АНДРЭ́ЕЎ Андрэй, майстар разьбярскай і сталярнай справы 17 ст. Родам з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 «са таварышчы рабілі крэслы вялікай гасударыні, ларцы і паднасныя сталы».
т. 1, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,
крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСКІ СХОД,
карпаратыўны орган дваранскага самакіравання ў губернях і паветах Рас. імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. Узніклі ў паветах у 1766, потым утвораны губернскія дваранскія т-вы і іх органы — губернскія Д.с. У 1775 «Устанаўленне для кіравання губернямі», а ў 1785 «Даравальная грамата дваранству» узаконілі арганізац. структуру губернскіх і павятовых Д.с. Звычайна яны збіраліся раз у 3 гады; надзвычайныя маглі склікацца часцей, але з дазволу губернатара. Губернскія Д.с. абмяркоўвалі ўсе саслоўныя справы і пытанні, прапанаваныя дзярж. ўладамі; мелі права рабіць прадстаўленні губернатару, міністру ўнутр. спраў, а ў асабліва важных выпадках непасрэдна цару. Важнейшай функцыяй Д.с. былі выбары саслоўных дваранскіх органаў. Павятовыя Д.с. збіраліся за 3 месяцы да губернскага сходу і разглядалі саслоўныя справы павятовага маштабу. Д.с. скасаваны ў 1917.
т. 6, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,
форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТЭНФЕЛЬС (Reutenfels) Якаў, аўтар кніг «Пра маскавіцкія справы» («De rebus Moschoviticis ad serenissimum Magnum Ducem Cosmum Tertium», Patavii, 1680), ураджэнец Курляндскага герцагства. У 1670—73 жыў у Маскве, бываў пры двары цара Аляксея Міхайлавіча. Кнігу напісаў у канцы 1670-х г. для герцага Тасканы, пры двары якога тады жыў. У творы Р. звесткі пра тэр., насельніцтва, паліт. і эканам. лад Расіі, арг-цыю яе судаводства і ваен. справы; пра С.Разіна, сведкам смяротнай кары якога ён быў; характарыстыкі грамадскіх і паліт. дзеячаў, у т. л. Сімяона Полацкага і А.С.Мацвеева. Шмат увагі аўтар аддае архітэктуры і культуры Масквы, у т. л. паведамляе аб прыдворным тэатры, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. У кнізе ёсць і цікавыя нататкі пра г. Магілёў.
т. 13, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
А.У.Марыскін.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́Ф’ЕЎ Сценька, бел. ювелір 17 ст., «майстар сярэбранай справы». Жыў у Полацку. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 разам з вучнем Антошкам Шчасным, пляменнікам Івашкам і інш. полацкімі рамеснікамі вывезены ў Маскву. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля.
т. 2, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРЫ́ЛЛЯ (ісп. camarilla ад camara палата, двор манарха),
група прыдворных, якая ўплывае сваімі інтрыгамі на дзярж. справы ў карыслівых мэтах. Тэрмін стаў ужывацца ў часы праўлення ісп. караля Фердынанда VII [1808, 1814—33], калі прыбліжаныя фактычна кіравалі краінай. З часам стаў устойлівым выразам.
т. 7, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬВА́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
найбольш прымітыўная і нізкапробная частка масавай літаратуры, разлічаная на непатрабавальны густ абывацеля. Атрымала распаўсюджанне ў 19 ст. ў сувязі з развіццём журналістыкі і выдавецкай справы. У творах звычайна пераважае сенсацыйнасць з абавязковай прыгодніцкай ці любоўнай інтрыгай (гучныя забойствы, раманы кіназорак).
т. 3, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́Н Івашка, майстар разьбярнай і сталярнай справы ў 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 у складзе арцелі бел. цесляроў і разьбяроў рабіў крэслы, куфэркі, паднасныя сталы і інш. па-мастацку аздобленыя рэчы для царскіх харомаў.
т. 2, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)