у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНІ́, Пуньі (Pugni) Цэзар (Чэзарэ; 31.5.1802, г. Генуя, Італія — 26.1.1870), італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі. З канца 1820-х г. пісаў балеты, якія прынеслі вядомасць. Больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з М.Петыпа. З 1851 у Расіі ў якасці «стваральніка балетнай музыкі» пры пецярб. імператарскіх т-рах. У Пецярбургу напісаў 35 балетаў (усяго 312), у т. л. «Дачка фараона» (1862), «Канёк-Гарбунок» (1864; доўгі час адзіны балет на рускі сюжэт), «Цар Кандаўл» (1868). Аўтар балетаў «Эсмеральда» (1844), «Мармуровая прыгажуня» (1847); 10 опер, у т. л. «Кантрабандыст» (1833); сімфоній; мес (каля 40), камерна-інстр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙУ́НСКІ (сапр.Сляпцоў) Платон Аляксеевіч [11.11.1893, Аляксееўскі р-н, Рэспубліка Саха (Якуція) — 31.10.1939], якуцкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. У 1928—31 нарком асветы і аховы здароўя Якуціі, з 1935 дырэктар НДІ мовы і культуры. Адзін з пачынальнікаў якуцкай л-ры; прадстаўнік рамант. кірунку. Аўтар драм. паэмы «Чырвоны шаман» (1918), п’ес «Бальшавік» (паст. 1926), «Туйаарыма-Куо» (паст. 1928), аповесці «Выхад з твані» (1936), вершаў, апавяданняў; навук. прац «Якуцкая казка (аланхо), яе сюжэт і змест» (1927), «Пра тэорыю якуцкага вершаскладання» (1928), «Якуцкая мова і шляхі яе развіцця» (1935) і інш. Рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́С,
у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КА́ЛЕВАЛА»
(«Kalevala»),
карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).
«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТКЕ́ВІЧ (Аляксей Міхайлавіч) (н. 30.3.1931, в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, краязнавец. Канд.філал.н. (1963), праф. (1994). Скончыў БДУ (1954). З 1957 працуе ў Гродзенскім ун-це. Даследуе праблемы сучаснай прозы і паэзіі, творчасць бел. пісьменнікаў Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага. асветніцкі рух у Беларусі 19—20 ст., асаблівасці культуры Гродзеншчыны і інш. Аўтар манаграфіі «Сюжэт. Кампазіцыя. Характар» (1981), сааўтар «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), зб. «Наднёманскія былі» (1968). Культуры Гродзеншчыны прысвечаны кн. «Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996), «Людзі культуры з Гродзеншчыны» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАНО́САЎ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 4.1.1923, Мінск),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1959). Працаваў тэхнікам на Бел. радыёцэнтры, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1948. Займальны сюжэт, элементы прыгодніцтва ў кн. для дзяцей «Першае знаёмства» (1954), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Лясныя прыгоды» (1976), «Скарб Загорскай камяніцы» (1985) і інш. У кнігах апавяданняў і аповесцяў «У Баркоўскай пушчы» (1956), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзень — і ўсё жыццё» (1988) і інш. закранае маральна-этычныя праблемы, паказвае гераізм народа ў час вайны. Выступае і як гумарыст (зб. «Левыя ногі», 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАГЕДО́Н (грэч. Armagedōn),
паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц, вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРЫ́ГА (франц. intrigue ад лац. intrico заблытваю) у літаратуры, складаны вузел падзей, які дапамагае драматызаваць сюжэт твора. Выкарыстоўваецца ў драме і эпасе як сродак непасрэднага і напружанага выяўлення канфлікту. Ствараецца намаганнямі аднаго з бакоў, што сутыкаюцца ў вострай барацьбе, або ўзнікае ў выніку выпадковага збегу абставін. Дае штуршок мэтанакіраваным дзеянням герояў, узмацняе іх ролю ў сюжэце, знешнюю займальнасць твора. Завяршаецца звычайна ў развязцы. Эстэтычна вельмі дзейсная ў творах авантурнага і рамантычнага кірунку («Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» У.Караткевіча). Выкарыстоўваецца і ў рэаліст.псіхал.-аналіт. рамане («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» Ф.Дастаеўскага, «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). У шырокім сэнсе І. — скрытыя, звычайна непрыстойныя, дзеянні для дасягнення сваіх мэт.
вобраз чарадзейных усх.-слав. казак і паданняў; асілак, пераможца змея. У казках пра К.К. зліліся матывы міжнар. казачнага сюжэта і мясц. падання Кіеўскай Русі, якое сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў», «Ніканаўскім летапісе» і інш. Паводле гэтага падання, юны Кажамяка, які можа разарваць сырамятную шкуру, вырваць у быка на бягу кавалак шкуры, перамагае волата-печанега і вырашае перамогу на карысць Русі. У заключным эпізодзе некаторых казак пра К.К. асілак запрог змея ў вялікі плуг і ўзараў глыбокую баразну (аж да самага мора). Сюжэт пра К.К. мае шмат агульнага з польск. паданнем пра змеяборца Крака і з сербскай эпічнай песняй пра змеяборца Дойчына.