верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².
На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр.нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж.ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ.М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,
гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц.г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязяхсав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б.СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г.найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.Купалы, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.Коласа).
Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд.Мн., 1982;
Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд.Мн., 1987;
Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́СЛЕННЕ,
форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.
Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыі філас. думкі (гл.Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).
Літ.:
Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;
Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр.М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),
від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).
Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).
У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел.АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.
Літ.:
Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;
Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;
Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;
Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;
Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.
Ф.Р.Вількін, Я.Ю.Ленсу.
Да арт.Дызайн. 1. Ю.Жуцяеў, С.Паланевіч, В.Сонца, С.Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.Кузюкова, А.Пастухоў, А.Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.Да арт.Дызайн. 1,2. С.Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. 1989. 3. Т.Гардашнікава, Дз.Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.А.Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.Да арт.Дызайн. 1. У.Цэслер, С.Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.Мялоў, С.Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.Да арт.Дызайн. В.Мінько, А.Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЕ І МЕТАЛААПРАЦО́ЎКА,
комплекс галін цяжкай прам-сці па вытв-сці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, дарожна-буд. і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харч. прам-сці і быт. прылад, эл.-тэхн., сродкаў выліч. тэхнікі, падшыпнікавая, авіяц., суднабуд., метал. канструкцый, метал. вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Машынабудаванне як галіна прам-сці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытв-сці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапр. станкоў. Як галіна вытв-сці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету М. і м. найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысл. робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39,5 млн.шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4%, ЗША — 16,8, Германія — 12,4, Францыя — 8,2, Вялікабрытанія — 4,4%) і 16,5 млн.шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7%, Японія — 16,9, Бразілія — 9,6, КНР — 5,0, Рэспубліка Карэя — 3,7%).
На Беларусі М. і м. як галіны вытв-сці пачалі развівацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — машынабуд. і чыгунаметалургічны з-д, як Кашырскі з 1881, металаапр.з-д «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабуд. з-д з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны з-д з 1915. У пач. 20 ст. было 26 невял. металаапр. прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, метал. посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмала-патачнай, дрэваапр. і спіртавой прам-сці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш. У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прам-сці, электрарухавікоў. У пач. 1940-х г. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вял.Айч. вайну ч. машынабуд. з-даў была эвакуіравана ва ўсх. раёны СССР, астатнія разбураны. У пасляваенныя гады структура М. і м. значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны з-ды, радыёзавод у Мінску; асвоена вытв-сць падшыпнікаў, розных с.-г. машын, гадзіннікаў, электронна-выліч. машын, тэлевізараў і інш. Сучасныя М. і м. развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найб. сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45%); буйныя цэнтры М. і м. Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Дынаміку вытв-сці важнейшых відаў прадукцыі машынабудавання гл. ў табліцы. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асн.вытв. фондаў і колькасці рабочай сілы М. і м. займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7%; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7% — дзярж. уласнасці, якія далі 63% усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2% усіх рабочых і служачых, 29,6% прамысл.-вытв. фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, каап.сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысл. комплексу рэспублікі.
Літ.:
Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
Рогач П.І., Сасноўскі В.М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне і металаапрацоўка. Робат-зваршчык у цэху Мінскага аўтамабільнага завода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),
1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.
2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).
3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).
4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).
5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.
Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.
Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.Рымшы, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, П.Багрыма, У.Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт.Беларусь.
Літ.:
Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,
кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.
Пасля Брэсцкай уніі 1596правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел.правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел.правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус.правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.
У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);
Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам.сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.