ПАРАХО́ДСТВА,
прадпрыемства воднага транспарту, якое арганізуе і ажыццяўляе перавозкі пасажыраў і грузаў на спец. абсталяваных трансп. суднах па марскіх (марскія П.) або ўнутраных (рачныя і азёрныя П.) водных шляхах. Гл. Рачны транспарт.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІЛАМІКРО́НЫ (ад грэч. chylos сок, млечны сок + mikros малы),
часцінкі нейтральнага тлушчу. Складаюцца з халестэрыну, трыгліцэрыдаў, бялкоў. Вял. іх колькасць у лімфе, асабліва пасля прыёму тлустай ежы. Ажыццяўляюць транспарт тлушчаў па крывяносных сасудах.
т. 17, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАТЭ́КС,
від (служба) электрасувязі. Дазваляе карыстальніку атрымліваць на экране тэлевізара (або дысплея) графічную інфармацыю па каналах тэлефоннай сувязі са спец. банка даных; дазваляе таксама выконваць розныя паслугі: заказваць электронныя гульні, білеты на транспарт, праводзіць банкаўскія аперацыі і інш.
т. 4, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫРЭАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, тырэатрапін,
гармон, які выпрацоўваецца пярэдняй доляў гіпофіза. Паводле хім. прыроды — глікапратэід. Стымулюе сінтэз і выдзяленне асн. гармонаў шчытападобнай залозы — тыраксіну і трыёдтыраніну, паскарае шэраг метабалічных працэсаў у залозе (напр., транспарт і пераўтварэнне глюкозы). Выкарыстоўваюць у медыцыне.
т. 16, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ ШЛЯХІ́,
водныя прасторы, якія выкарыстоўваюцца для суднаходства і сплаву лесу. Найб. эканамічныя з усіх шляхоў зносін. Падзяляюцца на знешнія (акіяны, знешнія моры, залівы), унутр. (унутр. моры, азёры і рэкі), штучныя (шлюзаваныя рэкі, суднаходныя каналы, штучныя моры, вадасховішчы). Беларусь мае ўнутр. і штучныя водныя шляхі. Гл. Водны транспарт.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,
дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРА́Д Самуіл Нахманавіч (н. 17.8.1907, г. Віцебск),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскі марскі тэхнікум (1935). Вызначыўся зімой 1944—45 у баях за Прыбалтыку: падводная лодка на чале з ім за 2 паходы затапіла 7 варожых караблёў. Усяго экіпаж затапіў 10 суднаў праціўніка і транспарт. Да 1961 у ВМФ, капітан 1-га рангу.
т. 2, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯЛІ́НІЯ,
авіятраса, паветраная лінія, зацверджаны маршрут рэгулярных палётаў пасаж. і грузавых самалётаў, верталётаў паміж вызначанымі пунктамі з адпаведнай яму прасторай над паверхняй зямлі (паветр. калідорам), у межах якой ажыццяўляецца палёт. Адрозніваюць авіялініі міжнародныя і ўнутраныя, у т. л. магістральныя і мясцовыя. Авіялініі забяспечваюцца аэрадромамі, наземнымі радыёнавігацыйнымі пунктамі, сродкамі кантролю і кіравання паветр. рухам. Гл. таксама Паветраны транспарт.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́С (Goáis),
штат у цэнтр. ч. Бразіліі. Займае ч. Бразільскага пласкагор’я. Пл. 340,2 тыс. км². Нас. 4013 тыс. чал. (1991). Адм. ц. Гаянія. Аснова эканомікі — экстэнсіўная жывёлагадоўля (зебупадобная буйн. раг. жывёла). Вырошчванне кавы і бавоўны, мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва і пладаводства. Збор натуральнага каўчуку. Здабыча золата, алмазаў, нікелевай руды. Прам-сць: харч., папяровая і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны.
т. 5, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДНАХО́ДСТВА,
плаванне па водных шляхах розных відаў суднаў, паромаў. Паводле тыпу водных шляхоў адрозніваюць С.: марское, унутранае (рэкі, азёры, каналы), змешанае (рака — мора); у залежнасці ад раёнаў абслугоўвання — кабатажнае (паміж партамі адной краіны), замежнае; па відах — гандлёвае (перавозка грузаў, пасажыраў), прамысловае (промыслы рыбы, марскога звера і інш.). На Беларусі існуе рачное, гандлёвае С. Гл. таксама Кабатаж, Рачны транспарт.
т. 15, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)