НАТАЛЕ́ВІЧ (Нічыпар Якаўлевіч) (17.5.1900, г. Орша Віцебскай вобл. — 28.3.1964),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Ваен.-паліт. акадэмію імя Талмачова ў Ленінградзе (1934). Удзельнік грамадз. вайны. У 1919—37 у Чырв. Арміі; палітрук роты, камісар палка, нач. палітаддзела дывізіі. З ліст. 1937 да ліп. 1938 в. а. старшыні ЦВК БССР. У 1938—47 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. У 1948—56 на адказных пасадах у Пензенскай вобл. У 1956—60 на гасп. рабоце ў Мінску, Баранавічах, Брэсце. Чл. ЦК КП(б)Б у 1937—47, Бюро ЦК КП(б)Б у 1938—47. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50, Вярх. Савета БССР у 1938—51.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.І.Дземянцей (1990—91), С.С.Шушкевіч (1991—94), М.І.Грыб (1994—96), С.Г.Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Г.А.Маслыка.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТ ((Mott) Джон Рэйлі) (25.5.1865, г. Лівінгстан-Манар, ЗША — 31.1.1955),

амерыканскі грамадскі дзеяч, хрысц. місіянер. Скончыў Корнелскі (г. Ітака) ун-т (1888). У 1895—1920 ген. сакратар, ў 1920—28 старшыня Сусв. студэнцкай хрысц. федэрацыі, у 1898—1928 адначасова ў Хрысц. асацыяцыі маладых людзей (з 1915 ген. сакратар гэтай асацыяцыі і Нац. савета хрысц. царквы ў ЗША). У 1921—41 старшыня Міжнар. місіянерскага савета. З 1948 ганаровы старшыня Экуменічнага савета цэркваў. Аўтар прац па прапагандзе хрысц. ідэалаў і місіянерскай дзейнасці. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Э.Г.Болч).

Дж.Мот.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ МАСТА́К СССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР найб. выдатным дзеячам сав. выяўл. мастацтва, за асаблівыя заслугі ў развіцці жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар. і прыкладнога мастацтва. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.7.1943. Існавала да 1991.

Народныя мастакі СССР у Беларусі

1973. З.І.Азгур.

1978. М.А.Савіцкі.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАГАЛО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП У ААН,

устаноўлены Статутам ААН парадак прыняцця Саветам Бяспекі рашэнняў непрацэдурнага характару. Прыняты на Крымскай канферэнцыі 1945. Паводле аднагалоснасці прынцыпу ў ААН рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго пададзены галасы 9 членаў Савета, прычым галасы ўсіх яго пастаянных членаў (ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і КНР) супадаюць. Часам гэты прынцып называюць правам вета пастаянных членаў Савета Бяспекі. Устрыманне пры галасаванні любога пастаяннага члена Савета Бяспекі не перашкаджае ўхваленню рашэння, а няўдзел у галасаванні не разглядаецца як выкарыстанне вета. Прыняцце паправак і змен у Статуце ААН таксама ажыццяўляецца ў адпаведнасці з аднагалоснасці прынцыпам у ААН.

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІЧ (Уладзімір Андрэевіч) (14.10.1920, в. Палявая Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.1.2000),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1958). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1957). З 1945 на камсам. рабоце. З 1954 1-ы сакратар Мінскага райкома КПБ. У 1963—77 1-ы сакратар Брэсцкага, у 1977—85 Мінскага абкомаў КПБ. У 1985—90 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл. ЦК КПСС у 1981—86. Чл. ЦК КПБ у 1960—90, Бюро ЦК КПБ у 1977—86. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1955—67, 1985—90, Вярх. Савета СССР у 1966—89.

Я.С.Фалей.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГАЛЁЎ (Васіль Барысавіч) (н. 25.5.1951, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1974), Бел. дзярж. эканам. ун-т (1994). З 1974 ст. інжынер магілёўскіх аб’яднанняў «Сельгастэхніка», «Хімвалакно», нам. нач. аддзела з-да «Электрарухавік», нам. дырэктара Рагачоўскага з-да «Дыяпраектар». У 1992—95 нам. старшыні Кантрольнай палаты, нач. Службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1995—97 нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. 3 ліп. 1997 паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у органах Саюза Беларусі і Расіі, упраўлення інтэграцыяй Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі і Рас. Федэрацыі, СНД і ўрадзе Рас. Федэрацыі — нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца нам. Старшыні Выканкома Саюза Беларусі і Расіі, старшынёй Савета Белбізнесбанка. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1990—95, Вярх. Савета СССР у 1991. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1991.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІЕ́СКУ ((Iliescu) Іон) (н. 3.3.1930, г. Алтэніца, Румынія),

палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. Скончыў Бухарэсцкі політэхн. і Маскоўскі энергет. (1954) ін-ты. У 1946—60 займаў пасады ў ЦК Саюза камуніст. моладзі (СКМ). З 1957 дэп. Вял. нац. сходу (ВНС). У 1967—71 1-ы сакратар ЦК Саюза камуніст. моладзі і міністр па справах моладзі. З 1968 чл., з 1971 сакратар ЦК Рум. КП. У 1979—84 старшыня Нац. савета воднай гаспадаркі, чл. урада, у 1979—80 чл. Дзярж. савета Румыніі. За выступленні супраць палітыкі Н.Чаўшэску ў 1984 выведзены з ЦК Рум. КП і ўрада, пазбаўлены статуса дэп. ВНС. Працаваў дырэктарам Бухарэсцкага выд-ва навук.-тэхн. л-ры. З 26.12.1989 старшыня Савета Фронту нац. выратавання, створанага пасля звяржэння Чаўшэску. З 1990 старшыня Часовага савета нац. згоды. У 1990—96 прэзідэнт Румыніі.

М.С.Даўгяла.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,

галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец. к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).

В.М.Іваноў.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ АРХІТЭ́КТАР СССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР за асаблівыя заслугі ў развіцці сав. архітэктуры, выдатную творчую дзейнасць у галіне горадабудаўніцтва, за стварэнне грамадз., прамысл. і сельскіх арх. комплексаў, будынкаў і збудаванняў, што атрымалі ўсенар. прызнанне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР 12.8.1967. Існавала да 1991.

Народныя архітэктары СССР у Беларусі

1970. У.А.Кароль.

1981. Г.У.Заборскі.

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)