пахавальныя збудаванні 1-га — пач. 2-га тыс., цалкам складзеныя з камянёў і зямлі. Пашыраны ў Верхнім і Сярэднім Панямонні, сярэднім цячэнні Зах. Буга. Маюць круглую форму, дыяметр 6—20 м, вышыню 0,5—0,8 м. Большасць даследчыкаў лічыць іх помнікамі заходнябалцкіх (яцвяжскіх) плямён. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне. Пры раскопках знойдзены розныя побытавыя рэчы, зброя і ўпрыгожанні. У К.к. 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і славянскіх тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Менскае ваяводства,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565 у складзе Мінскага павета і Рэчыцкага павета, у 1569 са складу Кіеўскага ваяв. далучаны Мазырскі павет. Мела харугву чырвонага («гваздзіковага») колеру з выявай герба «Пагоня» ў белым полі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 усх. землі ваяводства адышлі да Расіі. Скасавана пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793, яго тэр. ўвайшла ў Мінскую губерню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ, ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ І БРА́ЦЛАЎСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—96. Створана на землях, далучаных у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Уключала Мінскую губерню, Ізяслаўскую і Брацлаўскую губ. (паўн.-зах. Украіна). Гал. задачай адміністрацыі былі ўвядзенне рас. грамадзянскага праўлення. На тэр. ген.-губернатарства была ўтворана Мінская, Ізяслаўская і Брацлаўская правасл. епархія (гл.Мінская праваслаўная епархія). Скасавана ў сувязі з новым адм.-тэр. упарадкаваннем пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ сеймавая, ухвала, пастанова вальнага сейма Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай. К. звычайна выдаваліся для ўсёй Рэчы Паспалітай, зрэдку асобна для Польшчы і ВКЛ. Прымаліся К. вячыстыя, дзеянне якіх не абмяжоўвалася часам, і часовыя. Абмеркаванне і прыняцце праходзіла ў абедзвюх палатах сейма — сенаце і пасольскай ізбе. У пасольскай ізбе прымаліся спачатку большасцю галасоў, а пасля ўвядзення ў 1589 ліберум вета — аднагалосна. Канчаткова К. рэдагаваў кароль, ад імя якога яна выдавалася. Яе ўпісвалі ў Каронную Метрыку і Метрыку Вялікага княства Літоўскага і друкавалі (з 1576 у абавязковым парадку), спачатку кожную асобна. З канца 16 ст. пастановы сейма выдавалі ў выглядзе зборніка, які лічыўся адной К. Друкаваныя экзэмпляры з дзярж. пячаткай і подпісамі маршалка сейма і канцлера рассылалі па ваяводствах. У 18—20 ст. ажыццёўлена неафіц. выданне К. Польшчы і Рэчы Паспалітай — Валюміна легум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],
1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст.грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл.Варшаўскі дагавор 1768).
2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш.сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1768.
Заключаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 6 сак. ў Варшаве па патрабаванні рас. боку ва ўмовах заняпаду Рэчы Паспалітай. Урад Кацярыны II выкарыстаў пытанне аб раўнапраўі дысідэнтаў-некатолікаў — праваслаўных і пратэстантаў — для ўмяшання ва ўнутр. справы Польшчы. Паводле дагавору дысідэнты атрымлівалі роўныя з каталікамі правы, аднак захоўваліся асн. законы Рэчы Паспалітай (выбарнасць караля, ліберум вета і інш.). Варшаўскі дагавор садзейнічаў далейшаму аслабленню краіны і забяспечваў паліт. панаванне царызму ў Польшчы.
Вынікам Варшаўскага дагавора было стварэнне Барскай канфедэрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’І́НСКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1877 на гарадзішчы Тахці-Кувад у вярхоўях р. Амудар’я на Пд Таджыкістана. Датуецца 5—4 ст. да н.э. Захавалася 178 залатых і сярэбраных прадметаў: аб’ёмныя фігуркі, посуд, рэльефныя рэчы, пласцінкі з адціснутымі выявамі, пярсцёнкі і пячаткі, бранзалеты, дробныя ўпрыгожанні, манета Ахеменідаў. Большасць рэчаў зроблена майстрамі Ахеменідскай дзяржавы і Бактрыі. Асобныя рэчы адлюстроўваюць традыцыі мідыйскага мастацтва, звярынага стылю стэпавых плямёнаў Еўразіі. Захоўваецца ў Брытанскім музеі і Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1961 у г. Калінкавічы. Ухаваны ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. У тканіне было загорнута больш за 2,5 тыс. манет, сярод якіх некалькі сярэбраных паўтаракаў Рэчы Паспалітай і герцагства Прусіі 1620-х г., медныя соліды Рэчы Паспалітай. Захавалася 2051 медная манета, у т. л. 78 фальшывых (падробкі солідаў ВКЛ і Каралеўства Польскага). Адна з найб. знаходак медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захоўваецца ў Мазырскім краязнаўчым музеі, 513 манет скарбу перададзены ў музей мясц. школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКІ САЮ́ЗНЫ ДАГАВО́Р 1704паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.
Падпісаны 30 жн.рас. паслом Ф.А.Галавіным і паслом Рэчы Паспалітай Т.Дзялынскім (фактычна прадстаўляў Сандамірскую канфедэрацыю, што падтрымлівала караля Аўгуста ІІ у барацьбе супраць таксама выбранага каралём швед. стаўленіка Станіслава Ляшчынскага) каля г. Нарва (Эстонія) у Паўночную вайну 1700—21. Бакі абавязваліся весці сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі і не заключаць сепаратных пагадненняў. Расія абяцала даць Аўгусту II дапаможнае войска (12 тыс.чал. і артылерыю), выплачваць штогод субсідыю (200 тыс.руб.) на ўтрыманне арміі Рэчы Паспалітай (48 тыс.чал.), дапамагчы ў падаўленні казацкага паўстання на Правабярэжнай Украіне. У выніку дагавора Рэч Паспалітая атрымлівала магчымасць супрацьстаяць швед. агрэсіі, Расія разлічвала звязаць гал. сілы шведаў у глыбіні Рэчы Паспалітай. Пасля паражэнняў ад швед. войск Аўгуст II 24.9.1706 заключыў са швед. каралём Карлам XII сепаратны Альтранштацкі мір, чым фактычна скасаваў Н.с.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БЕРУМ ВЕ́ТА (лац. liberum veto вольнае «забараняю»),
у 16—18 ст. ў Рэчы Паспалітай права дэпутата сейма спыніць пасяджэнне і адмяніць усе прынятыя на ім пастановы сваім вусным пратэстам (выкрыкам «не дазваляю» або «пратэстую»). Узнікла як следства прынцыпу абавязковага аднагалосся пры прыняцці сеймавых пастаноў, уведзенага ў 1589. Упершыню выкарыстана ў 1652; да 1764 такім чынам сарвана 48 сеймаў з 55, што вяло да паліт. анархіі і ўмяшання інш. дзяржаў у справы Рэчы Паспалітай. У 1768 дзеянне Л.в. абмежавана, захоўвалася толькі пры вырашэнні другарадных пытанняў. Ліквідавана канстытуцыяй 3 мая 1791.