«ЗВЕ́ННІ»
(«Звенья»),
аб’яднанне рус. пісьменнікаў у БССР у 1925—28. Утворана з рус. секцыі «Маладняка». Уваходзілі Мінская, Віцебская, Полацкая і Магілёўская групы, пісьменнікі М.Гольдберг, Р.Лахматы (Р.Кобец), С.Пілітовіч, Я.Садоўскі і інш. Арганізоўвала літ. вечары ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, стварала літ. групы і студыі, праводзіла кансультацыі для творчай моладзі, наладжвала сувязі з літ. аб’яднаннямі Масквы, запрашала для выступленняў паэтаў з РСФСР. Выдала альманах «Звенья» (1926). У 1928 яе чл. ўвайшлі ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў як рус. секцыя.
К.Р.Хромчанка.
т. 7, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́НЧЫК (Юдзіф Самойлаўна) (19.12.1908, Мінск — 3.6.1993),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926, яўр. секцыя). Працавала ў Дзярж. яўр. т-ры БССР (да 1949). У 1950—56 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1970—90 маст. кіраўнік Мінскага нар. т-ра мімікі і жэсту Бел. рэсп. т-ва глухіх. Мастацтва Арончыка вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. З лепшых роляў: Вера Паўлаўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), Лаўрэнсія («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні).
т. 1, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПА СУ́ВЯЗЯХ З СУАЙЧЫ́ННІКАМІ ЗА РУБЯЖО́М, Беларускае таварыства «Радзіма»,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1964 (у 1960—64 дзейнічала Бел. секцыя к-та «За вяртанне на Радзіму і развіццё культ. сувязяў з суайчыннікамі»). У 1976 пераўтворана ў Бел. т-ва «Радзіма». Сярод заснавальнікаў Р.Шырма і М.Танк. Асн. кірункі дзейнасці: культ. і эканам. кантакты з аб’яднаннямі землякоў за мяжой і асобнымі суайчыннікамі, перасылка за мяжу л-ры, падручнікаў, кінафільмаў, фотавыставак і інш., арганізацыя курсаў па вывучэнні бел. гісторыі, культуры і мовы, гуманіт. дапамогі ад замежных суайчыннікаў жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 і інш. Т-ва заснавальнік газ. «Голас Радзімы».
т. 2, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску,
клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел. тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел. дзярж. т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.
Літ.:
Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.
Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.Вашкевіч, У.Галубок, Р.Жакоўскі, А.Крыніца, М.Міцкевіч, Л.Навахацкая, Ч.Родзевіч, В.Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Кветка папараці» К.Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. работу.
А.В.Сабалеўскі.
т. 2, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ДА́НІІ (СДПД; Danmarks Socialdemokratiske Parti),
адна з вядучых партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1871 як секцыя 1-га Інтэрнацыянала, у 1872 распушчана дацкім урадам, у 1876 адноўлена як С.-д. саюз. З 1884 сучасная назва, парламенцкая партыя. Уваходзіла ў 2-і Інтэрнацыянал (з 1889). У 1924—42 (акрамя 1926—29), 1945, 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і з 1993 кіруючая партыя. Ідэалогія — рэфармізм. Сярод прэм’ер-міністраў Даніі ад партыі — яе лідэры Т.Стаўнінг (1924—26, 1929-42), Х.К.Хансен (1955—60), П.Н.Расмусен (з 1993). Уваходзіць у Сацыяліст. інтэрнацыянал.
Літ.:
Тимашкова О.К. Скандинавская социал-демократия на современном этапе. М., 1978.
т. 14, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,
від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б. СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
т. 1, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (БСДРП),
арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да крас. 1918. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), налічвала каля 700 чл. — рабочых і маракоў Балт. флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.Р.Чарвякоў, І.В.Лагун, Ю.У.Памецка, У.В.Скарынка, А.Х.Усціловіч (Усціновіч) і інш. Вяла паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастр. узбр. паўстанні, у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У студз. 1918 БСДРП удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны А.Р.Чарвякоў. У крас. 1918 на аснове БСДРП створана бел. секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С БЕЛАРУСІ́СТАЎ (Адбыўся 25—27.5.1991 у Мінску; удзельнічалі даследчыкі беларусістыкі) (гл. Беларусазнаўства) больш чым з 10 краін свету. Падрыхтаваны на працягу года Арганізац. к-там пад кіраўніцтвам праф. А.Мальдзіса пры ўдзеле АН БССР, Мін-ва культуры БССР, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рэсп. асацыяцыі беларусістаў. Распачаў дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (прыняты яе статут і выбраны кіруючыя органы). Навук. праца кангрэса праходзіла на пленарных і секцыйных пасяджэннях па кірунках; «Гісторыя і культура» (секцыя характарызавалася разнастайнай тэматыкай выступленняў),
«Мовазнаўства» (шмат часу прысвечана пытанням рэфармавання сучаснай бел. мовы; усяго каля 30 выступленняў), «Л-ра, маст. пераклад і фальклор» (каля 20 паведамленняў пра найноўшыя здабыткі ў галіне перакладу і апрацоўкі літ. спадчыны). У заключны дзень працы адбыўся «круглы стол» (агульнакангрэсавая нарада) «Бел. дыяспара».
Кр.: Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1. Мн., 1993.
У.Я.Калаткоў.
т. 12, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)