помнікі архітэктуры неаготыкі ў г.п. Сапоцкін Гродзенскага р-на. Пабудаваны ў 1868 і 1893 з цэглы як фамільныя пахавальні. Капліца 1868 — кампактнае прамавугольнае ў плане збудаванне з высокім 2-схільным дахам. Шчыт гал. фасада завершаны 4-граннай сігнатуркай. Уваход і ніша над ім, бакавыя аконныя праёмы стральчатай формы. Сцены атынкаваныя з украпінамі дробнага друзу, на шэрым фоне якога вылучаюцца пабеленыя верт. і гарыз. цягі, ліштвы праёмаў. Капліца 1893 — прамавугольная ў плане, пад 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трапецападобным шчытом з 3 вуглавымі 8-граннымі шатровымі сігнатуркамі і крапаваны слаістымі арачнымі нішамі. Стральчаты праём гал. ўвахода фланкіраваны арачнымі эдыкуламі. Бакавыя фасады расчлянёны 4 стральчатымі аконнымі праёмамі. Алтарная сцяна ў інтэр’еры дэкарыравана плоскім 4-пілястравым порцікам з трохвугольным франтонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Леанід Мікалаевіч) (21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТЭ́Й, Кіт, Кідэака,
старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст.н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст.н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст.н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ЎЗЕНЬ,
адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр.ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФО́ННАЕ СПЯВА́ННЕ (ад грэч. antiphonos які гучыць у адказ),
папераменнае выкананне песнапення 2 харамі ці салістам і хорам.
Вытокі антыфоннага спявання ў найстаражытнейшых нар.-песенных формах выканання, у стараж.-грэч. трагедыі, дзе хор часта падзялялі на 2 паўхары, у кульце народаў Усходу. У хрысц. богаслужэнне антыфоннае спяванне ўведзена ў 1 ст.н.э., у зах.Хрысц. царкве — у 4 ст. У праваслаўнай царкве, як правіла, чаргаваліся спевы 2 жаночых або мужчынскага і дзіцячага хароў, у каталіцкай царкве — спевы свяшчэнніка, цэлага хору і яго часткі.
Карані ўсходнеслав. антыфоннага спявання ў карагодных песнях, якія суправаджаліся сыходным і разыходным рухам процілеглых радоў (напр., у песні «Проса» з формай руху «сцяна на сцяну», пашыранай у розных меладычных варыянтах у беларусаў, рускіх і ўкраінцаў). На Беларусі падобныя формы да нашага часу сустракаюцца ў Паазер’і і зах. раёнах (напр., у абрадзе «бараны», зафіксаваным у 1981 у Докшыцкім р-не, 3 групы спявачак па чарзе выконваюць строфы песень розных каляндарных жанраў у тым парадку, як яны размешчаны ў гадавым крузе). Яны ўласцівыя вясельным і жніўным песням. Своеасаблівую трактоўку набывае антыфоннае спяванне ў купальскай абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Першы гатычны касцёл засн. ў 1395 пры кн. Вітаўце (існаваў да 1712). На яго месцы ўзведзены новы мураваны, у 1723 асвячоны віленскім біскупам Мацеем Анцатам. Храм 1-нефавы, з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, да якой з паўн. боку прылягае сакрысція. У кампазіцыі будынка 2 стараж. гранёныя капліцы ранейшага касцёла. Каб зрабіць іх непрыкметнымі з боку ўвахода, сцянагал. фасада і вежы ссунуты адносна падоўжнай восі будынка, што надае яму замаскіраваную асіметрычную кампазіцыю. Сцены па перыметры завершаны адзінай цягай карніза, які падзяляе гал. фасад на высокую ніжнюю частку і трохвугольны атыкавы франтон паміж чацверыковымі вежамі з пакатымі шатрамі. Аконныя праёмы і нішы з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. У капліцах захаваліся гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні, вітражы. У капліцы Божага цела ў паўн. сцяне ўмуравана мемар. пліта, заказаная ў 1643 кашталянам Я.Рудамінам у памяць пра брата і суседзяў, якія загінулі ў 1621 у баі з туркамі пад Хоцінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БЕРЛІ́Н (West Berlin),
асобная палітыка-адм. адзінка (анклаў) на тэрыторыі ГДР у 1949—90. Пл. 480 км². Быў падзелены на 12 гар. раёнаў. Нас. 1,9 млн.чал. (1987). Утвораны пасля 2-й сусв. вайны на тэр. З акупац. сектараў Берліна (амер., брыт., франц.).
23.6.1948 на З.Б. пашырылася грашовая рэформа, праведзеная ў Зах. Германіі. У адказ на гэта 24.6.1948 СССР перакрыў дарогі з Берліна на захад і ўстанавіў блакаду З.Б. (працягвалася 324 дні). Увесь гэты час жыццядзейнасць З.Б. праз «паветраны мост» забяспечвала авіяцыя зах. саюзнікаў.
5.12.1948 у З.Б. праведзены выбары ў гар. парламент, 1.10.1950 прынята асобная заходнеберлінская канстытуцыя. У 1961 па рашэнню ўрада ГДР узведзена сістэма ўмацаванняў уздоўж мяжы З.Б. (гл.Берлінская сцяна). У 1971 прынята 4-баковае пагадненне, якое ўрэгулявала статус З.Б. як асобнай паліт. адзінкі. Органы ўлады Б.З. былі падкантрольныя ваен. адміністрацыі акупац. улад. Вышэйшы орган — гар. палата дэпутатаў, выбіраўся на 4 гады, выканаўчую ўладу ажыццяўляў сенат на чале з бургамістрам. З.Б. быў буйным прамысл. цэнтрам — (маш.-буд., эл.-тэхн., хім.-фарм., харч., швейная прам-сць), асн. знешнегандлёвы партнёр — ФРГ. Пасля аб’яднання ГДР і ФРГ (3.10.1990) асобны статус З.Б. скасаваны, абедзве ч. Берліна зліліся.
Літ.:
Абрасимов П.А. Западный Берлин: вчера и сегодня. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт.Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах.сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новая даўж. будынка 34 м), над паўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна, электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).
П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.
На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.
І.І.Леановіч.
Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯЎСТАНО́ЎКА,
прыстасаванне для пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў іншыя віды энергіі з мэтай іх практычнага выкарыстання. Бываюць з геліяканцэнтратарамі і без іх.
Геліяўстаноўкі з канцэнтратарамі забяспечваюць значнае павышэнне шчыльнасці сонечнай радыяцыі, выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення высокатэмпературных (да 3000—3500 °C пры ккдз 0,4—0,6) тэхнал. працэсаў (сонечныя печы для плаўкі металаў і тэрмаапрацоўкі вогнетрывалых матэрыялаў, сонечныя энергетычныя ўстаноўкі). Геліяўстаноўкі без канцэнтратараў непасрэдна ўлоўліваюць сонечныя прамяні — працуюць па прынцыпе «гарачай скрыні», маюць больш шырокі спектр выкарыстання (сонечныя батарэі, сонечныя воданагравальнікі, апрасняльнікі вады, сушылкі, кандыцыянеры, халадзільнікі і інш.). У геліяэнергетыцы для атрымання пары прамысл. параметраў выкарыстоўваюцца прыблізна парабалічныя геліяўстаноўкі (гл.Сонечная электрастанцыя). Перспектыўныя геліяўстаноўкі з сонечнымі цеплаакумулятарамі (ЦА). У ЦА лішак цеплавой энергіі, створаны за кошт прытоку сонечнага цяпла ў дзённы час, забіраецца цеплаакумулюючым матэрыялам, захоўваецца (да 10 сут) і паступова выкарыстоўваецца для тэхнал. або быт. патрэб.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі геліяўстановак і іх элементнай базы вядуцца ў Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Бел.політэхн. акадэміі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА распрацаваны 2 тыпы ЦА, якія назапашваюць сонечную цеплавую энергію, што паступае праз сцены, вокны і ад геліякалектараў (тэмпературны дыяпазон ЦА 10—150 °C).
Літ.:
Гл. пры арт.Геліятэхніка.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Геліяўстаноўка з парабалоідным канцэнтратарам дыяметрам 10 м: 1 — нясучая канструкцыя з процівагай; 2 — канцэнтратар; 3 — геліяпераўтваральнік.Да арт.Геліяўстаноўка. Цеплавы акумулятар для жылых памяшканняў: 1 — увод і вывад паветра, што награецца; 2 — аднафазнае акумулюючае рэчыва; 3 — фазапераменнае акумулюючае рэчыва; 4 — вадкасны цеплаабменнік.Да арт.Геліяўстаноўка. Сценавая геліяцеплаакумулюючая сістэма для ацяплення памяшканняў: 1 — цеплаўспрымальны элемент (геліяабсорбер); 2 — цеплавы акумулятар; 3 — падлога/столь памяшкання; 4 — радыятар; 5 — прамежкавы цеплаабменнік: 6 — сцяна будынка.