ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,
форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ ЛІСТ,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД судовы дакумент, які выдаецца спаганяльніку пасля ўступлення ў законную сілу рашэння, прыгавору і інш. судовых пастаноў па цывільных і крымін. справах у частцы маёмасных спагнанняў, рашэнняў арбітражу, гасп. судоў і некаторых інш. органаў.
т. 4, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНЫ ВЫ́ШУК,
падраздзяленне крымін. міліцыі Рэспублікі Беларусь і некат. краін СНД, сіламі якога ажыццяўляецца аператыўна-вышуковая дзейнасць па прадухіленні і раскрыцці злачынстваў супраць асобы, грамадскага парадку, бяспекі і інш. Адначасова К.в. з’яўляецца і органам дазнання па справах гэтай катэгорыі. Дзейнасць органаў К.в. рэгламентуецца заканадаўствам.
т. 8, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПІСКАПА́Т,
у каталіцтве сістэма царк. кіравання праз епіскапаў. Е. кожныя 5 гадоў павінны з’яўляцца ў Рым для справаздачы аб справах у епархіі. 2-гі Ватыканскі сабор (1962—65) заснаваў у якасці калегіяльных органаў кіравання нац. і рэгіянальныя канферэнцыі епіскапаў і Сінод епіскапаў пры пале.
т. 6, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮ́ЦІН (Мікалай Аляксеевіч) (18.6.1818, Масква — 7.2.1872),
расійскі дзярж. дзеяч. Брат Дз.А.Мілюціна і У.А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це. З 1835 у Мін-ве ўнутр. спраў. У 1859—61 таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў, фактычны кіраўнік работ па падрыхтоўцы Сялянскай рэформы 1861 (у рэдакцыйных камісіях прадстаўляў ліберальную апазіцыю прыгоннікам). Узначальваў камісію па распрацоўцы праекта Земскай рэформы 1864. У час паўстання 1863—64 накіраваны восенню 1863 у Царства Польскае, дзе кіраваў ажыццяўленнем сял. рэформы. З 1864 статс-сакратар па справах Польшчы і кіраўнік цывільнай часткі канцылярыі ген.-губернатара ў Варшаве; праводзіў палітыку русіфікацыі. З 1865 чл. Дзярж. савета, гал. нач. Канцылярыі па справах Царства Польскага ў Пецярбургу і член Гал. к-та па ўладкаванні маёмасці сялян. Аўтар прац па эканоміцы і статыстыцы, успамінаў, дзённіка.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗНАЧЭ́ННЕ СУДА́,
рашэнне суда 1-й інстанцыі па асобных працэсуальных пытаннях, а таксама любое рашэнне касацыйнай або наглядальнай інстанцый (апрача прэзідыума ці пленума суда) па цывільных і крымін. справах. Рашэнне суда, якое звяртае ўвагу адпаведных арг-цый або службовых асоб на абставіны, што садзейнічалі правапарушэнню, называецца прыватным вызначэннем суда.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВА́Я ДАПАМО́ГА.
дагаворы аб прававой дапамозе, дагаворы, якія заключаюцца дзяржавамі па пытаннях супрацоўніцтва ўстаноў юстыцыі (судоў, органаў натарыяту, пракуратуры), па аказанні юрыд. дапамогі па цывільных, сямейных і крымін. справах. У СНД прынята Мінская канвенцыя аб П.д. і прававых адносінах (1993). Беларусь мае таксама дагаворы аб П.д. з шэрагам інш. замежных дзяржаў. Мэта дагавораў — забеспячэнне ўзаемнага прызнання і захавання маёмасных і асабістых правоў грамадзян адной дзяржавы на тэр. другой дзяржавы. Дагаворы рэгулююць пытанні супрацоўніцтва паміж установамі юстыцыі, прававой абароны, вызначэння кампетэнцыі судоў і прымянення права, працэсуальных правоў іншаземцаў, выканання даручэнняў аб П.д., прызначэння і выканання рашэнняў па цывільных, сямейных справах, прызнання і перасылкі дакументаў, выдачы злачынцаў і г.д. Паводле дагавора П.д. грамадзяне адной дзяржавы карыстаюцца на тэр. другой дзяржавы такой жа абаронай іх асабістых і маёмасных правоў, як і ўласныя грамадзяне.
І.І.Катляр.
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,
часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),
у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы судовы орган Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1923. Складаецца з 45 суддзяў, у т. л. Старшыні, яго намеснікаў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і выконваюць свае абавязкі бестэрмінова. Дзейнічае ў складзе калегій па цывільных справах, крымін. справах, Ваен. калегіі, Прэзідыума і Пленума. У межах сваіх паўнамоцтваў суд разглядае справы ў касацыйным і наглядным парадках і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда 1-й інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законам; вывучае і абагульняе суд. практыку, аналізуе суд. статыстыку і дае тлумачэнні па пытаннях выкарыстання заканадаўства; уносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Вярх. суда вызначаны Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)