ТАЎТАГРА́МА (ад грэч. tauto тое самае + ...грама),

верш, усе словы якога пачынаюцца з адной і той жа літары. Т. — своеасаблівая вершаваная забава, гульня. Значнае пашырэнне мела ў даўняй еўрап. паэзіі. У бел. вершатворчасці Т. не прыжылася. Часам сустракаецца ў гукапераймальных вершах для дзяцей (Р.​Барадулін, А.​Вольскі і інш.), вершаваных пародыях. Прыклад фалькл. дзіцячага верша-Т.:

Стары Сымон сказаў сынам:
— Сыны, скасіце сена.
Сена скасілі,
Савоську скармілі.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФЕ́МА (ад грэч. graphē абрыс, контур),

мінімальная структурная адзінка пісьмовай мовы, якая адпавядае фанеме ў вуснай мове. Знаходзіць выражэнне ў літарах і выступае ў розных варыянтах у залежнасці ад стылю пісьма, месца ў слове або сказе. Гэтыя варыянты або літары (вялікія і радковыя, прамыя і курсіўныя) называюць алографамі адной і той жа графемы. Сістэма графемы пэўнага пісьменства ўтварае алфавіт гэтага пісьменства. Тэрмін «графема» ўведзены І.​А.​Бадуэнам дэ Куртэнэ ў 1912.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЦЫПЛІНА́РНЫ БАТАЛЬЁН,

спецыяльная вайсковая часць, у якой асуджаны ваеннаслужачы адбывае пакаранне. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь да ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія ўчынілі злачынства, можа прымяняцца накіраванне ў Д.б. у выпадках, прадугледжаных законам, на тэрмін ад 3 месяцаў да 2 гадоў, а таксама ў выпадках, калі суд, прымаючы пад увагу абставіны справы і асобу асуджанага, палічыць мэтазгодным замест пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў прымяніць накіраванне ў Д.б. на той жа тэрмін.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАЛЁВАЙ РАЎНАВА́ГІ ПРЫ́НЦЫП,

агульнае палажэнне статыстычнай фізікі, паводле якога кожны мікраскапічны працэс у раўнаважнай сістэме працякае з той жа скорасцю, што і адваротны яму. Скорасць працэсу ў гэтым выпадку разглядаецца ў статыстычным сэнсе як сярэдняе значэнне скорасці вял. колькасці аднолькавых мікрапрацэсаў. У квантавай тэорыі Д.р.п. выяўляецца ў роўнасці імавернасцей прамога і адваротнага працэсаў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фіз. і хім. кінетыкі, пры вызначэнні характарыстык квантавых пераходаў і працэсаў сутыкнення атамных і ядз. часціц.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯПА́НАВА УНІВЕРСА́ЛЬНЫЯ СУАДНО́СІНЫ,

заканамернасць. паводле якой адносіны магутнасці люмінесцэнцыі складаных малекул да каэфіцыента паглынання імі святла той жа частаты выражаюцца універсальнай функцыяй частаты і т-ры. Устаноўлены Б.І.Сцяпанавым, выконваюцца пры раўнаважным размеркаванні малекул па вагальных узроўнях узбуджанага і асноўнага электронных станаў, у якіх малекулы адпаведна выпрамяняюць і паглынаюць святло. С.у.с. з’яўляюцца аналагам Кірхгофа закона выпрамянення пры адсутнасці раўнаважнага размеркавання малекул па электронных станах.

Літ.:

Степанов Б.И., Грибковский В.П. Введение в теорию люминесценции. Мн., 1963.

т. 15, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),

воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́ЖАЛЬЦЫ (halterium),

парныя булавападобныя або колбападобныя мініяцюрныя органы двухкрылых, самцоў вееракрылых і чарвяцоў. Уяўляюць сабой відазмененыя крылы — заднія ў двухкрылых і чарвяцоў або пярэднія ў вееракрылых. Аснова і галоўка Ж. маюць вял. колькасць органаў пачуццяў — сэнсіл (напр., у сляпнёў іх 565). Іх вял. колькасць у насякомых, якія добра лётаюць. У палёце Ж. вагаюцца (б’юць) з той жа частатой, што і крылы, але ў процілеглай фазе, і функцыянуюць як гіраскоп. Выдаленне Ж. (у эксперыменце) у мух парушае стабілізацыю палёту.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАТЭ́ЧНЫ БАНК,

камерцыйная ўстанова, якая выдае грашовыя пазыкі (крэдыты) пад залог нерухомасці або для набыцця нерухомасці, а таксама выпускае закладныя лісты, якія забяспечваюцца закладзенай нерухомасцю. Ствараецца для пакрыцця буйных капітальных затрат (напр., пабудова ірыгацыйных сістэм) або фінансавання кароткатэрміновых пазык (напр., на набыццё насення, пазыка пагашаецца пры рэалізацыі ўраджаю). І.б. мае права выдаваць крэдыты пад залог адной і той жа маёмасці двойчы, г.зн. пад закладныя — даўгавыя абавязацельствы аб залогу нерухомасці, якія выдаюцца банкам пазычальніку. Гл. таксама Іпатэка.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІМА́ЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, сярэдняя крывізна якой ва ўсіх пунктах роўная нулю. Выяўляецца пры рашэнні варыяцыйнай задачы знаходжання такой прасторавай паверхні, якая мае найменшую (мінімальную, адсюль назва) плошчу сярод блізкіх паверхняў з той жа зададзенай мяжой. Тэорыя М.п. цесна звязана з тэорыяй аналітычных функцый і варыяцыйным злічэннем, развівалася ў працах Ж.Л.Лагранжа, Г.Монжа і інш. Эксперыментальны спосаб адшукання М.п. з дапамогай мыльнай плёнкі, нацягнутай на драцяны каркас, прапанаваў бельгійскі фізік Ж.​Плато. Прыклады М.п.: плоскасць, вінтавая паверхня, катэноід.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РАВАЯ ІНВЕ́РСІЯ,

змена знакаў прасторавых каардынат часціц на процілеглыя: x→−x, y→−y, z→−z. Фіз. сэнс пераўтварэння П.і. звязаны з тым, што працэсы прыроды, абумоўленыя моцнымі і эл.-магн. ўзаемадзеяннямі, не змяняюцца пры П.і. — для ўсякага такога працэсу ў прыродзе ажыццяўляецца і працякае з той жа імавернасцю «люстрана адбіты» працэс і квантавамех. апісанне яго вядзе да існавання прасторавай цотнасці, якая захоўваецца пры моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях. У слабых узаемадзеяннях такая сіметрыя адсутнічае (прасторавая цотнасць не захоўваецца).

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)