на Пн Брэсцкай вобласці Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Навамышскі, з 1957 Баранавіцкі раён. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 52,8 тыс.чал. (1995), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 24 чал./км². Цэнтр — г.Баранавічы; гар.пас. Гарадзішча, 244 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 21 сельсавет: Велікалуцкі, Вольнаўскі, Гірмантаўскі, Жамчужненскі, Карчоўскі, Каўпеніцкі, Крошынскі, Ляснянскі, Малахавецкі, Мілавідскі, Моўчадскі, Мядзеневіцкі, Навамышскі, Падгорнаўскі, Паланэчкаўскі, Палонкаўскі, Пачапаўскі, Петкавіцкі, Сталовіцкі, Уцёскі, Цешаўлянскі.
Тэрыторыя раёна ў межах Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 180—240 м, самы высокі пункт 267 м (каля в. Зялёнае). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 193 дні. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Лахазва, Іса, на Пн — р.Сэрвач, на ПнЗ — Моўчадзь. Вадасховішча Гаць. Азёры Калдычэўскае і Дамашэўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 33% тэрыторыі, найб. масівы на ПдЗ і З. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы. Балотаў 18,7 тыс.га, амаль усе нізінныя, часткова асушаныя. На тэр. раёна біял. заказнік Баранавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 94,2 тыс.га, з іх асушана 18,6 тыс.га. На 1. 1.1995 у раёне 19 калгасаў і 11 саўгасаў, 5 птушкафабрык, 1 міжгасп. прадпрыемства. Асн.с.-г. галіны: мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля), птушкагадоўля, бульбаводства; вырошчваюць цукр. буракі, збожжавыя, лён, агародніну. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы садовых домікаў), харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, з Баранавіч на Ліду, Слуцк, Лунінец, Слонім; аўтадарогі Брэст—Мінск, Кобрын—Івацэвічы—Стоўбцы, Баранавічы—Слонім—Гродна, з Баранавіч на Навагрудак, Ляхавічы, Нясвіж. У раёне тэхнікумы тэхналагічны і лёгкай прам-сці, вучылішчы медыцынскае, музычнае, педагагічнае; ПТВ, 18 базавых, 26 сярэднеагульнаадук. школ, дзіцячая спарт. школа, 35 дашкольных устаноў, 67 б-к, 5 бальніц. Зоны адпачынку: турбаза «Лясное возера», дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Дружба». Помнікі прыроды: Карчоўскія дубы-блізняты, Камень філарэтаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Сэрца Ісуса (19—20 ст.), царква Іаана Хрысціцеля (18 ст.) у в. Сталовічы; палац кн. Канстанціна Радзівіла (канец 18 ст. — пач. 19 ст.), Юр’еўскі касцёл (19 ст.) у в. Паланэчка; Праабражэнскі касцёл (пач. 19 ст.) і Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Новая Мыш; Крыжаўзвіжанская царква і касцёл (18 ст.) у г.п. Гарадзішча. Мемарыяльная капліца на месцы Мілавідскай бітвы 1863 каля в. Мілавіды. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Выдаецца газета «Наш край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.
Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.
Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб.воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ РАЁН,
на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Вілейка, 409 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Альковіцкі, Асіпавіцкі, Вязынскі, Даўгінаўскі, Жарскі, Іжскі, Ільянскі, Касцяневіцкі, Куранецкі, Любанскі, Нарачанскі, Рабунскі, Хаценчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, на крайнім ПдУ — частка Мінскага ўзвышша. Паверхня плоская або слабахвалістая, пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 257,4 м (каля в. Хаценчыцы). Карысныя выкапні: гліны, торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 611 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Рака Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія. Вілейскае вадасховішча, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма. На ПнЗ — воз. Вішнеўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 42% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя і яловыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 100,4 тыс.га, з іх асушана 33 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў і 6 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Зверагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, агародніну, з тэхнічных — лён і цукр. буракі. Прадпрыемствы дрэваапр. (леса- і піламатэрыялы, тара і інш.), камбікормавай, шкляной (бутэлькі) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Полацк—Мінск і аўтадарогі Маладзечна—Вілейка—Мядзел—Нарач, Смаргонь—Вілейка, Маладзечна—Вілейка—Докшыцы. У раёне 18 сярэдніх, 13 базавых і 11 пач. школ, с.-г. тэхнікум (в. Ілья), 25 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 59 б-к, 9 бальніц, 37 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: званіца канца 18 — пач. 19 ст. і касцёл пач. 20 ст. ў в. Альковічы; парк, закладзены ў 1793, у в. Асцюковічы; сядзіба 2-й пал. 19 ст. і царква пач. 20 ст. ў в. Вязынь; Станіславаўскі касцёл сярэдзіны 19 ст. і Троіцкая царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Даўгінава; вадзяны млын пач. 20 ст. ў в. Іжа; гасцініца канца 19 — пач. 20 ст., Ільінская царква пач. 20 ст. і касцёл канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Ілья; царква 19 ст. ў в. Кастыкі; капліца канца 18 ст. і Петрапаўлаўская царква (1868) у в. Касута; касцёл Маці Божай сярэдзіны 18 ст. ў в. Касцяневічы; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Куранец; Мікалаеўская царква 2-й пал. 18 ст. ў в. Латыгаль; царква канца 19 ст. ў в. Мільча; царква 2-й пал. 19 ст. ў в.Нарач; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Рабунь; капліцы сярэдзіны 18 ст. і 19 ст. і Успенская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Ручыца; Успенская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Спягла. Выдаецца газ. «Шлях перамогі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТА,
залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (ПнЕўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн.га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн.га (плошча асушаных 1,2 млн.га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд.т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.
Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс.г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл.Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).
Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл.Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн.ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;
Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.