ВЯСЛЯ́РНЫ СПОРТ,

адзін з водных відаў спорту; уключае веславанне акадэмічнае (на суднах з уключынамі), веславанне на байдарках і каноэ і вяслярны слалам (на суднах без уключын). Да вяслярнага спорту адносяць таксама гонкі на ялах, шлюпках, прагулачных лодках. На Беларусі развіваецца з 1930-х г.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,

спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).

Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар. саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп. кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш. кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.

На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.​Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.​Канавалавым, Расія), В.​Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.​Страх і А.​Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Парусны спорт. Алімпійскія класы яхт: 1 — «470»; 2 — «Фін»; 3 — «Лятучы галандзец»; 4 — «Зорны»; 5 — «Тарнада»; 6 — «Солінг».

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.

Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.

На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы».

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАВЫ́ СПОРТ,

від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.

Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.​Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.​Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.​Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.

В.​Л.​Працкайла.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.

Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.​Анкуда — чэмпіён СССР па шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.​Альхімовіч, В.​Лукашэвіч, В.​Рускіх, А.​Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.​Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЕРНЫ СПОРТ,

спартыўныя гонкі на буерах па лёдзе ці сушы з роўнай паверхняй. Узнік у канцы 18 — пач. 19 ст. ў ЗША. З 1875 дзейнічаюць правілы спаборніцтваў па буерным спорце, вызначаны класы буераў. У 1931 створаны Еўрап. буерны саюз. Першыя спарт. спаборніцтвы ў Расіі праведзены ў 1890 у Пецярбургу, з 1946 праходзілі чэмпіянаты СССР. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, Амерыкі, з 1964 — свету. Гонкі на буерах па лёдзе папулярныя ў ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Балтыі, Скандынавіі і інш.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЬКАБЕ́ЖНЫ СПОРТ,

адзін з пашыраных відаў зімовага спорту. Уключае скорасны бег на каньках і фігурнае катанне.

Касцяныя канькі вядомы ў паўн. краінах з 12 ст. (выяўлены і ў стараж. Полацку); драўляныя з жал. палазамі і загнутымі наскамі, на якіх выразалі конскую галаву (адсюль назва «канькі»), з’явіліся ў 14—15 ст., металічныя — у канцы 17 — пач. 18 ст. (у Нідэрландах і Англіі), спарт. для скораснага бегу і фігурнага катання — у канцы 19 ст. (бегавыя канькі сканструяваны нарв. канькабежцамі К.​Вернерам і А.​Паўльсенам у пач. 1880-х г.). Чэмпіянаты Беларусі на простых каньках праводзяцца з 1933, на бегавых — з 1935, фігурнае катанне — з 1961.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТНЫ СПОРТ,

від авіяцыйнага спорту, уключае спаборніцтвы на дакладнае пілатаванне верталётам на малой вышыні ў абмежаваны час, слалам, верталётаваджэнне. У СССР пачаў развівацца з 1958, тады ж уключаны ў Адзіную спарт. класіфікацыю. На Беларусі развіваецца з пач. 1960-х г. З 1974 каманда Беларусі па верталётным спорце ўдзельнічала ў чэмпіянатах СССР (бел. верталётчыкі былі чэмпіёнамі і прызёрамі гэтых спаборніцтваў), з 1994 — у чэмпіянатах свету. Бел. майстры верталётнага спорту А.​Грышчанка і А.​Дзятлаў — чэмпіёны свету, І.​Гарэлышава і Т.​Стэльмах — бронзавыя прызёры (усе ў 1994). Падрыхтоўка спартсменаў да 1991 ажыццяўлялася праз структуры ДТСААФ БССР, з 1991 — Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Асн. цэнтры падрыхтоўкі — Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі аэраклубы. У 1978 у Віцебску праходзіў чэмпіянат свету па верталётным спорце.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАЛО́ЎНЫ СПОРТ, спартыўнае рыбалоўства,

здабыча рыб з вадаёмаў рыбалоўнымі прыладамі, выкарыстанне якіх патрабуе непасрэднага ўдзелу рыбалова ў працэсе лоўлі і выключае масавы адлоў рыбы; адзін з відаў рыбалоўства і рэкрэацыйнай дзейнасці. Найб. развіты: кастынг (кіданне грузіла і мушкі на далёкасць і трапнасць з дапамогай вудзільна, аснашчанага мультыплікатарнай або безынерцыйнай катушкай з тормазам), лоўля на вуду і на спінінг, лоўля на блешню і мармышку.

Спаборніцтвы (сусв., міжнар. і клубныя турніры) праводзяцца сярод прафесіяналаў і аматараў. Пераможца вызначаецца па сумарнай масе ўлову. Лоўля вядзецца адной вудай на адзін кручок, дазваляецца прыкормка. Рыбу пасля ўзважвання выпускаюць. Кубкавыя спаборніцтвы звычайна маюць камерцыйны характар (напр., па лоўлі меч-рыбы на Кубак Хемінгуэя).

На Беларусі Р.с. культывуецца т-вамі рыбаловаў і спарт. т-вамі. Рэсп. т-ва паляўнічых і рыбаловаў штогод праводзіць турнірныя спаборніцтвы.

А.​У.​Зубей.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЛЁТНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на самалётах; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спарт. і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі па выкананні фігур вышэйшага пілатажу (у т. л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы.

Узнік у пач. 20 ст. Міжнар. авіяц. федэрацыя засн. ў 1905 (Парыж), Усерасійскі аэраклуб — у 1908 (Пецярбург). Чэмпіянаты свету па вышэйшым пілатажы праводзяцца з 1960 раз у 2 гады. Найб. развіты С.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі, Швейцарыі і інш.

На Беларусі спаборніцтвы па С.с. праводзяцца штогод з 1949. Зборная каманда — сярэбраны прызёр 19-га асабіста-каманднага чэмпіянату СССР (1972). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся В.​Аўсянкін, Т.​Перасекіна, Я.​Фралоў, В.​Яікава і інш.

т. 14, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)