КАРПА́ТЫ,

горная сістэма на У Цэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс. км², з якіх 105 тыс. км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.

К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.

Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч. паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас. р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас. р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.

А.​Ф.​Санько, Т.​Каліцкі.

Да арт. Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.

т. 8, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,

гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс. км². Нас. 194 тыс. чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб. ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).

Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пнхр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б. ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-ра студз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.

Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч. гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст. н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст. цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.

Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс. га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс. га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн. пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.

М.​Л.​Страха (прырода, гаспадарка).

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)