ЗАЛАТНІ́К,

старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = ​1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Ц,

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = ¼ бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л. З 1766 стала наз. чвэрцю. К. наз. таксама пасудзіна, вял. конаўка з ручкай. Назва паходзіць ад кары́, з якой першапачаткова выраблялі кубкі для піцця Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТА (лац. ballista ад грэч. ballō кідаю),

старажытная кідальная машына. Прыводзілася ў дзеянне сілай пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, вяровак і інш.) і прызначалася для разбурэння крэпасцяў і знішчэння іх абаронцаў. Выкарыстоўвалася да канца 5 ст. Далёкасць кідання цяжкіх снарадаў (камянёў, бярвёнаў і інш.) дасягала 400—800 м, лёгкіх стрэл — да 1000 м.

Баліста.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РНЕЦ,

1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарнец малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарцам, роўным 3,2798 л.

2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЕ́НЬ,

старажытная ўдарна-драбільная зброя. Складаўся з кароткай драўлянай ручкі, да аднаго канца якой на ланцугу ці рамяні падвешваўся цяжкі груз (камень, гіра, спец. шматгранная метал. адліўка), а да другога мацавалася пятля для надзявання на кісць рукі (адсюль назва). Быў пашыраны ў Стараж. Русі і многіх краінах Усходу.

Кісцень (1) і клявец (2).

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДЗІЯН (грэч. Gordion, Gordieion),

старажытная сталіца фрыгійцаў (8—5 ст. да н.э.), на правым беразе р. Сакар’я, каля в. Пебі (Турцыя). Засн. легендарным стваральнікам Фрыгійскага царства Гордзіем. У выніку раскопак выяўлены рэшткі абарончых сцен з каменю і сырцовай цэглы, жытлы, могільнік з багатымі пахаваннямі, якія нагадваюць стараж. пахаванні скіфаў. У 7 ст. да н.э. Гордзіян моцна пашкоджаны кімерыйцамі.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава ў Сірыі ў 11—8 ст. да н.э. Вядома з асіра-вавілонскіх і егіп. крыніц і Бібліі. Засн. арамеямі. У пач. 10 ст. падпарадкавана Ізраільскаму царству, з сярэдзіны стагоддзя самастойнае. З канца 10 ст. прэтэндавала на гегемонію ў Сірыі. Найб. магутнасці дасягнула ў пач. 8 ст. да н.э. У 732 да н.э. заваявана Асірыяй.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРСТА́,

старажытная мера (адзінка) даўжыні ў Расіі, на Беларусі, Украіне і ў Польшчы. Вядомая з 11 ст. Лікавае значэнне вярсты мянялася ад 500 да 1000 сажняў. З канца 18 ст. і да ўвядзення метрычнай сістэмы мер вярста прымалася роўнай 1066,781 м. На Беларусі да канца 18 ст. карысталіся вярстой памерам да 789 сажняў (1559,7 м) і вялікай вярстой на 1000 сажняў (1948,2 м).

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ДЫ, гудай,

гудасы (літ. gudai, gudas),

старажытная назва (экзаэтнонім) беларускамоўнага насельніцтва ўсх. Літвы і беларусаў сумежных з Літвой тэрыторый. У гіст. крыніцах назва гуды і вытворныя тапанімічныя формы Гудзелі, Гудзішкі, Гудаўшчына, Гудалаўка, Гудоніс, Гудагай, Гудзенай і інш. вядомы з 15 ст. На думку некат. даследчыкаў, геагр. арэал тапонімаў з коранем «гуд» акрэслівае стараж. кантактную зону бел. і літ. насельніцтва.

І.​У.​Чаквін.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАН (гэльскае clann нашчадак, патомства),

1) старажытная радавая абшчына ў ірландцаў і шатландцаў; у перыяд разлажэння радавых адносін — група кроўных сваякоў, нашчадкаў аднаго стараж. роду, якія насілі імя магчымага родапачынальніка.

2) Род, група, члены якой звязаны пераважна сваяцкімі адносінамі; замкнёная грамадская група, групоўка, якая звычайна ўзнікае і існуе на аснове эканам., дзелавых сувязей, агульнасці інтарэсаў, якія часта маюць злачынны характар (напр., мафіёзны К.).

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)