ДРАБІ́НЫ,

1) сялянскія калёсы са здымнымі рашэцістымі бакавінамі. Гл. таксама Мажара.

2) Прыстаўная лесвіца.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НАХ ((Banach) Стафан) (30.3.1892, Кракаў — 31.8.1945),

польскі і ўкр. матэматык; адзін са стваральнікаў львоўскай матэм. школы. Чл.-кар. АН у Кракаве (1924). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1914). З 1924 праф. Львоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў сучаснага функцыянальнага аналізу. Яго імем названы лінейныя прасторы, у якіх найбольш плённа вывучаюцца лінейныя функцыяналы і аператары.

Тв.:

Рус. пер. — Дифференциальное и интегральное исчисление. 3 изд. М., 1972.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,

сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСТО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,

узроставая група, якая перайшла стан спеласці лясоў. Характарызуецца слабым ростам дрэў верхняга яруса, невял. прыростам масы драўніны. У Пл. часцей распаўсюджваюцца хваробы, узнікаюць бураломы. Узрост, у якім лес адносяць да Пл., залежыць ад пароды дрэў і знешніх умоў. На Беларусі перастойнымі лясамі лічацца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя — са 140 гадоў, хваёвыя і яловыя — са 120, бярозавыя — з 80, асінавыя, альховыя — з 60 гадоў.

т. 12, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАМІ́НЫ,

нізкамалекулярныя бялкі, якія вылучаюць са спермы рыб і птушак. Маюць у сабе астаткі шчолачных амінакіслот, напр., аргініну да 70—80%. Лёгка ўтвараюць солі з рознымі к-тамі; хларыды, нітраты і сульфаты П. растваральныя ў вадзе. Больш вывучаны ў сперме рыб, дзе складаюць фракцыю асн. бялку. Напр., П. са спермы селядца наз. клупеінам, ласося — сальмінам, карпа — цыпрынінам. Комплекс П. з інсулінам выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНЫ́ СХОД,

распарадчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзены ў 1797 для дзярж. сялян. У сувязі са скасаваннем валасцей на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. валасныя сходы тут не склікаліся. Пасля сялянскай рэформы 1861 уведзены ў еўрап. частцы імперыі для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. адноўлены для б. дзярж. сялян.

Складаўся са службовых асоб і сялян, выбраных на сельскіх сходах па 1 ад 10 двароў; у зах. губернях удзельнічалі і парабкі. Вырашаў адм.-гасп. справы воласці, выбіраў службовых асоб, валасное праўленне, у пач. 20 ст. — упаўнаважаных сялян на выбарах у Дзярж. думу і інш. 3.6.1917 скасаваны Часовым урадам у сувязі са стварэннем валасных земстваў.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́ШАНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў a, b, c, лік, роўны скалярнаму здабытку вектара a на вектарны здабытак вектараў b і c. Запісваецца ў выглядзе ( a , b , c ) = ( a , [ b , c ]) = a ( b × c ) . Лікава роўны аб’ёму паралелепіпеда, пабудаванага на вектарах a, b, c, які бярэцца са знакам плюс, калі гэтыя вектары ўтвараюць правую тройку, і са знакам мінус у процілеглым выпадку. Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРВО́ТА, ванітаванне,

мімавольнае выкідванне змесціва са стрававальнага тракту, пераважна са страўніка, праз рот. У фізіял. адносінах — ахоўная рэакцыя, якая ўзнікае пры раздражненні рэцэптараў кораня языка, глоткі, слізістай абалонкі страўніка, кішэчніка, брушыны, вестыбулярнага апарату. Можа быць абумоўлена нюхальнымі і смакавымі раздражненнямі, якія выклікаюць гадлівасць. Паталаг. формы І. звязаны з захворваннямі органаў стрававання, галаўнога мозга ці яго абалонак, як праяўленне істэрыі. Неўтаймаваная І. назіраецца пры цяжкіх інфекцыях, атручэннях, таксікозе цяжарнасці.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАШЭ́НКА (Сцяпан Мікалаевіч) (1909, в. Узніцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 25.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў пач. школу. Працаваў рахункаводам. У Чырв. Арміі з пач. 1942, на фронце са снеж. 1942. У ноч на 24.9.1943 група разведчыкаў на чале са старшыной роты К. фарсіравала Дняпро, захапіла плацдарм у раёне в. Пекары (Чаркаская вобл., Украіна) і больш як суткі яго ўтрымлівала. Загінуў пры пераправе на левы бераг Дняпра з данясеннем.

С.М.Канашэнка.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНС,

адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)