БЯГУ́Н (Аляксей Васілевіч) (16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),

удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГІН (Менахем) (16.8.1913, г. Брэст, Беларусь — 9.3.1992),

палітычны дзеяч Ізраіля, юрыст. Адукацыю атрымаў у Варшаўскім ун-це. Перад вайной узначальваў сіянісцкі рух у Польшчы. У 1939 з акупацыяй Польшчы ням. фашыстамі ўцёк у Вільню, дзе быў арыштаваны сав. ўладамі і сасланы ў Сібір. У 1943 у складзе Андэрса арміі трапіў у Палесціну, камандаваў ваен. групоўкай «Іргун». У 1948—83 старшыня партыі «Херут». У 1973—83 лідэр нац. фронту «Лікуд». Прэм’ер-міністр Ізраіля ў 1977—83. Падпісаў Кэмп-Дэвідскія пагадненні (1978) і мірны дагавор з Егіптам (1979). Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з А.Садатам).

М.Бегін.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКО́З (Адольф Сцяпанавіч) (каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у т. л. «Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКША́НСКІ (Юльян) (1824, б. маёнтак Тупальшчына, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобласці — 4.4.1863),

удзельнік нац.-вызв. руху, публіцыст. У час вучобы ў Віленскай гімназіі ўстанавіў сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі. У 1842 за хаванне забароненай л-ры сасланы ў Разанскую губ. У 1846 вярнуўся на радзіму. Аўтар «Адозвы да смаргонскіх сялян» (1847), у якой заклікаў сялян выступіць супраць памешчыкаў. Арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў да 1858 у Нерчынску. Удзельнік паўстання 1863—64, на радзіме арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў. Загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі. У в. Плябань Маладзечанскага р-на на магіле помнік.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д УСЯСЛА́ВІЧ (? — пасля 1129),

князь полацкі. Сын кн. Усяслава Брачыславіча. На думку некат. гісторыкаў, з 1101 княжыў у Менску. У 1103 разам з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у паходах на полаўцаў. Гэты саюз насцярожыў Усяславічаў, верагодна, Давыд Усяславіч прагнаны з Менска. У 1104 з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на свайго брата менскага кн. Глеба. Каля 1106—27 княжыў у Полацку. У выніку нападу на Полацкую зямлю ў 1127 кааліцыі князёў на чале з Мсціславам Уладзіміравічам Давыд Усяславіч пазбаўлены пасада, у 1129 разам з інш. полацкімі князямі сасланы ў Візантыю, дзе і памёр.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Апанас Фёдаравіч) (15.12.1903, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1993),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Віцебскі каап. тэхнікум (1931), вышэйшыя пед. курсы ў Ленінградзе (1932). З 1926 на сав., каап. і парт. рабоце ў Барысаўскім р-не, Віцебску. У 1937—38 старшыня СНК БССР. У 1939 арыштаваны, у 1941 сасланы ў Омскую вобл. Рэабілітаваны ў 1943. Працаваў у сістэме кааперацыі ў Омскай вобл., Малдаўскай ССР. У 1947—60 нам. старшыні Белкаапсаюза. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—39. Аўтар успамінаў «Звон мой — праўда» (1989).

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́КА (Міхаіл Канстанцінавіч) (23.9 1872, в. Казелле Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.2.1920),

вучоны-металург, заснавальнік школы рас. доменшчыкаў. З 1890 працаваў на металургічных з-дах Пд Расіі. За ўдзел у рэв. падзеях 1905 сасланы. З 1908 нач. доменнага цэха Юзаўскага металургічнага з-да (Данбас). Сканструяваў і пабудаваў першы ў Расіі мех. скіпавы падымальнік для загрузкі шыхты, распрацаваў арыгінальную канструкцыю горна, удасканаліў фурменны механізм падачы паветра. Распрацоўваў праект буйнога металургічнага з-да ў Кузбасе (з 1917), пры будаўніцтве якога ажыццёўлены многія яго вынаходкі.

Літ.:

Бек А.А. Мои герои. Повести. М., 1967.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

М.К.Курака.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМАЕ́ВІЧ, Ізмайловіч Мацвей (Мація) Хрыстафоравіч (6.1.1680, Пераст, каля г. Котар, Чарнагорыя — 3.9.1735), расійскі ваен. дзеяч. Адмірал (1727). Служыў у венецыянскім флоце, з 1709 у Канстанцінопалі. У 1710 перайшоў на рас. службу. З 1712 на Балтыцы, камандаваў атрадам галер, з 1714 галерным флотам. У Гангуцкім баі 1714 камандаваў правым крылом рас. флоту. З 1721 чл. Адміралцействаў-калегіі, кіраўнік буд-ва Галернай гавані ў Пецярбургу. З 1725 каманд. галерным флотам і гал. камандзір Пецярбургскага порта. У 1728 за злоўжыванне ўладай і растрату разжалаваны ў віцэ-адміралы і сасланы ў Астрахань, потым у Таўроў (каля Варонежа).

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.​Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Юзаф Ануфрыевіч) (1800, в. Белічаны Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1840),

польскі пісьменнік, удзельнік нац.вызв. руху. З роду Масальскіх, брат Э.Т.А.Масальскага. Канд. філасофіі. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, скончыў Полацкую езуіцкую) акадэмію (1818). Служыў гувернёрам у Ю.​Славацкага ў Вільні. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філаматаў. За ўдзел у паўстанні 1830—31 сасланы ў Сібір. Аўтар аповесці «Яцак» (1823), зб. «Паэзія» (Вільня, т. 1—2, 1827—28), у якіх адбілася бел. тэматыка, папулярных баек, эпіграм, песень, у т. л. «Далібог, скажу маме...», музыку да якой напісаў С.​Манюшка (1842).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)