злучэнняў і лекавых прэпаратаў з амаль 100%-ным выхадам канчатковых прадуктаў. Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Б.Шарплесам, У.С.Ноўлзам; гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,

прыватная газета. Выдавалася штодзённа з 21.1(3.2).1916 да 12.7.1919 у Віцебску на рус. мове. Да Кастр. рэвалюцыі прытрымлівалася памяркоўна-ліберальнага кірунку, вяла палеміку з чарнасоценнымі арг-цыямі. Друкавала інфармацыю пра ваен. дзеянні на франтах 1-й сусв. вайны, пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, эканам. стан Віцебскай губ., пра сац.-эканам. і бытавыя праблемы горада. Вітала Лют. рэв. 1917, падтрымлівала Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Часовы ўрад Расіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі падтрымлівала дзейнасць органаў сав. улады. Выступала супраць абвяшчэння БНР, вітала абвяшчэнне БССР. Асвятляла тэатр., муз. і літ. жыццё горада, рэкламавала кінематограф, эстраду, аперэту. У 1917 друкавала дадатак «Вечерний бюллетень», у 1918—19 — гумарыстычную старонку «Витебский писк».

У.​М.​Конан.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ФІНА́НСАВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т імя В.​П.​Кавалёва.

Засн. ў 1993 у г. Магілёў В.П.Кавалёвым (гл. Дадатак) як недзярж. фінансава-эканам. ін-т. З 2001 сучасная назва. У 2003/04 навуч. г. адзін фінансава-эканам. ф-т; спецыяльнасці: камерцыйная дзейнасць (спецыялізацыя «Камерцыйная дзейнасць на рынку тавараў народнага спажывання»); фінансы і крэдыт (спецыялізацыя «Фінансы»); эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве (спецыялізацыя «Дзелавое адміністраванне»). Навучанне дзённае і завочнае, на камерцыйнай аснове. У ін-це 1146 студэнтаў, з іх 267 на дзённым аддзяленні. Навуч.-выхаваўчы працэс забяспечвае 71 выкладчык, у т. л. 37 д-роў і канд. навук. Мае камп’ютэрную залу, музей, б-ку. Штогод праводзяцца рэгіянальныя навук.-практ. канферэнцыі (Кавалёўскія чытанні).

т. 18, кн. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)