літаратурна-мастацкае аб’яднанне ў Маскве ў 1922—29. Уваходзілі паэты У.Маякоўскі (кіраўнік), М.Асееў, В.Каменскі, С.Кірсанаў, П.Нязнамаў, Б.Пастарнак (да 1927) і інш., мастакі А.Родчанка, В.Сцяпанава і інш., крытыкі і тэарэтыкі мастацтва Б.Арватаў, В.Брык, В.Шклоўскі і інш. Блізкімі да ЛЕФа былі дзеячы кіно С.Эйзенштэйн, Дз.Вертаў, Э.Шуб і інш. Арыентаваўся на сац.-дзейснае, «жыццебудаўнічае» мастацтва, максімальна набліжанае да рацыянальна арганізаванай духоўнай «вытворчасці» і урбаністычнай культуры. Працягваў асобныя авангардысцкія тэндэнцыі футурызму. Абсалютызаваў вытв.-пераўтваральныя (утылітарныя) і арганізац.-ідэалаг. функцыі мастацтва, недаацэньваў або зусім ігнараваў яго пазнаваўчыя і духоўна-эстэт. аспекты.
Арыентаваўся на аднабакова зразумелы «сацыяльны заказ», абсалютызаваў дакументалізм (т. зв.л-ра факта), вытв. і прапагандысцкі утылітарызм, не прымаў маст. выдумку, недаацэньваў або цалкам адмаўляў традыц. віды і жанры. Выдаваў час. «ЛЕФ» (1923—25, рэд. Маякоўскі) і «Новый ЛЕФ» (1927—28, рэд. Маякоўскі, са жн. 1928 С.Траццякоў). У 1928 Маякоўскі выйшаў з аб’яднання; у 1929 па яго ініцыятыве ЛЕФ пераўтвораны ў РЭФ (Рэв. фронт мастацтваў).
На Беларусі ў пач. 1920-х г. ідэі, блізкія да лефаўскіх, абгрунтоўвалі «Сцвярджальнікі новага мастацтва», асобныя публіцысты Пралеткульта. Пазней некаторыя ідэі ЛЕФа ў прынцыпова інш. пераасэнсаванні ўвайшлі ў праграму «Маладняка» (штучная апазіцыя «маладнякізму» творчасці старэйшых пісьменнікаў, канцэпцыя «вітаізму» — л-ры, накіраванай на «ажыўленне» рабоча-сялянскай Беларусі і макс. набліжэнне л-ры да жыцця) і «Узвышша», асабліва ў поглядзе на л-ру як на «жыццебудаўніцтва» і «аквітызм» (ад лац. aqua vita вада жыцця), што сімвалізавала пранікненне творча-маст. пачатку ў нар. быццё. У літ. практыцы большасць маладнякоўцаў і «Узвышша» выступалі супраць футурызму і ЛЕФа, арыентаваліся на фальклор і традыц.муз.-песенную паэзію, а не на урбаністычныя матывы і дакументалізм. Разнавіднасцю ЛЕФа на бел.літ. ніве стала «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Большасць маладых паэтаў гэтага аб’яднання [П.Броўка, Я.Відук (Я.Скрыган), Я.Сукала, А.Вясёлы, Ю.Лявонны, У.Прыбыткоўскі, І.Чырвань і інш.] абмежаваліся вонкавым спалучэннем паэтыкі Маякоўскага з традыц. матывамі бел. паэзіі. Яго кіраўнікі (П.Шукайла, М.Бухаркін) з вульгарна-сацыялагічных пазіцый ацэньвалі творчасць С.Ясеніна, Маякоўскага, У.Жылкі, А.Вольнага, У.Дубоўкі, Я.Пушчы.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг Мн., 1975;
Перцов В. Маяковский: Жизнь и творчество. Т. 2. 3 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЛІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўночна-заходняя частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша на З Ушацкага р-на Віцебскай вобл. Мяжуе на ПнЗ, Пн і У з Полацкай, на З з Верхнебярэзінскай нізінамі. Выш. 170—220 м, найб. 239 м. Антрапагенавыя адклады (магутнасць каля 100 м) складзены з утварэнняў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны паазерскім ледавіком. Зах. схіл спадзіста спускаецца да Верхнебярэзінскай нізіны, усх. строма абрываецца да даліны р. Ушача. Ледавікова-акумуляцыйны сярэднеўзгорыста-градавы рэльеф найб. выразны на Уузвышша. Марэнныя ўзгоркі (выш. да 10—15 м) выцягнуты ў выглядзе грады з Пн на Пд. Буйнаўзгорысты марэнны рэльеф (з адноснай выш. больш за 25 м) на Пн, у месцах глыбокага расчлянення паверхні лагчыннымі азёрамі. Зах.ч. ўзвышша дробнаўзгорыстая, месцамі платопадобная (адносныя вышыні да 5—7 м). Часта трапляюцца камы. Паўд.ч. ўзвышша дрэніруецца р. Ушача, паўн. — яе прытокам Альзініца. Азёры Лагі і Мурагі на Пд, Вял. Уклейна, Гародна і інш. на Пн. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя глебы на водна-ледавіковых і марэнных супесках. Хваёвыя і яловыя паўд.-таежныя хмызнякова-зеленамошныя, а таксама шэраальховыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Б.ч. ўзвышша разарана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МРЫЙ А. (сапр.Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1893, в. Палуж Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.10.1943),
бел. пісьменнік. Брат В.Шашалевіча. Скончыў духоўную семінарыю. З 1918 служыў у Чырв. Арміі, з 1921 настаўнічаў у Краснаполлі, з 1926 інспектар Цэнтр. бюро краязнаўства, стыльрэдактар у газ. «Звязда». У 1934 рэпрэсіраваны. У 1937 і 1940 зноў арыштаваны. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абл. Рэабілітаваны ў 1961. Друкаваўся з 1924. Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). Мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства развенчвае ў сатыр. рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (1929, поўнасцю апубл. 1988, тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990). Для твораў М. характэрны натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў. Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены.
Тв.:
Творы. Мн., 1993.
Літ.:
Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатыр. прозы // Чыгрын І. Крокі: проза «Узвышша». Мн., 1989;
Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.
Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.
Літ.:
Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТАД МАСТА́ЦКІ,
гістарычна абумоўлены спосаб адлюстравання рэчаіснасці ў мастацтве; тып маст. мыслення, сукупнасць прынцыпаў адбору, ідэйна-эстэт. ацэнкі і абагульнення жыццёвых з’яў з пазіцый грамадскіх ідэалаў. Суадносіцца з маст. светапоглядам, кірункам і стылем, з’яўляецца адносна іх больш шырокім сінтэзуючым паняццем. Тэрмін «М.м.» ўзнік у сав.літ. крытыцы 1920 — пач. 1930-х г., але само паняцце пад інш. назвамі распрацоўвалася даўно [тэорыя мімезісу ў ант. паэтыцы, тры адзінствы ў класіцызме, палярызацыя ідэалу і рэальнасці ў рамантызме, маст. тыпізацыя ў рэалізме, прынцып non finite (незакончанасць) у мадэрнізме]. Гісторыі маст. культуры вядомы нарматыўныя і свабодныя М.м.: першыя арыентуюць творчасць на традыц. каноны, узоры, адзінства стылю пры разнастайнасці жанраў (ант. рэалізм, сярэдневяковае царк. мастацтва, класіцызм); другія дапускаюць разнастайнасць стыляў і светапоглядных арыентацый (рэнесансавы і крытычны рэалізм, рамантызм, мадэрнізм). У гіст. развіцці маст. культуры Беларусі выявіліся М.м. і кірункі, вядомыя агульнаеўрап. мастацтву: кананічныя жанры л-ры, жывапісу, архітэктуры сярэдневякоўя, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм у л-ры, класіцызм і барока ў архітэктуры і тэатры, рамантызм і крытычны рэалізм у нац.-адраджэнскай л-ры 19 — пач. 20 ст. У рамках нац. адраджэнскага руху ўзнік спецыфічна беларускі М.м. — адраджанізм (гл.Адраджэнне нацыянальнае), пазней маладнякізм (гл.«Маладняк») і аквітызм (гл.«Узвышша») як нац.-маст. альтэрнатыва сацыяліст. рэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ВЕ́РХНІ ЗА́МАК.
На правым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Умацаваны цэнтр Полацка 11—17 ст. Займаў узвышшапл. 9,44 га. Быў абкружаны валам з У, па краі пляцоўкі стаялі драўляныя сцены — гародні з вежамі. Схілы пляцоўкі неаднаразова ўмацоўваліся — «тамаваліся» (паводле археал. звестак, упершыню каля 1363). Паводле «Полацкай рэвізіі 1552 г.», на замку было 9 вежаў, у сярэдзіне 17 ст. — 10. Першае паселішча на тэр. замка ўзнікла ў канцы 9 — пач. 10 ст. У сярэдзіне 11 ст. з мыса на левым беразе Палаты сюды перанесены ўмацаваны дзядзінец горада, пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. каля Сафійскага сабора збудаваны храм Архангела Міхаіла, у паўн. частцы замка — княжацкія палаты. Замак як адм. цэнтр горада існаваў да 17 ст. У сувязі з развіццём ваен. справы ён страціў фартыфікацыйныя, а потым і паліт. функцыі. Археал. даследаванні П.В.з. праводзілі А.М.Ляўданскі (1928), М.К.Каргер (1957), А.Ф.Мітрафанаў (1959—60), В.Р.Тарасенка (1961—62), Г.В.Штыхаў (1967, 1980), В.А.Булкін (1975—79), С.В.Тарасаў (1989). Даследавана каля 2 тыс.м² плошчы.
Літ.:
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.
С.В.Тарасаў.
Да арт.Полацкі Верхні замак. Полацкія замкі. Фрагмент малюнка С.Пахалавіцкага «Аблога Полацка 29.8.1579».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.12.1886, в. Капланцы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.3.1953),
бел. кампазітар. Вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу (1913—15), скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). Працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у г. Навагрудак (Гродзенская вобл.). З 1919 у Мінску, кіраўнік хору пры Бел. рабочым клубе, хормайстар гар.т-ра. З 1930 выкладаў у муз. тэхнікуме, Бел. кансерваторыі. У Вял.Айч. вайну рэгент царк. хору ў г. Чэрвень Мінскай вобл. З 1944 у Германіі, з 1950 у Бельгіі, у Лювенскім ун-це стварыў студэнцкі ансамбль бел. музыкі. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і песень на вершы М.Багдановіча («Слуцкія ткачыхі» і інш.), Я.Купалы, Я.Коласа («Мой родны кут», «Край наш бедны» і інш.), К.Буйло (гіст. сюіта «Курган» паводле аднайм. верша), Ц.Гартнага, З.Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго «Зборнік песень з нотамі» (1922), бел. оперы «Браніслава» (лібрэта У.Дубоўкі; не завершана), бел. аперэты «Залёты» (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча), музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у т. л. «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай). Падрыхтаваў працу «Характэрныя рысы беларускай народнай песні» (засталася ў рукапісе).
Тв.:
Жыцьцяпіс // Спадчына. 2000. №4.
Літ.:
Дубоўка У. Беларускі кампазітар Мікола Равенскі // Узвышша. 1928. №3;
Адамовіч А. Лірнік краіны ветлай: (З успамінаў пра Міколу Равенскага) // Бел. моладзь. 1961. №12;
1962. №13,16;
1963. №17;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.Кудзелька (М.Чарот), А.Ажгірэй (А.Вольны), М.Арэхва, У.Ігнатоўскі, М.Зарэцкі, М.Адзінец, А.Дудар, І.Барашка, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, А.Моркаўка, А.Сянкевіч і інш.
На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст.буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.Гартны, З.Бядуля, А.Гурло), маладнякоўцаў (М.Чарот, К.Чорны, А.Дудар, А.Вольны, А.Александровіч, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, П.Трус, А.Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.Чарвякова, М.Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.Вальфсона, М.Гарэцкага, Ю.Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.Каспяровіча, У.Пічэты, С.Скандракова, А.Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.
Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.Бандарына, Барашка, Я.Бобрык, П.Броўка, А.Вечар, Галавач, К.Губарэвіч, І.Гурскі, У.Жылка, А.Звонак, В.Каваль, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Ю.Лявонны, Б.Мікуліч, Моркаўка, М.Нікановіч, А.Салагуб, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, Я.Туміловіч, У.Хадыка, М.Хведаровіч, С.Хурсік, Н.Чарнушэвіч, С.Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.Чарот, А.Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.Глыбоцкага (А.Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.Гародні, Галавача, Р.Мурашкі, Барашкі, У.Бухаркіна, С.Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.Барычэўскага, П.Бузука, Гарэцкага, А.Некрашэвіча, М.Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.Астапенкі, Галавача, Ц.Гартнага, Мікуліча, Э.Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.Бэцдэ, А.Кучар і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр.ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб.выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.А.Дзяменцьева паўн.-зах.ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.
У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.
У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн.ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́Р (Алесь) (сапр.Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),
бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.Александровічам і А.Вольным; зб.апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб.арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, «Дванаццаць» А.Блока, урыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, «Германіі» Г.Гейнэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, М.Рыльскага, У.Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.Стандэ, аповесць Ф.Гладкова «Новая зямля», раман У.Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1959;
Вежа. Мн., 1984.
Літ.:
Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;