МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д КАРМАВЫ́Х ДРАЖДЖЭ́Й.
Пабудаваны ў 1983 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Выпускаў кармавыя дрожджы. У 1995 перапрафіляваны на выпуск спірту этылавага рэктыфікаванага і гарэлкі. Асн. прадукцыя (1999): спірт этылавы рэктыфікаваны, гарэлка, напіткі пладовыя моцныя і вінныя вінаградныя.
т. 9, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ДРО́ЖДЖА-ВІНАКУ́РНАЯ І АЛЕ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1870—1910 у г. Бабруйск. Вырабляла спірт, прасаваныя дрожджы, ільняны і канапляны алей, макуху. У 1908 мела 2 паравыя машыны. У 1910 працаваў 51 рабочы, выраблена прадукцыі на 120 тыс. руб.
т. 2, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖАВЫ АЛЕ́Й,
эфірны алей з пялёсткаў ружы (Rosa damascena). Вязкая жаўтаватая вадкасць з пахам ружы, шчыльн. 848—861 кг/м³ (30 °C). Практычна нерастваральны ў вадзе; раствараецца ў этаноле. Асн. кампаненты — цытранелол, гераніёл, нерол, фенілэтылавы спірт. Выкарыстоўваюць як кампанент парфумерных кампазіцый.
т. 13, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКАЯ ВІНАКУ́РНА-ДРО́ЖДЖАВАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1884—1914 у маёнтку Зарэчча Сенненскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла прасаваныя сухія дрожджы, хлебны спірт-сырэц. У 1895—1913 была паравая машына (17 к.с.) і 3 паравыя катлы. У 1906 працавалі 84 чал.
т. 6, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЛЯ́Н (Sorgum nervosum),
аднагадовая травяністая расліна роду сорга сям. злакавых. Вырошчваюць у Кітаі, Карэі, Японіі, на Д. Усходзе, Паўн. Каўказе, на Пд Украіны. Вызначаецца скараспеласцю і засухаўстойлівасцю. Зерне гааляна перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, выкарыстоўваюць на корм жывёле; салома ідзе на паліва, выраб цыновак, для крыцця стрэх.
т. 4, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРБІ́Т,
шасціатамны аліфатычны спірт, прадукт узнаўлення D-глюкозы. Ёсць у марскіх водарасцях, пладах рабіны, слівы, яблыні і інш.
Бясколерныя крышталі салодкага смаку. Пры акісленні ў залежнасці ад умоў утварае глюкозу, фруктозу або сарбозу. D-С. — найб. важны прамежкавы прадукт пры вытв-сці аскарбінавай кіслаты. Ужываюць як заменнік цукру.
т. 14, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРЦЫ́,
вёска ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і племсаўгаса «Азярцы». За 7 км на ПнУ ад Глыбокага, 215 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Глыбокае. 786 ж., 306 двароў (1995). Спірт- і вінзаводы. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 1, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́НЕЎСКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ Дзейнічаў у 1900—14 у Беларусі, у маёнтку Берасценева Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў воцатны парашок, драўняны і метылавы спірт, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, драўняны воцат, ацэтон. Працавала да 160 рабочых (1900), вырабляў прадукцыі на 150—300 тыс. руб. за год.
т. 3, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧЭ́ЎШЧЫНСКІ ВІНАКУ́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1887—1914 у маёнтку Гаршчэўшчына Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). З жыта, ячменю і бульбы вырабляў і ачышчаў спірт-сырэц, з якога гатавалася гарэлка. Меў паравую машыну (з 1890), у 1895 — паравы кацёл. У 1910 і 1913 працавала па 55 рабочых. У 1900 і 1910 выпускалася па 61—65 тыс. вёдзер гарэлкі.
т. 5, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ГІДРО́ЛІЗНЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1936 у г. Бабруйск для перапрацоўкі адходаў Бабруйскага дрэваапр. камбіната. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944—47. У 1960 пушчаны цэх па вытв-сці вуглекіслаты, у 1967 — па вытв-сці кармавых дражджэй, у 1994 — цэх рэктыфікацыі этылавага спірту. З 1985 выпускае штучны заменнік жэньшэню. Асн. прадукцыя (1995): дрожджы кармавыя, фурфурол, тэхн. этылавы рэктыфікаваны спірт, вуглякіслы газ.
С.А.Казак-Антаневіч.
т. 2, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)