«КОНТРРЭФО́РМЫ»,

заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.

М.​А.​Сакалова.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІМІ́Р IV Ягелончык

(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),

вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл. Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.

Л.​П.​Грыцкевіч.

Казімір IV Ягелончык.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РМЧЫЯ КНІ́ГІ (ад стараслав. кръмьчии — стырнавы, рулявы),

зборнікі царк. і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўд. і ўсх.-слав. краін. Аб’ядноўвалі царк. правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканад. зборнікаў. Т. зв. Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэч. мовы, зроблены ў Балгарыі ў пач. 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст. Найб. ранні яе спіс наўгародская Яфрэмаўская кормчая пач. 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы К.к. выкарыстоўваліся пры напісанні рус. летапісаў, некат. іх палажэнні ўключаны ў мясц. помнікі царк. права. У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя К.к., перакладзеная ў Сербіі ў 1-й пал. 13 ст. на стараж.-слав. мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканад. палажэнні. У 15—16 ст. найб. пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т. л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816. У 1260—70-я г. на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя К.к. на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясц. тэкстаў. («Закон судны людзям», інш. юрыд. помнікі, манаскія статуты і правілы, гіст. і біягр. творы і інш.). К.к. Рус. рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі. Спісаў Сербскай рэдакцыі К.к. на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рус. рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн. дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),

орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.​Аляксюк (старшыня), А.​Аўсянік, палкоўнікі Г.​Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.​Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.​Кушаль і А.​Якубецкі, Ю.​Мурашка, А.​Прушынскі (А.​Гарун), С.​Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен. мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.​Умястоўскі, Э.​Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.

С.​С.​Рудовіч.

Адозва Беларускай вайсковай камісіі. 1920.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),

асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш. юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд. прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.

Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́Л (франц. idéal ад грэч. idea ідэя, паняцце, уяўленне),

філасофская катэгорыя, якая азначае ўзоры і ўяўленні пра дасканалыя грамадскія сістэмы, абсалютную гармонію, справядлівасць і прыгажосць, найвышэйшую мэту імкненняў і дзейнасці. Адпаведна гэтаму адрозніваюцца ідэальныя аб’екты або мадэлі навукі (паняцце ідэальнага), грамадска-паліт., этычныя І. і ідэалы эстэтычныя. Суадносіцца з каштоўнасцямі, якія даследуюцца аксіялогіяй і сацыялогіяй. Паводле структуры І. ўяўляюць сабой дыялектычна супярэчлівае адзінства аб’ектыўнага быцця і яго суб’ектыўнай ацэнкі.

У грэка-рымскай антычнасці гуманіст. І. людской асобы ўзнік як адзінства фіз. дасканаласці і маральных паводзін, асабістых і грамадскіх інтарэсаў. У хрысц. цывілізацыі абс. І. зададзены вучэннем пра боскую Тройцу, зямное ўвасабленне Бога-сына (Ісуса Хрыста), Багародзіцу, апосталаў, святых і пакутнікаў за хрысц. ідэю. Уяўленні пра дасканалае жыццё дыферэнцыраваліся на І. манаха, рыцара, добрага сеньёра, а ў эпоху Адраджэння яшчэ і дасканалага рамесніка, мастака, вучонага. У працэсе антыфеад. руху фарміраваўся таксама І. сялянскага царства, эталонамі якога паслужылі раннехрысц. камунізм, сямейная, пазней сельская абшчына. Тэорыя І. сфармулявана ў ням. класічнай філасофіі (І.​Кант, І.​Фіхтэ, Г.​Гегель), паводле якой у сваёй паўнаце І. недасягальныя ў эмпірычнай рэальнасці, аднак у якасці духоўных каштоўнасцей служаць для яе ацэнкі, пазнання і ўдасканалення. У 19—20 ст. моцны ўплыў на грамадскую свядомасць, сац. практыку і палітыку зрабіў І. камуніст. грамадства (утапічны сацыялізм, навук. камунізм). У СССР і інш. сацыяліст. краінах ажыццяўленне камуніст. І. непасрэдна звязвалася з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытворчасці, пабудовай бяскласавага грамадства, усталяваннем прынцыпаў справядлівасці і роўнасці людзей.

У хрысц. культуры і асветніцтве сярэдневяковай Беларусі (10—12 ст.) ярка выявіліся І. боскай мудрасці (сімволіка Сафійскага сабора) і грамадскай згоды (асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, рэліг. паэзія, гераічная паэма «Слова аб палку Ігаравым»), Яны засталіся актуальнымі ў эпоху Адраджэння поруч з гуманіст. 1. асветніка, вучонага, будаўніка хрысц. міру, дзяржавы (асветніцтва і творчасць Ф.​Скарыны, М.​Гусоўскага, Сімяона Полацкага, а таксама Статуты ВКЛ). Узмацненне нац., сац., канфесійных супярэчнасцей у 18—19 ст. мелі сваім вынікам палярызацыю грамадскіх І., падзел іх па саслоўна-класавых, ідэалагічных і рэліг. прыкметах. Фальклор, іншыя віды этн. культуры яскрава выявілі нар. І. адхілення эліты («панства») ад улады, стварэння «сялянскага царства», уяўнага працоўнага зямнога раю. У асяроддзі нар. інтэлігенцыі дамінуючым стаў нац.-адраджэнцкі І., сфармуляваны ў новай бел. л-ры і тэарэтычна распрацаваны Ф.​Багушэвічам, М.​Багдановічам, І.​Канчэўскім, А.​Станкевічам і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, у выніку дапушчаных памылак і скажэнняў сацыяліст. ідэі, спрадвечныя нар. І. пра справядлівае грамадства, працоўны «рай» на зямлі выкарыстоўваліся для апраўдання курсу на хуткае завяршэнне буд-ва камунізму ў СССР і яго ўсталяванне ў сусв. маштабе. Сац.-паліт. І. сучаснага бел. грамадства з’яўляецца пабудова дэмакр. прававой дзяржавы, стварэнне ўмоў для свабоднага і ўсебаковага развіцця асобы, годнага ўваходжання краіны ў еўрапейскую і агульначалавечую супольнасць.

У.​М.​Конан.

т. 7, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́СЬМЕННАСЦЬ,

1) сукупнасць пісьмовых помнікаў якога-небудзь народа ў пэўную гіст. эпоху. Адлюстроўвае сферы чалавечай дзейнасці, найважн. з якіх справаводства, культура, навука, рэлігія. Класіфікуецца паводле сістэм пісьма, якімі карысталіся, напр., грэч., лац., стараслав., стараж.-рус. П. Мае вял. значэнне для вывучэння гісторыі, культуры, л-ры і мовы народаў. У залежнасці ад часу ўзнікнення падзяляецца на старую і маладую П.

Старабел. П., як старарус. і стараўкр., — непасрэднае прадаўжэнне стараж.-рускай. Выступала як самастойная сістэма з 14 ст. Літ.-пісьмовая старабел. мова выконвала ролю агульнадзярж. у ВКЛ. Паводле жанрава-стылявых разнавіднасцей падзяляецца на дзелавую, свецкую і рэлігійную. У помніках дзелавой П. шырэй, чым у інш. жанрах старабел. л-ры, адбілася жывая моўная стыхія свайго часу. Гэта шматлікія граматы і дагаворы, актавыя кнігі і дакументы гар. упраў, магістратаў, гродскіх, земскіх і інш. судоў, розныя інвентары, вопісы і рэвізіі, складзеныя на тэр. Беларусі. Асабліва вядомымі былі Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 (адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных зводаў законаў па ўсіх галінах тагачаснага права), Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свецкая П. уключала творы літ.-маст. характару арыгінальныя спісы бел. летапісаў (Супрасльскі летапіс, Віленскі летапіс, Слуцкі летапіс, Румянцаўскі летапіс), хронікі і хранографы (Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Вялікая хроніка»), творы мемуарнага жанру («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Александрыя», «Троя»), Помнікі рэліг. П. — пераклады на бел. мову біблейскіх кніг, жыціі, і апокрыфы, царк. і манастырскія статуты, тлумачальныя, прапаведніцкія і палемічныя творы (гл. Палемічная літаратура), творы гамілетычнай л-ры. Яны пашыраліся ў рукапіснай і друкаванай форме («Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Біблія» Ф.​Скарыны, «Катэхізіс» С.​Буднага, «Евангелле» В.​Цяпінскага, «Казанне святога Кірылы» С.​Зізанія, «Апакрысіс» Хрыстафора Філалета, «Казанне двое...» Л.​Карповіча, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», палемічныя творы І.​Пацея і інш.). Найб. помнікаў старабел. П. (у рукапісах і ў друкаванай форме) прыпадае на 16—пач. 17 ст. У мінулым на Беларусі, апрача старабел., бытавалі царк,слав., польская, лац., араб., яўрэйская П. Пасля Брэсцкай уніі 1596 з прычыны інтэнсіўнага выцяснення бел. мовы са сферы грамадскага і культ. ўжытку і забароны яе (паводле сейма 1697) у якасці дзярж. паменшала колькасць твораў, напісаных кірыліцай. У канцы 17—18 ст. створаны толькі паасобныя помнікі бел. П. традыц. тыпу.

Новая бел. П. пачала складвацца ў пач. 19 ст. на аснове пераважна лацінскага алфавіта, на змену якому прыйшоў рус. грамадзянскі шрыфт. У 19 ст. ў неспрыяльных культ.-гіст. умовах яна развівалася слаба, запаволена. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 культ.-грамадскія і стылістычныя функцыі бел. П. значна пашырыліся. У наш час найб. актыўнымі сферамі яе ўжытку з’яўляюцца маст., грамадска-публіцыстычная і навук. л-ра.

2) Сукупнасць пісьмовых сродкаў зносін, якая ўключае графіку, алфавіт і арфаграфію пэўнай мовы або групы моў, аб’яднаных адной сістэмай пісьма, ці адным алфавітам.

Літ.:

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧАТКО́ВАЯ ШКО́ЛА,

агульнаадукацыйная навучальна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якая дае пач. адукацыю. Разлічана пераважна на дзяцей 6—10-гадовага ўзросту. Тэрмін навучання ў розных краінах ад 4 да 8 гадоў. На Беларусі ўзніклі ў 11 ст. як манастырскія школы граматы. Вядома іх дзейнасць пры епіскапскіх кафедрах у Полацку і Тураве. У 12 ст. П.ш. з’явіліся пры некаторых жаночых манастырах, у т. л. пры манастыры Св. Спаса, заснаваным Ефрасінняй Полацкай, дзе існавала школа для навучання грамаце. Рыхтавалі клірыкаў для службы ў цэрквах і манастырах, а таксама давалі элементарную адукацыю дзецям заможных гараджан. У ВКЛ доўгі час развівалася ў выглядзе манаскіх школ. У 1387 вял. кн. Ягайла заснаваў школу пры каталіцкім кляштары ў Вільні. У 1522 у мяст. Гайна Барысаўскага павета і ў 1545 у мяст. Мядзведзічы Слуцкага павета адкрыты П.ш. пры мясц. каталіцкіх кляштарах. Дзейнічалі П.ш. і пры праваслаўным Святадухаўскім манастыры ў Вільні (засн. ў пач. 16 ст.), а таксама пры манастыры ў Брэсце. З 17 ст. пачалі працаваць П.ш. пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мсціславе, Мазалаве. Да П.ш. належала большасць брацкіх школ. Пануючае месца ў асветніцкай справе Рэчы Паспалітай займалі каталіцкія манаскія ордэны езуітаў і піяраў, якія ў 1740 трымалі пры сваіх кляштарах адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Станаўленне свецкай П.ш. адбылося ў 2-й пал. 18 ст., што звязана з забаронай ордэна езуітаў (1773) і стварэннем Адукацыйнай камісіі. Новыя П.ш. дзейнічалі пры свецкіх акруговых і падакруговых вучылішчах (па колькасці яны саступалі манаскім школам, якія былі амаль пры кожным кляштары).

На бел. землях у складзе Рас. імперыі свецкая сістэма адукацыі, створаная Адукацыйнай камісіяй, ліквідавана, а школы зноў перададзены ордэнам. Падобнага падыходу прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі. У 1824 сярод больш як 380 П.ш. свецкіх практычна не было. Паводле школьнага статута 1828 П.ш. падзяляліся на прыходскія вучылішчы і павятовыя вучылішчы, якія маглі існаваць асобна ці пры гімназіях. Акрамя выхаваўчых мэт П.ш. актыўна ўдзельнічалі ў русіфікацыі Беларусі. У 1864 і 1874 зацверджаны статуты пач. нар. вучылішчаў. Паралельна са свецкімі П.ш. існавалі і царкоўнапрыходскія школы, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду. З канца 19 ст. ствараліся і прыватныя П.ш. У пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 17 тыпаў П.ш. (больш за 6 тыс. навуч. устаноў). Асобнае месца сярод іх займалі гарадскія вучылішчы (павышаны тып П.ш.) і прафесійна-тэхн. школы. У 1917 усе школы сталі дзяржаўнымі. У выніку аддзялення царквы ад дзяржавы (з 1918) школы сталі цалкам свецкімі. Тэрмін навучання ў П.ш. з 1918—5 гадоў, з 1923 (у сувязі з увядзеннем у сістэму адукацыі 7-гадовай школы) — 4 гады. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена абавязковая пач. адукацыя (у Зах. Беларусі з 1939).

Пасля ўпарадкавання структуры школьнай адукацыі (1934) П.ш. стала часткай (1-й ступенню) адзінай агульнаадук. школы. Тэрмін навучання з 1970—3, з 1986—4 гады. Навуч. праграмы адзіныя. Прымаюцца дзеці з 6 гадоў (з 1998). Выкладаюцца бел. і рус. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, выяўл. мастацтва, спевы, фіз. культура, прац. навучанне, замежныя мовы і інш. Адраджаецца сістэма прыватных П.ш. У 1999/2000 навуч. г. ў падрыхтоўчых і 1—4-х класах усіх школ Рэспублікі Беларусь займалася 588,9 тыс. вучняў.

Літ.:

Чехов Н.В. Народное образование в России с 60-х гг. XIX в. М., 1912;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,

кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.

Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.

На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст. аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічная б-ка (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас. Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр. навук. б-ка імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, Нац. б-ка Беларусі, Нац. маст. музей Беларусі.

Літ.:

Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;

Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;

Рукописная и печатная книга. М., 1975;

Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;

Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.

М.​В.​Нікалаеў.

Да арт. Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.
Да арт. Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.
Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.

т. 13, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)