храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл.Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКІ МЕРЫНО́С,
парода танкарунных авечак воўнавага і мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1920—51 у паўд. раёнах еўрап.ч.СССР паляпшэннем і скрыжаваннем мазаеўскіх і новакаўказскіх авечак з баранамі асканійскай пароды, прэкас, рамбулье, каўказскай і інш. Выкарыстоўваліся пры вывядзенні грузінскай танкаруннай і забайкальскай парод. У 1960—80 адна са шматлікіх танкарунных парод авечак у СССР. Гадуюць пераважна ў Расіі (паўд. раёны, Зах. Сібір і інш.) і Казахстане.
Жывёлы моцнай канстытуцыі, з прапарцыянальным тулавам, магутным касцяком. Скура шчыльная, на шыі 1—2 невял. папярочныя складкі ці 1 падоўжная (бурда). Маса бараноў 90—110 (да 130) кг, матак 50—55 (да 70) кг. Руно самкнутае, воўна мерыносавая, эластычная, мяккая, ураўнаваная па тонкасці і даўж. (7,5—10 см), з раўнамернай пакручастасцю. Настрыг воўны з бараноў 13—16 (да 24) кг, з матак 5—7 кг. Выхад чыстай воўны 36—42%. Плоднасць 120—140 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАРА́К,
паясное жаночае адзенне, спадніца з шарсцяной ці паўшарсцяной саматканкі. Вядомы па ўсёй Беларусі за выключэннем паўн.-зах. раёнаў. Шылі з 3—5 полак. Малюнак (у клетку або ў падоўжныя ці ў папярочныя палосы) утвараўся на вохрыста-ружовым, вішнёвым, сінім, зялёным, серабрыста-белым, чорным фоне тканіны. Дадатковымі элементамі дэкору служылі запрасаваныя складкі, вышыўка, карункавыя тасёмкі, стужкі. У 19 — пач. 20 ст.найб. пашыраныя былі клятчастыя андаракі (чырвона-чорныя клеткі па ўсім полі — ваўкавыска-камянецкі строй). Паступова да чорнага і чырвонага колераў пачалі дадаваць зялёны, ружовы, жоўты і інш. У паўд.-зах. і цэнтр. раёнах Беларусі пераважалі андаракі ў папярочныя палосы (ляхавіцкі строй, пухавіцкі строй), ва ўсх. — у падоўжныя (шырокія чырвоныя чаргаваліся з вузейшымі белымі). З пач. 20 ст. пашыраны аднатонныя чырвоныя, сінія і інш. андаракі. Святочныя андаракі абавязкова гафрыравалі. Выйшаў з ужытку ў 1930-я г.
Андаракі з в. Збляны Лідскага раёна Гродзенскай вобл. 1920-я г. (уверсе) і з Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНІЦЫ (Nyctalus),
род млекакормячых сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй, Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у шыракалістых і мяшаных лясах. На Беларусі 3 віды. Найб. пашыраны вячэрніца рыжая (Nyctalus noctula), селіцца ў старых высакастволых лясах, парках, гаях, старых садах. Вячэрніца гіганцкая (Nyctalus lasiopterus) і вячэрніца малая (Nyctalus leisleri) трапляюцца радзей. Вячэрніца гіганцкая — рэдкі пералётны від (уся тэр. рэспублікі ў межах арэала, зарэгістравана знаходка ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл.); селіцца ў мяшаных насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі. Вячэрніца малая трапляецца ў лісцевых лясах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 10,4 см, хваста да 6,5, перадплечча да 6,9 см. Маса да 76 г. Вушы круглаватыя, тоўстыя, сабраныя ў складкі. Крылы вузкія, доўгія, завостраныя на канцах. Поўсць густая, шаўкавістая, зверху ад рыжага да карычневага колеру, знізу святлейшая. Кормяцца на змярканні і на досвітку насякомымі. У прыплодзе 1—2 дзіцянят. Робяць далёкія сезонныя міграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РКА,
1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).
2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.
М.Ф.Раманюк.
Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕ́Й (ад грэч. archaios старажытны),
архейская эра і група архейская акратэма (акрон), самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваныя зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТА́НЬ,
пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.
Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл.Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геам. арнамент вышыўкі чырвонымі і чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6—8 кліноў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы — намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявочы галаўны ўбор — хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка-каляшыйка. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Навагрудскі строй. Маладуха ў верхнім адзенні з каптуром. Вёска Курылавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 16.4.1952, в. Акцябр Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). З 1976 выкладае ў Бел.АМ (з 1996 праф.). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. У станковых творах ярка выяўлены графічныя інтэрпрэтацыі і пераасэнсаванне традыц.нар. культуры ў сучасных маст. формах, філасафічнасць; значная ўвага аддаецца глыбокай танальна-каларыстычнай прапрацоўцы: серыі «Беларускія мадонны» (1970), «Этнографы» (1978), «Маці-Бацькаўшчына» (1983); лісты «Зіма. Стары гасцінец», «Аздаміцкі святы», «Памяць старых курганоў», «Тут вакол мая памяць», «Аздамічы. Час медазбору» (усе 1988), «Сон зямлі» (1990), «Легенда старога замка» (1993), «Далёкае — блізкае», «Князь» (абодва 1994), «Каўчэг захаваных свят», «У крузе магічных абрадаў», «Шэсце», «Святасць споведзі» (усе 1996), «Перакрыжаванні», «Гуканне вясны» (абодва 1998), «Вобраз складкі», «Рух з запасам цішыні», «Анёл сноў» (усе 1999), «Той, хто носіць сваю дарогу», «У пошуку згубленага часу» (абодва 2000), «Разарваныя фрагменты памяці». «Жывапіс для ветру», «Вярнуцца, каб ізноў вярнуцца» (усе 2001). У кніжнай графіцы арганічна спалучае графічныя элементы з выразнымі сродкамі друкарскага набору. Аформіў кнігі «Міхасёвы прыгоды» Я.Коласа (1980), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» Н.Мацяш (1982), «Творы» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Госці» В.Віткі, «Малы-малышок» (усе 1984), «Родныя дзеці» Н.Гілевіча, «З рога ўсяго многа» (абедзве 1985), «Выбранае» Цёткі (1986) і інш. Аўтар серый акварэляў «Голас Янкі Купалы» (1982), «Па Міншчыне» (1983), «Палессе» (1984).
Літ.:
Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х г.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Нясвіжскага і Клецкага р-наў Мінскай вобл. Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарыз. шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначаецца суладдзем сакавітых рознакаляровых (у вясёлкавай гаме) гарыз. шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерамі фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геам. ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне. Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай рознакаляровай паперай, сабранай ў веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасемкі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — сярмяга са складкамі на спіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Ляхавіцкі строй. Касцюм маладой і дружкі. Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. 1920-я г.