ВЫСО́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура канца бронзавага і пач. жалезнага вякоў (10—6 ст. да н.э.), пашыраная на З Валыні — Пн Прыкарпацця (Львоўская і Цярнопальская вобл. Украіны). Назва ад могільніка каля с. Высоцкае Львоўскай вобл., Украіна. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у паўзямлянкавых жытлах з агнішчамі або каменнымі пячуркамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, радзей трупаспаленне ў бескурганных, пазней і ў курганных могільніках. Вырабляла цюльпанападобныя і слоікавыя пасудзіны, гліняныя культавыя фігуркі птушак; карысталася бронзавымі, радзей жал. прыладамі працы і зброяй, таксама каменнымі сякерамі, крамянёвымі сярпамі і наканечнікамі стрэл, бронзавымі ўпрыгожаннямі. Зрабіла пэўны ўплыў на мілаградскую культуру. Паводле археолага Ю.​У.​Кухарэнкі, помнікі Высоцкай культуры трапляюцца ў межах Беларусі ў сярэднім цячэнні р. Гарынь і на р. Сцвіга.

С.​Я.​Рассадзін.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІВО́НЯ (Paeonia),

род кветкавых раслін сям. півоневых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і горных абласцях Еўразіі, Пн Афрыкі і на З Паўн. Амерыкі. Трапляюцца ў светлых лясах, на субальпійскіх лугах, а таксама ў лесастэпах і стэпах. На Беларусі інтрадукаваны 3 травяністыя віды П.: адваротнаяйцападобная (P. obovata), адхіленая (P. anomala), малочнакветкавая (P. lactiflora) — родапачынальніца мноства культурных сартоў, і 1 дрэвападобны — П. паўкустовая (P. suffruticosa).

Шматгадовыя (у культуры без перасадкі жывуць да 100 гадоў) травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты з бульба- або верацёнападобнымі каранямі. Лісце чаргаванае, двойчы-, тройчы- або шматрассечанае. Кветкі буйныя, адзіночныя, белыя, ружовыя, чырв., радзей жоўтыя, простыя або махрыстыя. Плод — шматлістоўка. Лек., дэкар. расліны.

Півоня: 1 — Амабіліс Супербісіма; 2 — Андрэ Лар’е; 3 — Мадам Рузвельт; 4 — Фестыва Максіма.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),

тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БАК,

невялікая пасудзіна для піцця; найчасцей цыліндрычнай, радзей збана- ці бочкападобнай формы з выразным донцам, з адной ці дзвюма ручкамі (трапляюцца без ручак), звычайна без накрыўкі. К. выраблялі з гліны, металу, каменнай масы, дрэва, шкла. Вядомы ў розных народаў з часоў старажытнасці.

Кубак.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІ́ЛІ (ад лац. lapillus каменьчык),

дробныя кавалачкі порыстай вулканічнай лавы. Форма круглаватая або вуглаватая. Памеры ад 2 да 50 мм. Выкідваюцца пры вывяржэнні вулкана і зацвердзяваюць у паветры. Складаюцца з свежых, радзей са старых лаў, не характэрных для вулкана парод, або крышталёў.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́КШЫНА,

1) самаробная макарона. Пшанічнае, радзей жытняе цеста, часта з крухмалам, тонка раскочваюць, рэжуць на палосы, падсушваюць і вараць як рэдкую малочную страву ці адцэджваюць і заліваюць тлушчам, салам. Робяць Л. таксама з крухмалу: пякуць наліснікі, потым рэжуць іх і вараць.

2) Страва з Л.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯМЁШКА,

у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, радзей грэцкую муку падпрэжвалі, потым засыпалі ў круты вар або залівалі ім, варылі ў печы пры агні. У наш час Л. часам называюць зацірку, рэдкі кулеш, мяшанку жывёле. Вядома на Брэстчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫХІ́Н (ад італьян. mestichino),

тонкая пругкая стальная (радзей з рогу) пласціна ў выглядзе лапаткі ці нажа. Выкарыстоўваецца ў алейным жывапісе для выдалення фарбаў з асобных участкаў палатна, нанясення грунту, дадатковага перацірання фарбаў, ачышчэння палітры. Часам М. наносяць фарбу роўным тонкім слоем або рэльефным мазком.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)