АЛІМПІ́ЙСКАЯ ХА́РТЫЯ,
збор статутных дакументаў па пытаннях алімпійскага руху. Зацверджана ў 1894 Міжнар. спарт. кангрэсам у Парыжы. Вызначае асн. мэты, прынцыпы, палажэнні і правілы арганізацыі і правядзення Алімпійскіх гульняў. Гал. палажэнні алімпійскай хартыі распрацаваны П. дэ Кубертэнам. Складаецца з 5 раздзелаў, афіц. тлумачэнняў і інструкцый, якія маюць абавязковы характар. Да Алімпійскай хартыі прыкладаюцца правілы правядзення рэгіянальных гульняў, якія апякуе Міжнародны алімпійскі камітэт.
т. 1, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІПЛА́Н
(ад бі... + план),
самалёт з двума крыламі, якія размешчаны адно над адным з двух бакоў фюзеляжа. Да 1930-х г. схема біплана была пераважнай для вучэбных, знішчальных і разведвальных самалётаў. Пазней біплан выцеснены манапланамі. У краінах СНД біплан (Ан-2, Ан-24) выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, для мясц. перавозак і інш., за мяжой — у с.-г. і спарт. авіяцыі.
т. 3, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПА́РК,
парк, адметны перавагай вадаёмаў, якія з’яўляюцца базай для арганізацыі водных відаў спорту і адпачынку, кампазіцыйнай асновай арх.-планіровачнай і ландшафтнай арганізацыі. Абавязковыя кампаненты гідрапарку — пляжы з салярыямі, аэрарыямі, спарт. пляцоўкамі. Для яго характэрны ландшафт адкрытых і паўадкрытых прастораў з групавым размяшчэннем насаджэнняў, пароды якіх падбіраюцца з улікам магчымасці вырастання ва ўмовах павышанай вільготнасці. Асаблівая ўвага аддаецца дэкар. афармленню берагавой лініі вадаёмаў.
А.В.Сычова.
т. 5, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГІ́НСКАЯ Святлана Леанідаўна
(н. 9.2.1973, Мінск),
бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1989). Трохразовая алімп. чэмпіёнка (1988, Сеул, у камандным заліку і апорным скачку; 1992, Барселона, у камандным заліку), сярэбраны і бронзавы прызёр Алімп. гульняў 1988. Чэмпіёнка свету ў мнагабор’і (1989—90) і ў камандным першынстве (1989, 1991), чэмпіёнка Еўропы ў мнагабор’і (1986—87), у практыкаваннях на бервяне (1992), неаднаразовая чэмпіёнка СССР.
т. 2, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ будаўнічыя, канструкцыі і вырабы з алюмініевых сплаваў ці тэхн. алюмінію. Лёгкія, трывалыя, даўгавечныя, маюць высокія дэкар. якасці, але складаныя ў выкананні роўнатрывалых злучэнняў, асабліва зварных; патрабуюць уліку зніжанага (прыкладна ў 3 разы ў адносінах да сталі) модуля пругкасці алюм. сплаваў. На выраб алюмініевых канструкцый ідуць тонкі ліставы метал і прасаваныя танкасценныя профілі. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйныя і аддзелачныя элементы ў будынках, трансп., спарт. і інш. збудаваннях.
т. 1, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ХАВА,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Абухава». За 18 км на ПдУ ад Гродна, 1,5 км ад чыг. ст. Жыдомля. 1702 ж., 521 двор (1994). Калектыўнае с.-г. і гандл. прадпрыемствы, лазнева-пральны камбінат, станцыя тэхн. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Палац культуры, б-ка, дзіцячы сад, амбулаторыя, аддз. сувязі, ашчадны банк, гандлёвы цэнтр.
т. 1, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНА-МАТО́РНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на скорасць перамяшчэння па вадзе на гоначных і спарт. суднах з падвешанымі маторамі або стацыянарнымі рухавікамі; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае таксама турызм на маторных суднах. Судны (адрозніваюць спарт., гоначныя, надзіманыя і інш.) класіфікуюцца ў залежнасці ад рабочага аб’ёму (літражу) рухавікоў або гранічна дапушчальнай сумарнай масы корпуса і сілавой устаноўкі. Усе тыпы і класы гоначных суднаў маюць міжнар. індэксы. Рэгіструюцца рэкорды скорасці, гонкі праводзяцца па замкнутых (кальцавых) трасах, якія пазначаны буямі; старт і фініш звычайна ў адным месцы.
Водна-маторны спорт узнік на пач. 20 ст. З 1922 дзейнічае Міжнар. саюз водна-маторнага спорту (УІМ), у 1908 спаборніцтвы па водна-маторным спорце былі ў праграме Алімпійскіх гульняў. З 1920-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы ў розных класах. З 1967 па суме лепшых вынікаў у 8—10 гонках (праводзяцца ў розных краінах) вызначаюць чэмпіёна свету па акіянскіх гонках. На Беларусі водна-маторны спорт развіваецца з 1956.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1965 як Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці. З 1995 ун-т. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: канструктарска-тэхналагічны; эканоміка-тэхналагічны; механіка-тэхналагічны; завочны; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1989. Ун-т мае 2 н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, музей гісторыі ун-та, спарт. комплекс, эксперыментальна-доследнае прадпрыемства. З 1980 выдае зборнік навук. прац (у 2 частках).
т. 4, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖАЛО́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч
(н. 2.7.1934, Баку),
бел. педагог: Д-р пед. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Азерб. ін-т фіз. культуры (1957). З 1962 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, з 1995 — прарэктар. Даследуе праблемы тэорыі і методыкі фіз. выхавання, спарт. трэніроўкі, масавай фіз. культуры. Аўтар прац «Фізічная падрыхтоўка школьніка» (1980), «Сёння і кожны дзень» (1983), «Фізічнае выхаванне ў школе» (1988, з Я.М.Ворсіным), «Стадыён у двары» (1991) і інш.
т. 5, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАЛО́ЎСКІ Юрый Міхайлавіч
(н. 5.7.1942, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. трэнер Беларусі (1968), засл. трэнер СССР (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1963). З 1964 трэнер старт. т-ва «Працоўныя рэзервы», з 1993 трэнер-выкладчык Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства Цэнтра фіз. выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Сярод выхаванцаў чэмпіёны свету, Еўропы Т.Папова, М.Хахол, Л.Кабакова і інш.
т. 2, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)