БЛІЗКАДЗЕ́ЯННЕ,

канцэпцыя, паводле якой узаемадзеянні ў фізіцы паміж аддаленымі матэрыяльнымі аб’ектамі перадаюцца пры дапамозе «пасрэдніка» (гравітацыйнага, эл.-магн. ці іншага фіз. поля) ад аднаго пункта да другога з канечнай скорасцю. Напр., кожная эл. зараджаная часціца стварае вакол сябе эл.-магн. поле, якое дзейнічае на іншыя зараджаныя часціцы і распаўсюджваецца ў вакууме са скорасцю святла. Гл. таксама Далёкадзеянне.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ДА (1068—1123),

заснавальнік і першы імператар [1115—23] дзяржавы Цзінь у Кітаі. Завяршыў аб’яднанне чжурчжэняў, распачатае яго бацькам Янкэ, у 1114 узняў паўстанне супраць панавання кіданьскай імперыі Ляо і заняў крэпасці кіданяў на б.ч. Маньчжурыі. У 1115 абвясціў сябе імператарам пад імем Мінь і назваў дынастыю Цзінь («Залатая»). У 1116 захапіў усю Маньчжурыю, да 1123 — тэр. Ляо ў Паўн. Кітаі.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́ЛЬ (франц. aval),

вэксальнае паручыцельства, зробленае трэцяй асобай (авалістам) у выглядзе спец. гарантыйнага запісу на вонкавым баку вэксаля ці прымацаваным да яго дадатковым лісце (алонжы) або ў выглядзе асобнага дакумента. Можа выдавацца на ўсю суму вэксаля ці яе частку. Учыніўшы аваль, аваліст бярэ на сябе абавязацельства за любую з адказных па вэксалі асоб — вэксалядаўца, акцэптанта, індасанта.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСІДО́ (яп. шлях воіна),

у сярэдневяковай Японіі разнавіднасць няпісанага ганаровага кодэксу класа воінаў. Сярод асн. прынцыпаў бусідо — абсалютная вернасць свайму сюзерэну, адвага ў баі і пагарда да смерці, павага да праціўніка, выкананне прынятых на сябе абавязкаў і загартоўка духу. Сфарміравалася на аснове элементаў канфуцыянства, светапогляду будыйскай секты дзен і сінтаізму. У наш час бусідо аказвае ўплыў на этыку японцаў.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Веньямін Леанідавіч) (24.4.1923, в. Дабрышчава Камсамольскага р-на Іванаўскай вобл., Расія — 20.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разведчык асобнай разведроты сяржант З. 20.7.1944 у баі каля воз. Дрысвяты, прыкрываючы адыход разведчыкаў, быў цяжка паранены. Калі гітлераўцы акружылі яго, гранатай падарваў сябе і ворагаў.

В.Л.Зайцаў.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КШМІ-БА́І, Лакшмі-Бай (1835—17.6.1858),

адна з кіраўнікоў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. У чэрв. 1857 абвясціла сябе правіцельніцай (рані) княства Джхансі (з 1854 пад прамым брыт. кіраваннем), далучылася да паўстанцаў. У сак. 1858 узначальвала абарону Джхансі супраць брыт. войск на чале з ген. Х.​Роўзам, потым кавалерыю паўстанцаў у войску Тантыя Топі. Загінула ў баі пад Гваліярам.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСЕ́ЙЛІМА (зневажальнае ад Маслама, ? — 634),

прапаведнік аднабожжа ў Аравіі ў пач. 7 ст., у мусульман — адзін з ілжэпрарокаў. Пачаў сваю пропаведзь адначасова з Мухамедам. Абвясціў сябе прарокам і пасланнікам бажаства Рахмана. Каля 620 жыхары Хаджара прызналі М. сваім духоўным і паліт. правадыром. У 634 войска халіфа Абу Бекра разбіла прыхільнікаў М., сам ён загінуў у бітве.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІТО́Н,

структурная ўстойлівая адасобленая хваля ў нелінейным дыспергавальным асяроддзі. Паводзіць сябе як часціца: пры ўзаемадзеянні паміж сабой ці з інш. ўзбурэннямі асяроддзя С. не разбураюцца, а разыходзяцца з захаваннем сваёй структуры, якая застаецца стацыянарнай за кошт спалучэння нелінейнасці асяроддзя і дысперсіі (гл. Дысперсія хваль). Уласцівасці С. ўлічваюцца ў тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, квантавай статыстыцы, тэорыі фазавых пераходаў.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́, мантаньяры,

1) у час франц. рэвалюцыі 1789—99 назва рэв.-дэмакр. крыла Канвента, якая прадстаўляла партыю якабінцаў; займала на пасяджэннях верхнія лавы (адсюль назва).

2) У час франц. рэвалюцыі 1848 група дробнабурж. дэмакратаў ва Устаноўчым сходзе, якая лічыла сябе наследнікамі ідэй мантаньяраў канца 18 ст. У лют. 1849 «Новай Гарой» назвалі блок дробнабурж. дэмакратаў і сацыялістаў.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Монтаньяры. М., 1989.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),

мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч. Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл. Дарый I).

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)