[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДКІ́,
руская нар.спартыўная гульня. Бітамі (палкі даўж. Да 1 м) неабходна выбіць з горада (пляцоўка 2 × 2 м) 5 гарадкоў (цуркі даўж. 20 см, дыяметрам 5 см), складзеных у выглядзе розных фігур (звычайна ў партыі іх 15). Біты кідаюць з пэўнай адлегласці (кон — 13 м, паўкон — 6,5 м). Перамагае спартсмен ці каманда, што затрацілі на выбіванне фігур найменшую колькасць біт. Камандныя спаборніцтвы складаюцца з 3—5 партый, у асабістым першынстве спартсмены на працягу 3 тураў выбіваюць 90 фігур (па 30 у кожным). Фіксуюцца рэкорды на выбіванне 15, 30, 45, 60, 90 фігур.
Зарадзіліся гарадкі ў 1820-я г. ў Расіі і на Украіне. Правілы распрацаваны ў 1923. На Беларусі спарт. гарадкі развіваюцца з 1924, чэмпіянаты рэспублікі з 1949, найб. актыўна з 1960-х г. Каманда Беларусі бронзавы прызёр Кубка Еўропы 1994, А.Ярашэвіч — чэмпіён Еўропы 1996. З 1993 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гарадошнага спорту (штаб-кватэра ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДМІНТО́Н (англ. badminton),
спартыўная гульня з ракеткай і валанам. Радзіма бадмінтона — Індыя. У 2-й пал. 19 ст. завезены ў Англію, назва ад англ.г. Бадмінтан, дзе ў 1872 прайшлі першыя спаборніцтвы па бадмінтоне.
У бадмінтон гуляюць на пляцоўцы 13,4 × 5,2 м (для адзіночных) ці 13,4 × 6,1 м (для парных сустрэч) праз сетку памерам 6,10 × 0,75 м, нацягнутую на выш. 155 см. Мэта гульні не дапусціць падзення валана на сваім баку, а прызямліць яго на пляцоўцы саперніка. Гуляюць 3 партыі да ліку 15 ачкоў у кожнай, у жаночых і дзіцячых сустрэчах да 11 ачкоў. З 1934 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бадмінтона, чэмпіянаты свету з 1977, Еўропы з 1968; з 1992 (Барселона) бадмінтон у Алімпійскай праграме.
На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Зборная Беларусі па бадмінтоне неаднаразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў СССР, Кубкаў СССР і летніх Спартакіяд народаў СССР. Бел. бадмінтаністы С.Розін і А.Скрыпко (1977, 1979), Скрыпко і С.Балясава (1979) уладальнікі Кубка Еўропы ў камандным першынстве. З 1993 Беларусь член Міжнар. федэрацыі і Еўрап. саюза па бадмінтоне.
Да арт.Бадмінтон. Пляцоўка для гульні, ракетка і валан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ПО́ЛА, ватэрпола,
камандная спартыўная гульня з мячом у басейне; адзін з водных відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 7 чал. на воднай пляцоўцы 30 × 20 м (глыб. не менш за 1,8 м). Пасярэдзіне больш кароткіх бакоў пляцоўкі ўстаноўлены вароты шыр. 3 м, выш. 0,9 м. Гульня доўжыцца 4 перыяды па 5 мін кожны (улічваецца чысты час). Мэта гульні: перадаючы мяч партнёрам, кожная з каманд імкнецца закінуць яго ў вароты саперніка. Стыль плавання адвольны, мяч можна весці і кідаць адной рукой (дзвюма рукамі гуляе толькі варатар). Парушэнне правіл караецца перадачай мяча праціўніку ці (за грубую гульню) выдаленнем парушальніка на 45 с або да прапушчанага гола.
Узнікла воднае пола ў Вялікабрытаніі ў 2-й пал. 19 ст. Да пач. 20 ст. стала развівацца і ў інш. краінах. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы (з 1926), свету (з 1973). З 1926 дзейнічае К-т воднага пола пры Міжнар. аматарскай федэрацыі плавання (ФІНА). На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. Чэмпіянаты краіны з 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́ЎБІЧЫ»,
рэспубліканскі спарт. комплекс непадалёку ад в. Раўбічы Мінскага р-на, прызначаны для трэніровак і спаборніцтваў па біятлоне, лыжных гонках, лыжным дваябор’і, скачках на лыжах з трампліна, слаламе, канькабежным спорце, фрыстайле, сноўбордзе; асн. цэнтр падрыхтоўкі бел.нац. зборных па зімовых і інш. відах спорту Пабудаваны ў 1974 (арх. В.Аладаў, У.Крывашэеў, С.Неўмывакін) сярод ляснога ландшафту, на тэр. 36 га. У 1980—90-я г. плошча комплексу пашырана да 80 га. У комплекс уваходзяць: спарт. збудаванні — стрэльбішчы асноўнае (150 × 140 м) з 100-метровым жалезабетонным бліндажом і трэніровачнае (150 × 50 м); трасы — лыжная (3 пятлі агульнай даўж. 20 км, 3 лыжныя трампліны са штучным пакрыццём, разліковая даўж. скачка 20, 40 і 60 м), спецыялізаваная лыжаролерная з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная. ролікадром (150 × 60 м) і інш.; універсальная спарт. зала, 2 гасцініцы, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, судзейскі павільён з прэс-цэнтрам, вузлом сувязі і інш., адм.-гасп. корпус. На штучных земляных валах размешчаны трыбуны для гледачоў, злучаныя пераходнымі мастамі з трыбунамі каля судзейскага павільёна. У «Р.» праводзяцца буйныя міжнар і рэсп. спаборніцтвы.
В.Б.Ангелаў.
Спартыўны комплекс «Раўбічы». Адзін з лыжных трамплінаў.Спартыўны комплекс «Раўбічы». Універсальная спартыўная зала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),
камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн.час.
Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).
Да арт.Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДБО́Л (англ. hand-ball ад hand рука + ball мяч),
ручны мяч, спартыўная камандная гульня з мячом. Існуюць 2 разнавіднасці гандбола: 7 × 7 і 11 × 11 (па 7 і па 11 чалавек у камандах). Міжнар. прызнанне атрымаў гандбол 7 × 7 (зарадзіўся ў Даніі ў 1898, правілы распрацаваў Х.Нельсен). Гуляюць у зале на пляцоўцы 40 × 20 м. Перадаючы рукамі мяч партнёрам, спартсмены імкнуцца закінуць яго ў вароты саперніка, якія абараняе варатар. Пры гэтым спартсмены не маюць права знаходзіцца бліжэй 6-метровай зоны перад варотамі. Гульня доўжыцца 2 таймы па 30 мін (у жанчын — па 25 мін). Пры парушэнні правіл гульні мяч перадаецца саперніку, грубыя парушэнні караюцца 7-метровым штрафным кідком (пенальці) і выдаленнем парушальніка на 2 мін. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1938 (мужчыны) і з 1956 (жанчыны), у праграме Алімпійскіх гульняў гандбола з 1972 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гандбола (ІГФ).
На Беларусі развіваецца з канца 1950-х г. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1961. Мінскі гандбольны клуб СКА (спарт. клуб арміі, трэнер С.Мірановіч) — чэмпіён СССР 1981, 1984—16, 1988, 1989, уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрап. краін 1983 і 1988, Суперкубка 1989. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі бел. гандбалісты А.Каршакевіч, Г.Свірыдзенка, А.Тучкін, К.Шаравараў, Ю.Швяцоў (1988), А.Барбашынскі, А.Мінеўскі, М.Якімовіч (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (юрыд.),
устройствы і прадметы, канструктыўна прызначаныя для паражэння жывой ці інш. цэлі, а таксама для падачы сігналаў. У адпаведнасці з нац. заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у залежнасці ад мэты выкарыстання адрозніваюць З. грамадзянскую, службовую і баявую. Да грамадзянскай З. належыць: З. самаабароны [агнястрэльная гладкаствольная і бясствольная, святлогукавога дзеяння, газавая З. (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. ўстройствы), электрашокавыя ўстройствы і іскравыя разраднікі]; спартыўная З. (агнястрэльная з наразным ствалом і гладкаствольная, халодная клінковая, кідальная, пнеўматычная); паляўнічная З. (агнястрэльная розных тыпаў, халодная клінковая і інш.); сігнальная З. (трасіруючыя кулі і снарады, дымавыя снарады і інш.); халодная З., прызначаная для нашэння з нац. касцюмам, казацкай і інш. формай. Службовая З. ўключае агнястрэльную гладкаствольную, наразную караткаствольную і інш. У паняцце баявая З. ўваходзяць усе яе віды, прызначаныя для вырашэння баявых і аператыўна-службовых задач, прынятыя на ўзбраенне рознымі органамі дзяржавы і іх супрацоўнікамі ў адпаведнасці з заканадаўствам. У шэрагу краін права легальна набываць, трымаць і выкарыстоўваць З. маюць усе або асобныя грамадзяне (у ЗША больш за 200 млн., у Расіі каля 4 млн., у Рэспубліцы Беларусь каля 200 тыс. адзінак такой З.). У Рэспубліцы Беларусь З. можа знаходзіцца ў насельніцтва толькі пры наяўнасці спец. дазволу праваахоўных органаў. Ваеннаслужачыя, звольненыя ў запас або ў адстаўку, маюць права трымаць корцік ці інш. халодную З. Крымін. заканадаўства Беларусі ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, збыт і крадзеж З., боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.