МАРА́ЗМ (ад грэч. marasmos знясіленне, згасанне),
паступовае згасанне псіхічнай дзейнасці чалавека з агульным знясіленнем і атрафіяй органаў і тканак. Абумоўлена атрафіяй кары галаўнога мозга. Бывае пры старэчай прыдуркаватасці, канчатковай стадыі прагрэсіўнага паралічу і інш. хваробах мозга.
т. 10, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАРАДЖЭ́ННЕ ў медыцыне,
змены ў будове і (або) функцыі клетак, тканак, якія характарызуюцца назапашваннем не ўласцівых ім рэчываў; тое, што дыстрафія. У анкалогіі — працэс злаякаснага ператварэння клетак. У неўрапаталогіі — паступовы распад нерв. валакна пад уплывам атручэння, траўмаў запалення.
т. 12, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́ННЫЯ СТЫМУЛЯ́ТАРЫ,
рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання, якія стымулююць і паскараюць працэсы рэгенерацыі тканак пры ўвядзенні іх у арганізм. Вучэнне пра біягенныя стымулятары распрацавана У.П.Філатавым (1933). Прэпараты, што маюць біягенныя стымулятары, рыхтуюць з тканак раслін (экстракт алоэ, кансерваваная трава расходніку — біясед, сок каланхоэ), жывёл і чалавека пасля знаходжання іх у неспрыяльных умовах (цемра, ахаладжэнне), ліманных (ФіБС) і глеевых гразяў, торфу, дзе колькасць біягенных стымулятараў абумоўлена вымерлай мікрафлорай, мікрафаунай і інш. Механізм дзеяння біягенных стымулятараў вывучаны недастаткова. Біягенныя стымулятары выкарыстоўваюць на лячэнне пры запаленчых, дэгенератыўных і атрафічных працэсах, доўга незагойвальных ранах, язвах, хваробах вачэй, экзэмах, трэшчынах і пераломах касцей, эндаметрытах, пры затрымцы паследу, бясплоднасці і інш. У жывёлагадоўлі з іх дапамогай стымулююць рост маладняку, мнагаплоднасць с.-г. жывёл, павелічэнне іх прадукцыйнасці.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА ТКА́НКІ, эксплантацыя,
метад захавання жыццядзейнасці органаў ці іх частак, участкаў тканак і асобных клетак па-за арганізмам. Заснавана на стварэнні асептычных умоў, якія забяспечваюць харчаванне, газаабмен і выдаленне прадуктаў абмену аб’ектаў, што культывуюцца пры т-ры, блізкай да аптымальнай для арганізма, кампаненты якога ўзяты для вырошчвання. Пры дапамозе К.т. вывучаюць гістагенез, міжтканкавыя і міжклетачныя ўзаемадзеянні, дыферэнцыроўку, рост і дзяленне клетак, асаблівасці абмену рэчываў у жывых клетках, патрэбнасць іх у харчаванні, адчувальнасць да розных рэчываў, у т. л. да лякарстваў. На клетках культур робяць аперацыі (выдаляюць ч. клеткі, уводзяць у яе мікробы і вірусы), рыхтуюць вакцыны (напр., супраць воспы, адру, поліяміэліту); культуры органаў выкарыстоўваюцца для вывучэння спосабаў захавання жыццядзейнасці ізаляваных органаў і тканак, якія прызначаны для трансплантацыі і інш.
т. 9, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕТАКСІ́НЫ,
нізкамалекулярныя біялагічна актыўныя рэчывы рознай прыроды, якія ўтвараюцца ў тканках арганізма пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення. Удзельнічаюць у фарміраванні прамянёвых пашкоджанняў: тармозяць і скажаюць сінтэз ДНК, прыгнятаюць мітозы, выклікаюць аберацыі храмасом, інтэрфазную гібель клетак, змяняюць пранікальнасць біял. мембран, спыняюць рост тканак.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЫПІЕ́НТ [ад лац. recipiens (recipientis) які прымае, атрымлівае],
чалавек (у эксперыменце жывёла), якому пераліваюць донарскую кроў, яе прэпараты (гл. Пераліванне крыві) або робяць трансплантацыю органа, тканак ад донара. Р. наз. таксама клетку, якая атрымлівае генет. матэрыял (ДНК) ад інш. клеткі (донара).
т. 14, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТААЛЕРГІ́Я (ад аўта... + алергія),
павышаная адчувальнасць арганізма да ўласных бялкоў і клетак тканак, якія набылі ўласцівасці алергенаў (эндаалергенаў). Пры пэўных умовах аўтаалергічны працэс можа перарасці ў аўтаімунную хваробу. Да хвароб аўтаалергічнай этыялогіі належаць некаторыя віды гемалітычных анемій, міястэнія, рэўматоідны артрыт і інш.
т. 2, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,
захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГНІ́Т (ад лац. lignum дрэва, драўніна),
гаручы карысны выкапень, слабаабвугленая драўніна, бурага колеру, з захаванай будовай тканак, таксама буры вугаль, утвораны поўнасцю або часткова з такой драўніны. На Беларусі трапляецца ў Прыпяцкай упадзіне ў адкладах каменнавугальнага, юрскага і кайназойскага ўзросту.
В.І.Ярцаў.
т. 9, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)