ПА́РЫН (Васіль Васілевіч) (18.3.1903, г. Казань — 15.6.1971),

расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Акад. АН СССР (1966) і АМН СССР (1944). Скончыў Пермскі ун-т (1925). З 1960 дырэктар Ін-та нармальнай і паталаг. фізіялогіі АМН СССР, з 1965 дырэктар Ін-та медыкабіял. праблем, адначасова ў 1963—66 віцэ-прэзідэнт АМН СССР. З 1969 у АН СССР (заг. лабараторыі). Навук. працы па нармальнай і паталаг. фізіялогіі кровазвароту, біякібернетыцы, касм. біялогіі і медыцыне. Даследаваў рэфлекторную рэгуляцыю лёгачнага кровазвароту, адкрыў адзін з механізмаў рэгуляцыі прытоку крыві да сэрца.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1974.

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАВО́ЙТ (Васіль Сцяпанавіч) (27.1.1886, с. Таранаўка Зміёўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 11.10.1972),

расійскі вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. АН СССР (1964), акад. УАСГНІЛ (1956). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1963). Скончыў Кубанскі с.-г. ін-т (1926). Да 1930 працаваў у ім, адначасова з 1912 ва Усесаюзным НДІ алейных культур (з 1935 заг. аддзела). Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы сланечніку. Распрацаваў сістэму штогадовага сортааднаўлення сланечніку, вывеў высокаалейныя сарты. Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1959.

Тв.:

Избр. труды. М., 1966;

Приемы выращивания семян подсолнечника. Краснодар, 1969 (у сааўт.).

В.С.Пуставойт.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Барыс Мікалаевіч) (11.3.1913, г. Смаленск, Расія — 23.8.1980),

расійскі вучоны ў галіне механікі і аўтам. кіравання. Акад. АН СССР (1960, чл,кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1939). З 1939 у Ін-це праблем кіравання, з 1963 акад.-сакратар Аддз. механікі і працэсаў кіравання, з 1979 віцэ-прэзідэнт АН СССР. З 1966 старшыня Савета «Інтэркосмас» пры АН СССР. Навук. працы па аналітычнай механіцы, тэорыі аўтам. кіравання рухомымі аб’ектамі, тэорыі саманаладжвальных сістэм. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1972.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1983.

Б.М.Пятроў.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТАЎ (Міхаіл Васілевіч) (16.1.1846, г. Наваміргарад Кіраваградскай вобл., Украіна — 17.4.1920),

бел. вучоны-аграном, адзін з заснавальнікаў навук. агародніцтва і пладаводства на Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). З 1879 у Горы-Горацкай земляробчай школе, з 1919 праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Навук. працы па біялогіі агароднінных і пладовых раслін. Паказаў магчымасць вегетатыўнай гібрыдызацыі і стварэння новых сартоў спосабам адбору іх пры вырошчванні ў адпаведных умовах, прапанаваў насеннае размнажэнне яблыні, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак. Арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур.

Тв.:

Избр. труды. М., 1956;

Русские яблоки. М., 1960.

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЕЦ (Аляксандр Аляксандравіч) (24.5.1881, Кіеў — 19.7.1946),

савецкі патафізіёлаг. Акад. АН СССР (1932). Акад. АМН СССР (1944), АН УССР (1929), АН БССР (1939). Ганаровы чл. АН Груз. ССР (1944). Герой Сац. Працы (1944). Скончыў Новарасійскі ун-т (1906, Адэса). З 1930 прэзідэнт АН УССР, з 1942 віцэ-прэзідэнт АН СССР. У розныя гады ўзначальваў ін-ты гематалогіі і пералівання крыві (Масква), эксперым. біялогіі і паталогіі, клінічнай фізіялогіі (Кіеў). Навук. працы па паталагічнай фізіялогіі, эндакрыналогіі, вегетатыўнай нерв. сістэме, анкалогіі, праблемах даўгалецця. Даследаванні ў галіне імунітэту, алергіі, паталогіі кровазвароту, патагенезу шоку і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. Киев, 1956—58.

А.А.Багамолец.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВАРЫ́ЦКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (14.3.1884, г. Уфа, Башкортастан — 23.7.1952),

расійскі геолаг і петрограф. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1909). У 1939—41 дырэктар Ін-та геал. навук АН СССР. У 1944—52 арганізатар і дырэктар Лабараторыі вулканалогіі АН СССР. У 1946—49 акад.-сакратар аддз. геал.геагр. навук АН СССР. Навук. працы па тэарэт. петраграфіі і геалогіі рудных радовішчаў. Вывучаў патухлыя вулканы Арменіі, стараж. вулканізм Урала, вулканы Камчацка-Курыльскай дугі. Распрацаваў навук. кірунак у петраграфіі — петрахімію. Яго імем наз. мінерал заварыцкіт. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—4. М., 1956—63.

А.М.Заварыцкі.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯКО́Ў (Аляксей Мікалаевіч) (28.3.1887, г. Серпухаў Маскоўскай вобл. — 30.8.1957),

расійскі вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. АН СССР (1933). Акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1912). У 1912—19 арганізаваў першыя ў Расіі доследна-меліярацыйныя даследаванні. Заснавальнік і ў 1923—29 дырэктар Ін-та с.-г. меліярацыі, з 1930 у Маскоўскім ін-це інжынераў воднай гаспадаркі. Навук. працы па арашэнні і тэхніцы паліву с.-г. культур, барацьбе са стратамі вады, метадах планавання, праектавання і буд-ва меліярац. сістэм і інш. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1961;

Основы мелиораций. 6 изд. М., 1960.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТЫЧАЎ (Павел Андрэевіч) (24.2. 1845, Масква — 3.12.1895),

расійскі вучоны, адзін з заснавальнікаў глебазнаўства. Скончыў Пецярбургскі земляробчы ін-т (1869). Праф. гэтага ін-та і Пецярбургскага ун-та. З 1885 у Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей (з 1894 дырэктар дэпартамента земляробства). Навук. працы па вывучэнні біял. асноў глебаўтварэння і спосабаў павышэння ўрадлівасці глебы. Звязаў працэс глебаўтварэння з жыццядзейнасцю раслін і мікраарганізмаў, паказаў яго як працэс біял. ўзаемадзеяння паміж фактарамі жывой прыроды і навакольнага асяроддзя. Распрацаваў аграпрыёмы барацьбы з засухай.

Тв.:

Почвоведение. М.; Л., 1940;

Почвы черноземной области России. Их происхождение, состав и свойства. М., 1949;

Избр. труды. М., 1951.

П.А.Костычаў.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ВІЦ (Товій Ягоравіч) (25.4.1757, г. Гётынген, Германія — 7.12.1804),

расійскі хімік і фармацэўт. Акад. Пецярбургскай АН (1793). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1780—82). У 1784—97 працаваў у Гал. аптэцы ў Пецярбургу, выкладаў хімію і фармацэўтыку ў Мед. школе і Медыка-хірург. акадэміі. Навук. працы па агульнай хіміі. Адкрыў адсорбцыю раствораных рэчываў драўняным вугалем (1785) і прапанаваў выкарыстоўваць яго для ачысткі спірту і гарэлкі, фармацэўтычных прэпаратаў. Атрымаў ледзяную воцатную к-ту (1789), бязводныя дыэтылавы эфір і этылавы спірт (1796).

Тв.:

Избр. труды по химии и химической технологии. М., 1955.

Літ.:

Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІ́Н (Мікалай Міхайлавіч) (20.7.1885, Масква — 19.7.1940),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1909). У 1915 — пач. 1930-х г. выкладаў у Маскоўскім ун-це, Акадэміі Генштаба, Ін-це чырвонай прафесуры. У 1925 адзін з заснавальнікаў «Т-ва гісторыкаў-марксістаў». Дырэктар ін-таў гісторыі Камуніст. акадэміі (1932—36) і АН СССР (1936—38). Адначасова ў 1933—38 рэд. час. «Историк-марксист». Працы па гісторыі Французскай рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871, Германіі канца 19 — пач. 20 ст. Рэпрэсіраваны ў 1938. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1960—63.

Літ.:

Дунаевский В.А., Цфасман А.Б. Н.​М.​Лукин. М., 1987.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)