рэшткі стараж. сталіцы Хецкай дзяржавы г. Хатусас на тэр. сучаснага г. Багазкёй (Цэнтр. Анатолія, Турцыя). Заснаваны на паселішчы эпохі энеаліту каля 1500 да нашай эры. Агульная пл. больш за 121 га. Быў абкружаны сцяной з каменю і сырцовай цэглы, меў 3 брамы, упрыгожаныя рэльефнымі выявамі воінаў, ільвоў і сфінксаў. Раскопкі выявілі рэшткі 4 храмаў, некалькіх свецкіх будынкаў, сховішча гліняных таблічак з надпісам (больш за 10 тыс.). За сценамі горада размяшчаліся скальнае свяцілішча Язылыкая з выявамі хурыцкіх багоў, іх служак і іерагліфічнымі надпісамі, могільнік з вял. колькасцю трупаспаленняў. Разбураны каля 1200 да нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМА́ТНЫ ДВОР у Маскве, цэнтр гарматна-ліцейнай вытв-сці ў Расіі ў 15—17 ст.Засн. каля 1479 як казённая мануфактура, што вырабляла гарматы і ядры, а таксама званы, панікадзілы. Самая стараж. гармата адліта ў 1483—84 майстрам Якавам. На Гарматным двары была створана школа майстроў-гарматнікаў, да якой належаў і А.Чохаў, які адліў у 1586 «Цар-пушку». У сярэдзіне 17 ст. на Гарматным двары працавала каля 400—500 майстроў, чаляднікаў і вучняў 32 прафесій (гарматнікі, ліцейшчыкі, кавалі і інш.). З канца 18 ст.сховішча для зброі, боепрыпасаў і сцягоў, якія ў 1802 перададзены ў Крамлёўскі арсенал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ДЫВЕРСІ́ЙНАРАЗВЕДВАЛЬНАЯ ГРУ́ПАў вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з лют. 1942 да ліп. 1944 на чыг. ст. Маладзечна ў складзе 7 чал. (кіраўнік Д.Я.Гярновіч). Са снеж. 1942 падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Чкалава, пазней — са спецатрадам «Дзіма». Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра склад і ўзбраенне гарнізона, рух ням. войск і тэхнікі праз чыг. вузел, правялі каля 20 буйных дыверсій, у т. л. падарвалі сховішча гаруча-змазачных матэрыялаў, паваротны круг у дэпо, чыг. састаў у в. Шнуры, чым затрымалі рух на 12 гадзін, рабілі дыверсіі на шашэйных дарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),
руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),
род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГЕНАФО́НДУ,
комплекс мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні ўсёй сукупнасці відаў жывых арганізмаў з іх выяўленымі і патэнцыяльнымі спадчыннымі задаткамі. Кожны жывы арганізм на Зямлі — унікальны і непаўторны феномен эвалюцыі, у якім ёсць генет. інфармацыя (генет. рэсурс) навук. і прыкладнога значэння. Ахова генафонду — адна з формаў аховы прыроды і пашыраецца на ўсе віды жывых арганізмаў, акрамя асабліва небяспечных хваробатворных. Уключае мерапрыемствы па ахове раслін і жывёл, прапаганду унікальнасці ўсяго жывога і неабходнасці зберажэння ўсёй генет. разнастайнасці арганізмаў. Ахова генафонду неабходная для гасп., навук., экалагічных, этычных і эстэт. мэтаў. Значную ролю ў ахове генафонду адыгрываюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, генет. рэзерваты і генет. калекцыі (бат. сады, дэндрарыі, гадавальнікі, заапаркі, калекцыі насення, спораў, пылку, спермы, зародкаў і тканак арганізмаў, калекцыі мікраарганізмаў, спец.сховішча разнастайнага генет. матэрыялу і гэтак далей). Гл. таксама Ахоўныя расліны і Ахоўныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ГАДА (партуг. pagoda ад санскр. свяшчэнны),
будыйскае мемар. збудаванне і сховішча рэліквій. Узніклі ў пач.н.э. ў Кітаі (П. Сун’юэсы на гары Суншань, 520; Даяньта, 652, і Сяаяньта, 707—709, каля г. Сіянь), вядомы ў Карэі (П. Ханмётхап храма Папчонса, 1085; мармуровая П. храма Вангакса, 1464, абедзве ў Сеуле), Японіі (П. храмавых ансамбляў Сітэнодзі ў Наніве, цяпер г. Осака, 593; Харудзі, канец 6 — пач. 7 ст., і Хакедзі, каля 685, абодва каля г. Нара), краінах Паўд.-Усх. Азіі. Маюць форму павільёна ці вежы (часта шмат’яруснай) з квадратным ці 6—8—12-вугольным планам. У якасці буд. матэрыялаў пры ўзвядзенні П. выкарыстоўваюць дрэва (П. манастыра Кафукудзі ў г. Нара), цэглу, камень, метал, фарфор (П. ў Летнім палацы імператара ў Пекіне).
Пагады: фарфоравая ў Летнім палацы імператара ў Пекіне (уверсе) і манастыра Кафукудзі ў г. Нара (Японія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІграмадзянскай абароны,
інжынерныя збудаванні для аховы і жыццезабеспячэння насельніцтва ад зброі масавага знішчэння і звычайных сродкаў нападу. Падзяляюцца на сховішчы, супрацьрадыяцыйныя і найпрасцейшыя ўкрыцці. Сховішчы грамадз. абароны (асобныя збудаванні павышанай умяшчальнасці) забяспечваюць ахову насельніцтва ад ядз. зброі, атрутных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Пад іх прыстасоўваюць таксама падвальныя памяшканні будынкаў, абсталёўваюць метрапалітэны, тунэлі, падземныя пераходы. Супрацьрадыяцыйныя ўкрыцці забяспечваюць ахову насельніцтва пераважна ад радыеактыўнага і светлавога выпрамянення. Пад іх абсталёўваюць падвальныя і наземныя памяшканні будынкаў, горныя вырабаткі, пячоры і інш. Выкарыстоўваюцца таксама спецыяльна пабудаваныя і хуткаўзведзеныя ўкрыцці, укрыцці катлавіннага тыпу і інш. Найпрасцейшыя сховішчы — шчыліны і траншэі.
Да арт. Ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны. а. Сховішча ў падвале будынка: 1 — тамбур з засцерагальна-герметычнымі дзвярамі; 2 — памяшканне для людзей; 3 — фільтравентыляцыйная ўстаноўка; 4 — аварыйны выхад і забор паветра. б. Супрацьрадыяцыйнае ўкрыцце з лесаматэрыялаў: 1 — уваход з заслонамі; 2 — памяшканне для людзей; 3 — выцяжны кораб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл.Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл.Газаачыстка), транспартавання (гл.Газаправод), захоўвання (гл.Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл.Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРА́РХІЯў прыродзе,
супадпарадкаванне функцыянальных сістэм Сусвету, пры якім меншыя падсістэмы складаюць большыя, а апошнія з’яўляюцца падсістэмамі больш буйных сістэм ці надсістэм. Надсістэма ўзнікае ў выніку множнасці прынцыпова падобных сістэм або несістэмных блокаў з утварэннем у зноў сфарміраванай сукупнасці асаблівых, больш складаных якасцей. У аснове іерархічных узаемасувязей з’яў, працэсаў і прадметаў у прыродзе знаходзіцца міграцыя хім. элементаў атмасферы, гідрасферы, літасферы і жывой матэрыі. Вял. значэнне ў пераносе элементаў у прыродзе належыць жывым арганізмам, якія ажыццяўляюць абмен рэчываў з абіятычным (нежывым) асяроддзем.
Экасістэмы кожнага ўзроўню арганізацыі маюць свой кругаварот рэчываў. У арган. свеце І. выяўляецца ў канкурэнтнай барацьбе за прастору, ваду, сонечнае святло і інш. фактары і праяўляецца ў колькасных суадносінах паміж асобінамі і папуляцыямі. У жывёл І. вызначае сістэму паводзінскіх сувязей паміж асобінамі ў групе (І. эталагічная). Гэтая сувязь рэгулюе ўзаемаадносіны і доступ да корму, сховішча, асобін процілеглага полу (дарослыя дамінуюць над маладымі, самцы над самкамі). Можа быць няўстойлівая, зменная ў залежнасці ад абставін (адноснае дамінаванне), або цвёрдая, устойлівая ў часе (абс. дамінаванне).