ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis),

вуза, пчаліны клей, смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.

Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НАЯ ВОШ, браўла (Braula caeca),

паразітычнае насякомае атр. двухкрылых. Пашырана ў раёнах пчалярства, у т. л. на Беларусі. Узбуджальнік браўлёзу.

Даўж. 1—1,5 мм. Цела чырвона-бурае, укрытае чорнымі шчацінкамі. Галава вял. і шырокая. Ногі кароткія. з грабеньчатымі кіпцюркамі, з дапамогай якіх П.в. трымаецца на целе пчалы, на адной пчале паразітуе да 150 П.в. Корміцца выдзяленнямі пчол. Яйцы адкладвае на накрыўкі сотаў. Лічынка пашкоджвае соты, корміцца воскам, мёдам. Ператварэнне поўнае. Зімуюць дарослыя. Пры масавым расплоджванні П.в. пчаліная сям’я слабее ці гіне.

Пчаліная вош: 1 — знешні выгляд; 2 — на целе пчалы; 3 — хады лічынак на васковых накрыўках сотаў.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫЯ СО́ТЫ,

пабудовы пчол меданосных у вуллях з пчалінага воску для захоўвання корму (мёду і пяргі) і вырошчвання расплоду; таксама гняздо пчалінай сям’і. Складаюцца з шасцігранных прызматычных ячэек, размешчаных абапал міжсцення, якое можа быць штучным (гл. Вашчына). Ячэйкі бываюць пчаліныя, трутневыя, мядовыя, пераходныя і матачнікі. Сярэдні дыям. толькі што пабудаванай пчалінай ячэйкі 5,38—5,42 мм, глыб. 12 мм, таўшчыня сценак 0,12 мм. У адной ячэйцы змяшчаецца каля 0,4 г мёду.

В.​І.​Сапега.

Пчаліныя соты: 1 — агульны выгляд (а — мядовыя ячэйкі; б — расплод; в — матачнікі); 2 — у папярочным разрэзе; 3 — з пчалінымі і трутневымі (буйнымі) ячэйкамі.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКО́ВАЯ МОЛЬ, агнёўка пчаліная вялікая (Galleria mellonella),

матыль сям. агнёвак. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі — у раёнах пчалярства. Актыўная на змярканні і ноччу.

Даўж 15—20 мм, размах крылаў 15—35 мм. Пярэднія крылы ў самкі фіялетава-шэрыя, у самца бураватыя, заднія шэрыя. Яйцы адкладвае ў шчыліны і смецце на дне вуллёў, на соты. Вусені (клочні) даўж. 14—18 мм брудна-белыя з карычневай галавой. Кормяцца арган. рэшткамі, потым воскам сотаў, коканамі пчол (ператвараюць іх у парахню). Ячэйкі сотаў аплятаюць павуцінай. Акукліванне ў коканах. За год 2—3 пакаленні. Вусені або яйцы зімуюць. Васковая моль шкодзіць пчалярству. Пры масавым размнажэнні пчаліныя сем’і гінуць.

Самец васковай молі.

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЛУРАНІДА́ЗА,

фермент, які каталізуе рэакцыі гідралітычнага расшчаплення і дэполімерызацыі гіялуронавай к-ты. У млекакормячых ёсць амаль ва ўсіх органах і тканках, найб. багатыя ім семяннікі і яечнікі. Прысутнічае таксама ў плазматычных мембранах хваробатворных бактэрый і інш. мікраарганізмаў, некат. паразітычных чарвей, у ядзе пчол, змей і інш. У бактэрый гідралізуе гліказідныя сувязі гіялуронавай к-ты і аблягчае пранікненне бактэрый у тканкі. У пазваночных у працэсе апладнення гідралізуе вонкавую абалонку яйцаклеткі і робіць яе больш пранікальнай для сперматазоідаў. Гіялуранідаза, якую атрымліваюць з семяннікоў быкоў, уваходзіць у лячэбныя прэпараты (ранідазы, лідазы), якія выкарыстоўваюць для зніжэння вязкасці эксудатаў і ацёкаў, а таксама для вызначэння гіялуронавай к-ты.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАТАРА́НЦТВА,

сумеснае жыццё жывёл розных відаў, заснаванае на прасторавых сувязях. Вылучаюць 3 катэгорыі К.: сінайкія, калі кватарант пасяляецца ў жыллі гаспадара (напр., у норах грызуноў і інш. рыючых жывёл, у гнёздах птушак, мурашніках і вуллях пчол); эпіайкія, калі кватаранты пасяляюцца на целе гаспадара (напр., некаторыя вусаногія, якія кормяцца планктонам, прымацоўваюцца да акул і кітоў і выкарыстоўваюць іх як сродак перамяшчэння); энтайкія, калі арганізм жыве ўнутры цела гаспадара пры адсутнасці кармавых зносін з ім (напр., дробныя рыбкі фіерастары, якія жывуць у клаацы галатурый і перыядычна выходзяць адтуль, каб карміцца рачкамі; нематоды, якія пасяляюцца ў кішэчніку коней і кормяцца інфузорыямі, якія там жывуць). Гл. таксама Каменсалізм.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ДЗЕВЫ МЁД,

салодкая густая клейкая вадкасць, у якую пчолы ператвараюць мядовую расу і падзь. Колер ад светла-бурштынавага (з піхты і некат. інш.) да амаль чорнага (з лісцевых дрэў і елак); мае слабы водар і непрыемны гаркаваты ці кіслы прысмак. Больш вязкі (у 2—3 разы) за кветачны мёд, мае менш вады (у сярэднім 16,7%) і інвертных цукроў — глюкозы і фруктозы (66,5%), больш алігацукрыдаў (у т. л. цукрозы 4%), дэкстрынаў (10,3%), азоцістых рэчываў (у т. л. бялковых 0,8%), мінер. і арган. кіслот. Часта змяшаны з кветачным мёдам. Таксічны для пчол, асабліва ў час зімоўкі (можа прыводзіць да гібелі цэлых сем’яў). Моцны інгібітар бактэрый. Для чалавека бясшкодны.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЕРАКРЫ́ЛЫЯ (Strepsiptera),

атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі відавы склад асобна не вывучаўся. Унутр. паразіты пчол, восаў, клапоў, цыкадак. Найб. вядомы эаксен (Eoxenos labaelbenei).

Даўж. звычайна 2—2,5 мм, у трапічных да 3 см. Уласцівы выразны палавы дымарфізм, самцы маюць зачаткавыя пярэднія (жужальцы) і вял. веерападобныя (адсюль назва) заднія крылы, добра лётаюць, з вачамі; самкі без крылаў, канечнасцей і вачэй, звычайна не пакідаюць цела гаспадара, галавагрудзі вытыркаюцца вонкі. Развіццё з поўным ускладненым ператварэннем (гіперметамарфоз) ад 2 месяцаў да года. Рассяляюцца рухомыя лічынкі 1-га ўзросту (трыунгуліны), заражаюць новых насякомых-гаспадароў, якія слабнуць і часта гінуць.

Да арт. Вееракрылыя. Эаксен: 1 — самец; 2 — самка; 3 — трыунгулін; 4 — лічынка старэйшага ўзросту.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІШЧА́НКІ,

1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.

Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш. вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).

2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.

Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.

Блішчанкі: 1 — двухколерная (аса); 2 — рапсавая (жук).

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭГАРЫ́НЫ (Gregarinia),

падклас прасцейшых кл. спаравікоў. Больш за 150 родаў, 800—1000 відаў. Паразіты кішэчніка і поласці цела насякомых, кольчатых чарвей, ігласкурых, абалоннікаў. Найб. вядомыя: грэгарына ўзброеная (Corycella armata), грэгарына прусаковая (Gregarina blattarum), грэгарына паліморфная (G. polimorpha).

Даўж. цела 10 мкм — 16 мм, падзяляецца на 3 аддзелы: пярэдні — эпімерыт, якім грэгарыны прымацоўваюцца да сценак кішэчніка гаспадара, сярэдні — протамерыт і задні — дэйтамерыт. Рухаюцца за кошт скарачэння мускульных фібрыл або слупка слізі на заднім канцы. Большасць размнажаецца палавым шляхам, ёсць і бясполае размнажэнне. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюць усёй паверхняй цела. Мяркуюць, што некат. грэгарыны — узбуджальнікі інвазійнай хваробы пчол (грэгарынозу).

Грэгарыны: а — узброеная, б — прусаковая (1 — эпімерыт; 2 — протамерыт; 3 — дэйтамерыт; 4 — ядро).

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)