БЕРНШТЭ́ЙН Іосіф Гдалевіч
(17.7.1904, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.2.1966),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1921—24 рабочы запалкавай ф-кі ў Пінску. Удзельнічаў у арганізацыі забастовак, узначальваў работу прафсаюзаў Пінска. З 1927 чл. Пінскага гаркома і акругкома КПЗБ, з 1931 — інструктар ЦК КПЗБ па Беластоцкай і Віленскай акр. На пач. 1934 сакратар Віленскага акругкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць не аднойчы быў арыштаваны, больш за 10 гадоў правёў у турмах. У 1944—52 на гасп. рабоце ў Пінску.
В.П.Ласковіч.
т. 3, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-МЕДЫЦЫ́НСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1940 у Мінску. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 835 тыс. экз. Мае каштоўныя выданні па медыцыне 18—19 ст. Вядзе н.-д. работу ў галіне мед. бібліяграфіі. На базе б-кі створаны цэнтр мед. інфармацыі, які мае сувязь з галіновымі цэнтрамі замежных краін. Арганізацыйна-метадычны цэнтр для 210 мед. б-к Беларусі. Мае 4 філіялы, міжбібліятэчны і завочны абанементы, дэпазітарый галіновай л-ры. Выдае інфарм. бюлетэні, мед. слоўнікі, зводныя каталогі.
Я.Ф.Гарэлава.
т. 3, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПА́НА З ХЛО́ПАМ»,
«Размова пана з хлопам» («Як маешся, Сцяпане...»), ананімны вершаваны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. антыпрыгонніцкага зместу. Упершыню апубл. М.Федароўскім у кн. «Люд беларускі» (т. 3, ч. 2, 1903). Відаць, «Гутарка...» з’явілася пасля скасавання паншчыны, бо селянін на пытанне пана, чаму яго жонка не прыходзіць у двор, дзе добра плацяць за работу, адказвае: «Ужо панскі хлеб дакучыў, як нас пан добра мучыў». Твор адрозніваецца ад традыц. бел. гутарак.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у тым ліку для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.
т. 2, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Т
(англ. boycott),
1) поўная ці частковая адмова ад падтрымання адносін з пэўнай асобай, арг-цыяй ці дзяржавай, каб прымусіць іх задаволіць тыя ці інш. эканам. або паліт. патрабаванні. Можа ажыццяўляцца і па рашэнні Савета Бяспекі ААН.
2) Адмова ад выканання функцый ці ад карыстання пэўнымі правамі ці чыімі-н. паслугамі з тымі ж мэтамі (адмова ад удзелу ў выбарах, адмова рабочых наймацца на работу да прадпрымальніка як пратэст супраць яго дзеянняў і гэтак далей).
3) У пераносным сэнсе — спыненне адносін з пэўнай асобай у знак пратэсту.
т. 2, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАВЕ́ЖА»,
бел. літ.-маст. аб’яднанне ў Польшчы. Створана ў 1958 пры Гал. праўленні Бел. грамадска-культ. т-ва (БГКТ). Садзейнічае развіццю бел.-моўнай л-ры ў Польшчы. Друкуе літ. старонку ў газ. «Ніва» (Беласток). Выдала зб-кі «Рунь» (1959), «Мой родны кут» (1963), альманах «Белавежа» (1965, 1971, 1980, 1988). Надрукавала больш за 40 кніг асобных аўтараў. Члены аб’яднання праводзяць культ.-асв. работу сярод бел. насельніцтва Беласточчыны. У Мінску выйшаў зб. літ. твораў «белавежцаў» — «Літаратурная Беласточчына» (1973), выдадзены кнігі Н.Артымовіч, А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, Я.Чыквіна, В.Шведа, С.Яновіча.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Польшчы, грамадская арг-цыя, якая праводзіць культ.-асв. работу сярод бел. насельніцтва Польшчы. Засн. ў 1956. Гал. праўленне ў Беластоку; з 1957 там вядзе радыёперадачы на бел. мове. Асн. віды дзейнасці — літ., асв., культ., выдавецкая, навук., лектарская. Садзейнічала стварэнню кафедры бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це. Пры БГКТ працуюць літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», 35 калектываў маст. самадзейнасці, клубы, бібліятэкі. Выдае «Беларускі каляндар» (штогод), газ. «Ніва», рэпертуарныя зборнікі. Арганізоўвае культ.-маст. фестывалі, святы, з 1989 — адпачынак моладзі на Беларусі.
В.А.Трыгубовіч.
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАЛІ́ТЫКІ,
лекавыя сродкі, якія ўзаемадзейнічаюць з пэўнымі тыпамі адрэнарэцэптараў, зніжаюць або блакіруюць уздзеянне на іх медыятараў — норадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. Адрозніваюць α-адрэналітыкі (фанталамін, тралафен, празазін), якія расшыраюць крывяносныя сасуды, паляпшаюць крывяток у органах і тканках, зніжаюць артэрыяльны ціск, і β-адрэналітыкі (анапрылін, тразікор, кардан, атэналол), якія запавольваюць і аслабляюць работу сэрца, зніжаюць артэрыяльны ціск.
α-адрэналітыкі выкарыстоўваюць пры захворванні перыферычных сасудаў (эндартэрыітах, хваробе Рэйно, графічных парушэннях); β-адрэналітыкі — пры лячэнні ішэмічнай хваробы сэрца (стэнакардыя, інфаркт міякарда), гіпертанічнай хваробе. Пры іх ужыванні ёсць небяспека спазмы бронхаў і звужвання перыферычных сасудаў.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́МБА Мар’ян
(парт. псеўд. Я н ; каля 1885 — люты 1921),
рэвалюцыянер, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1906 чл. РСДРП. За рэв. дзейнасць зняволены ў турму. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У жн. 1919 пакінуты ЦК КП(б)ЛіБ для падп. работы ў Мінску, акупіраваным польск. войскамі. Адзін з кіраўнікоў Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ, вёў работу па арганізацыі камуніст. ячэек і партыз. атрадаў у Мінскай губ. 3 крас. 1920 на падп. рабоце ў Вільні. У канцы 1920 арыштаваны. Памёр у лагеры для інтэрніраваных.
т. 6, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛЫ Канстанцін Рыгоравіч
(27.5.1876, г.п. Царычанка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.9.1947),
украінскі эканаміст, статыстык. Д-р паліт. эканоміі і статыстыкі (1911). Акад. АН УССР (1919). Віцэ-прэзідэнт АН УССР (1928—30). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1900), Варшаўскі ун-т (1904). Вёў пед. работу ў Кіеўскім ун-це і Кіеўскім камерцыйным ін-це. У 1943—47 дырэктар Ін-та эканомікі АН УССР. Даследаванні па праблемах эканам.-геагр. развіцця прам-сці Польшчы і Украіны, міграцыі насельніцтва, унутр. і знешняга гандлю, эканомікі страхавання і інш. Аўтар падручнікаў па статыстыцы і эканам. геаграфіі.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)