ВЕЛА́СКА АЛЬВАРА́ДА (Velasco Alvarado) Хуан
(16.6.1910, г. П’юра, Перу — 24.12.1977),
ваенны і дзярж. дзеяч Перу. Дывізіённы ген. (1965). Скончыў афіцэрскую школу (1934). У 1962—63 ваен. аташэ ў Францыі. З 1966 нач. ген. штаба арміі, з 1968 галоўнакаманд. сухап. войскамі. У кастр. 1968 узначаліў рэв. выступленне ваенных. Прэзідэнт Перу (1968—75, адначасова да 1972 прэм’ер-міністр). Урад Веласка Альварада прыняў закон аб агр. рэформе, нацыяналізаваў уласнасць амер. нафтавых і гарнарудных кампаній і інш. Скінуты ў выніку ваен. путчу.
т. 4, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ФІТ (Griffith) Артур
(31.3.1872, Дублін — 12.8.1922),
дзеяч ірл. нац.-вызв. руху, журналіст. У 1899 заснаваў газ. «The United Irishman» («Аб’яднаныя ірландцы»), у якой прапагандаваў ідэю незалежнасці Ірландыі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў паліт. руху Шын фейн. У 1914—20 неаднаразова быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1919 чл. нелегальнага ірл. парламента (Дойла). У 1919—21 кіраўнік урада самаабвешчанай Ірл. рэспублікі, разам з М.Колінзам падпісаў кампрамісны англа-ірландскі дагавор 1921. Са студз. 1922 прэм’ер-міністр Ірл. дамініёна, т.зв. Ірл. свабоднай дзяржавы.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́ІСМАНС (Huysmans) Каміль
(26.5.1871, г. Білзен, Бельгія — 25.2.1968),
палітычны і дзярж. дзеяч Бельгіі. Скончыў Льежскі ун-т (1891). Адзін з кіраўнікоў Бельг. сацыяліст. партыі. У 1905—22 сакратар Міжнар. сацыяліст. бюро Інтэрнацыянала 2-га. У 1910 — 65 дэп. бельг. парламента, выступаў за правы фламандцаў. У 1925—27 міністр асветы, у 1927—33 дырэктар і гал. рэдактар фламандскай сацыяліст. газ. «Volksgazet» («Народная газета»). У 1940 старшыня Сацыялістычнага рабочага Інтэрнацыянала. У 1946—47 прэм’ер-міністр, у 1947—49 міністр асветы Бельгіі.
т. 5, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТУ́ (Barthou) Жан Луі
(25.8.1862, г. Аларон-Сент-Мары, Францыя — 9.10.1934),
французскі дзярж. дзеяч. Адвакат. У 1889—1922 дэпутат парламента. З 1894 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1913 прэм’ер-міністр. Узначальваў франц. дэлегацыю на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1922—26 старшыня Рэпарацыйнай камісіі, патрабаваў ад Германіі выканання пастаноў Версальскага мірнага дагавора 1919. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры ў Германіі (1933) актыўны прыхільнік франка-сав. супрацоўніцтва. Ініцыятар стварэння «Усходняга пакта». Загінуў у Марселі разам з югасл. каралём Аляксандрам І у выніку тэрарыст. акта.
т. 2, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАБЕ́РЦІ (Gioberti) Вінчэнца
(5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),
італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛДУІН (Baldwin) Стэнлі
(3.8.1867, Б’юдлі, графства Херэфард-энд-Вустэр, Вялікабрытанія — 14.12.1947),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Трыніты-каледж (г. Кембрыдж). Быў саўладальнікам буйнейшай сталеліцейнай фірмы «Болдуінс лімітэд». З 1908 чл. парламента. Міністр гандлю (1921—22), фінансаў (1922—23), прэм’ер-міністр (1923—24, 1924—29, 1935—37). У 1923—37 лідэр Кансерватыўнай партыі. Урад Болдуіна сілай спыніў усеаг. забастоўку 1926 у Вялікабрытаніі, у 1930-я г. праводзіў палітыку «прымірэння» ў адносінах да фашысцкіх Італіі і Германіі. Схіліў караля Эдуарда VIII да адрачэння ад прастола (1936).
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЗЕМАН (Hansemann) Давід
(12.7.1790, г. Гамбург, Германія — 4.8.1864),
палітычны дзеяч Германіі. Належаў да плыні памяркоўных лібералаў. Заснаваў Т-ва страхавання ад пажару (1825), «Дысконтнае т-ва» (1851) і «Першае прускае іпатэчнае акц. т-ва» (1862—64). Чл. ландтага (парламента) Рэйнскай прав. (з 1845). У час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі міністр фінансаў, прэм’ер-міністр Прусіі (ліп.—вер. 1848), кіраваў Прускім банкам (да 1851). Выступаў за развіццё сеткі чыгунак, вырашэнне сац. пытанняў эканам. захадамі, скасаванне прывілеяў юнкерства, умацаванне і пашырэнне Герм. мытнага саюза і інш.
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЖУА́ (Bourgeois) Леон Віктор Агюст
(25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),
дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.
т. 3, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛЬФУР (Balfour) Артур Джэймс
(25.7.1848, Уітынджэм, Шатландыя — 19.3.1930),
англійскі дзярж. дзеяч, лорд з 1922, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. З 1874 чл. парламента. У 1877—91 міністр па справах Ірландыі, у 1891—92 і ў 1895—1902 міністр фінансаў. У 1902—05 прэм’ер-міністр. Урад Бальфура заключыў Англа-французскае пагадненне 1904, якое стала асновай Антанты. У 1915—16 марскі міністр, у 1916—19 міністр замежных спраў. Аўтар т.зв. дэкларацыі Бальфура (1917) аб стварэнні ў Палесціне яўр. нац. асяродка. У 1910—22 і 1925—29 уваходзіў у склад урада. Узначальваў англ. дэлегацыю на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22.
т. 2, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРАНА́ІКЕ Саламон
(8.1.1899, г. Каломба, Шры-Ланка — 26.9.1959),
палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). Атрымаў адукацыю ў Каломба, Шры-Ланка і Оксфардзе. У 1925 уступіў у партыю Цэйлонскі нац. кангрэс і стаў адным з яе лідэраў. У 1947—51 міністр аховы здароўя, старшыня першага цэйлонскага парламента. У 1951 стварыў Цэйлонскую партыю свабоды. У 1956—59 прэм’ер-міністр, адначасова міністр замежных спраў і абароны. Урад Бандаранаіке праводзіў курс на замацаванне паліт. незалежнасці і развіццё нац. эканомікі (ліквідацыя замежных ваен. базаў, нацыяналізацыя порта Каломба, 10-гадовы план развіцця гаспадаркі). Забіты ў выніку змовы.
т. 2, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)