СІПАХІ́, спахі, спахіі,

спагі (тур. sipahi ад перс. сіпахі — воін, салдат),

у Асманскай імперыі: 1) агульная назва ваен. леннікаў, якія за службу ў арміі атрымлівалі ад султана зямельныя падараванні. У 15—16 ст. С. складалі асн. частку тур. арміі. Фармальна ін-т С. існаваў да адмены ваен.-леннай сістэмы (1834).

2) Воіны кав. атрадаў, што ўваходзілі ў 15—18 ст. у склад рэгулярнага тур. войска, якое знаходзілася на ўтрыманні ўрада.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1827,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй. Падпісана 6 ліп. ў Лондане. Прадугледжвала калект. дзеянні супраць Турцыі з мэтай прымусіць яе спыніць вайну супраць грэкаў, даць Грэцыі аўтаномію на ўмовах выплаты султану штогадовай даніны. Тур. ўлады адхілілі гэтыя прапановы. У выніку 20 кастр. аб’яднаная англа-франка-рус. эскадра ў Наварынскай бітве 1827 разграміла тур.-егіп. флот. Умовы Л.к. былі выкананы толькі пасля рус.-тур. вайны 1828—29 (гл. Адрыянопальскі мірны дагавор 1829).

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1875—78,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць тур. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Пачалося 5.7.1875 як пратэст супраць павелічэння падаткаў. Хутка ахапіла амаль усю Герцагавіну, у жн.—вер. пашырылася на многія раёны Босніі. Узброеныя паўстанцы (10—12 тыс. чал., пераважна сяляне) блакіравалі шэраг тур. крэпасцей, занялі іх умацаваны апорны пункт Цішкавац, у ліст. разбілі тур. атрады каля г. Муратовіч. Праходзіла пад лозунгамі перадачы зямлі сялянам, далучэння Босніі да Сербіі, Герцагавіны — да Чарнагорыі і інш. Паўстанне падтрымала еўрап. грамадскасць (у жн. 1875 у Парыжы створаны Міжнар. к-т дапамогі паўстанцам). У ім удзельнічалі добраахвотнікі з Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Балгарыі, Італіі і Расіі (у складзе апошніх была група бел. гімназістаў з Магілёва на чале з А.​Лепяшынскім). Далейшым поспехам паўстанцаў садзейнічалі вайна Сербіі і Чарнагорыі супраць Турцыі (1876) і рус.-тур. вайна 1877—78. Аднак пасля паражэння сербскай і чарнагорскай арміі тур. ўрад перакінуў буйныя сілы ў Боснію і Герцагавіну, і да жн. 1877 паўстанне ў асноўным задушана; рэшткі паўстанцкай арміі перайшлі да партыз. дзеянняў. Паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878, які завяршыў рус.-тур. вайну, Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію, аднак паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 яны анексіраваны Аўстра-Венгрыяй, што пазней выклікала Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1882.

Літ.:

История Югославии. Т. 1. М., 1963. С. 603—617.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ПАЧА́ТКУ 19 СТАГО́ДДЗЯ,

нацыянальна-вызваленчыя нар. паўстанні сербаў у 1-й чвэрці 19 ст. супраць тур. прыгнёту. 1-е сербскае паўстанне 1804—13 пачалося ў лют. 1804 у Бялградскім пашалыку (губерні) пасля забойства янычарамі (студз. 1804) каля 70 найб. папулярных у народзе сербаў. Паўстанне ўзначаліў Карагеоргій. Паўстанцы атрымалі некалькі перамог і на пач. 1807 кантралявалі ўсю тэр. Сербіі. Значную дапамогу паўстанцам аказала Расія ў час. рус.-тур. вайны 1806—12. Па патрабаванні галоўнакаманд. Малдаўскай арміяй М.​І.​Кутузава ў Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 быў уключаны спец. арт. аб дазволе Сербіі мець унутр. самакіраванне. Выкарыстаўшы тое, што Расія вяла вайну з Францыяй, тры тур. арміі ў 1813 разграмілі паўстанцкае войска і аднавілі ўладу султана. 2-е сербскае паўстанне 1815 фактычна стала працягам першага. Яно пачалося ў крас. ў Бялградскім пашалыку. Кіраўніком паўстання быў абраны ваявода Мілаш Абрэнавіч, войскі якога атрымалі шэраг перамог над туркамі. Аднак колькасная перавага тур. войск прымусіла сербаў пайсці на перагаворы з Турцыяй, і пры дыпламат. падтрымцы Расіі было заключана перамір’е. Тур. ўрад прызнаў Мілаша вярх. кнезам (князем) Сербіі, рэгламентаваў памеры падаткаў сербскіх сялян тур. памешчыкам, а права збору падаткаў султану перадаў сербам. Паўстанне стварыла ўмовы для далейшай барацьбы сербаў за ўнутр. аўтаномію, якая завяршылася ў 1830-х г. стварэннем Сербскага княства.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,

бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,

баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.​Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.​Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.

Літ.:

М.​П.​Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;

Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́К,

другая назва р. Тур.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНБУ́РНСКАЯ КАСА́,

нізінная пясчаная каса паміж Дняпроўскім і Егарлыцкім ліманамі Чорнага м., у Херсонскай вобл. Украіны. Даўж. каля 40 км, шыр. 8—10 км. Па берагах прэсных і салёных азёр месцы гнездавання птушак; частка тэр. Чарнаморскага запаведніка. У час рус.-тур. вайны 1787—91 рус. войскі А.​В.​Суворава разграмілі на К.к. тур. дэсант.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАСКЕ́Р (тур. sarasker),

у Асманскай імперыі першапачаткова галоўнакамандуючы арміяй, якога выбіралі з ліку пашоў; у канцы 19 — пач. 20 ст. — ваен. міністр. Акрамя таго, з канца 16 ст., калі тур. султаны ўхіліліся ад асабістага камандавання войскамі, тытул С. насілі нам. вял. везіра, якія кіравалі войскамі. Тытул С. скасаваны ў пач. 20 ст.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБСКА-ЧАРНАГО́РСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1876—78,

вызваленчыя войны Сербіі і Чарнагорыі супраць Асманскай імперыі. Праходзілі ва ўмовах нарастання нац.-вызв. руху на Балканах (гл. Красавіцкае паўстанне 1876 у Балгарыі). 18.6.1876 Чарнагорыя і Сербія (патрабавала ад Асманскай імперыі перадачы Босніі і Герцагавіны пад сваё кіраванне) абвясцілі вайну Турцыі. У ходзе ваен. дзеянняў тур. войскі занялі шэраг населеных пунктаў Сербіі. Дзякуючы ультыматуму Расіі (прад’явіла тур. ўраду 31.10.1876) было заключана перамір’е. У лют. 1877 Сербія падпісала мір з Турцыяй на ўмовах даваен. становішча (Чарнагорыя мірны дагавор не падпісала). З пачаткам рус.-тур. вайны 1877—78 Чарнагорыя ў крас. 1877 аднавіла ваен. дзеянні. У снеж. 1877 Сербія зноў уступіла ў вайну, якая была фактычна часткай рус.-тур. вайны 1877—78. Сербскія і чарнагорскія войскі сумесна з рас. атрадам ген. І.​У.​Гуркі дасягнулі значных поспехаў на паўд. і ўсх. напрамках. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 Сербія і Чарнагорыя атрымалі незалежнасць і значна пашырылі свае тэрыторыі.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)