спосаб электрасувязі, пры якім абмен інфармацыяй паміж двума пунктамі (ці карэспандэнтамі) ажыццяўляецца ў абодвух напрамках. Д.с. бывае: дуплексная сувязь, паўдуплексная (аўтаматызаваны пераход прыём—перадача) і сімплексная сувязь. Рэалізуецца шляхам частотнага, часавага ці інш. раздзялення сігналаў прамога і адваротнага напрамкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАРО́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—Hδ+... Bδ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—Hδ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.
Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ПЛЕКСНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адной фіз. лініі (аднаму каналу сувязі) з адначасовай перадачай паведамленняў у абодвух напрамках. Гл. таксама Сімплексная сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКАЯ СУ́ВЯЗЬ, міжгародняя сувязь,
від тэлефонна-тэлеграфнай сувязі паміж карэспандэнтамі, якія знаходзяцца на далёкай (практычна неабмежаванай) адлегласці адзін ад аднаго. Адначасовая перадача тэлеф., тэлегр., фотатэлегр., тэлевізійных і інш. сігналаў ажыццяўляецца па паветраных, кабельных, радыёрэлейных, спадарожнікавых і інш. лініях сувязі (гл.Многаканальная сувязь). Для кампенсацыі затухання сігналаў на асобных участках ліній устанаўліваюць узмацняльныя пункты або прамежкавыя (рэтрансляцыйныя) станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
электрасувязь з дапамогай токаў высокай частаты. Дазваляе адначасовую і незалежную перадачу па адной лініі сувязі многіх паведамленняў (гл. таксама Многаканальная сувязь); дае магчымасць устанаўліваць высакаякасную сувязь на вял. адлегласці. Распрацавана ў 1920-я г. для радыётэлегр., потым для інш. відаў сувязі па паветраных, кабельных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях. Выкарыстоўваецца для тэлеф. і тэлегр. сувязі, у перадачы даных па міжнар., унутрыабл. і ўнутрыраённых лініях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНАЯ СУ́ВЯЗЬу кіраванні,
хуткая перадача і прыём дзелавой інфармацыі, звязанай з працоўнай дзейнасцю прадпрыемстваў, устаноў і інш. Забяспечваецца сродкамі аргтэхнікі. Бывае бездакументальная (тэлефонная, радыёсувязь і інш.) і дакументальная (тэлегр., фотатэлегр. сувязь, факс, пнеўмапошта і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
хімічная сувязь, якая, у адрозненне ад простай хім. сувязі, утворана больш чым адной парай электронаў. Паводле ліку электронных пар, што ўдзельнічаюць ва ўтварэнні К.с., адрозніваюць падвойную, патройную і чацвярную сувязі.
Паводле ўласцівасцей сіметрыі малекулярных арбіталей К.с. падзяляюць на σ-, π- і δ-сувязі. Арбіталі σ-сувязей маюць цыліндрычную сіметрыю адносна лініі сувязі, арбіталі π-сувязей антысіметрычныя адносна плоскасці, якая праходзіць праз сувязь. Простая хімічная сувязь утвараецца толькі σ-малекулярнымі арбіталямі, а π-сувязь — паміж атамамі ўжо злучанымі σ-сувяззю. Падвойная сувязь складаецца з адной σ- і адной π-сувязей (напр., у малекуле этылену H2C=CH2). Патройная сувязь паміж 2 атамамі з’яўляецца камбінацыяй адной σ- і дзвюх π-сувязей (напр., у малекуле ацэтылену HC=CH). Чацвярная сувязь, характэрная толькі для пераходных металаў, уключае арбіталі патройнай сувязі і арбіталі δ-сувязі. Найб. трываласцю вызначаюцца σ-сувязі. Энергія π-сувязі складае прыкладна 80% энергіі σ-сувязі, а ўклад δ-сувязі, напр., у комплексным октахлорадырэнат-аніёне [Re2CL8]2-, ацэньваецца прыблізна ў 14% ад поўнай энергіі сувязі. Пры наяўнасці ў малекуле 2 і большага ліку К.с. яны ўтвараюць сістэмы з кумуляванымі (2 падвойныя сувязі мяжуюць з адным атамам, напр., у алене H2C=C=CH2), спалучанымі [падвойныя ці (і) патройныя сувязі падзелены адной простай, напр., у акрыланігрыле H2C=CH—C≡N] і ізаляванымі сувязямі (К.с. падзелены 2 і больш простымі сувязямі, гл.Дыенавыя вуглевадароды). У спалучаных сістэмах парадак К.с. (мера кратнасці, заселенасці сувязі электронамі) — велічыня дробная.
Літ.:
Гиллеспи Р. Геометрия молекул: Пер. с англ.М., 1975;
Коттон Ф.А., Уолтон Р.У. Кратные связи металл—металл: Пер. с англ.М., 1985.
Я.Г.Міляшкевіч.
Да арт.Кратная сувязь. Схема ўтварэння сувязей; а) простай σ-сувязі C−C у малекуле C2H6 этану; б) падвойнай сувязі C=C у малекуле C2H4 этылену; в) патройнай сувязі C≡C у малекуле C2H2 ацэтылену.