адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш.Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ Каля паўд.-ўсх. ускраіны г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пластавы паклад звязаны з сенаманскімі адкладамі верхняга мелу. Фасфарыты прымеркаваны да тоўшчы глаўканітава-кварцавых пяскоў і прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі слаямі і фасфарытавай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 175 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,12—14,1 м, фасфарытавай пліты 0,05—0,3 м, ускрышы (пяскі, гліны, супескі, мергель, мел) 5,3—46,3 м. Колькасць пяцівокісу фосфару ў зыходнай рудзе 3,14—18,4%. Фасфарыты прыдатныя для вытв-сці мінер. угнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНЯГА ВО́ЗЕРА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,
каля зах. краю Верхняга воз., пераважна ў ЗША (штат Мічыган, Вісконсін і Мінесота) і Канадзе (прав. Антарыо); адзін з буйнейшых жалезарудных басейнаў свету. Працягласць басейна з З на У каля 600 км, з Пн на Пд каля 300 км. Жал. руды прымеркаваны да пратэразойскай жалезаруднай фармацыі, магутнасць яе 15—300 м, прадстаўлены таканітамі і звязанымі з імі багатымі гематытавымі рудамі (колькасць Fe 51—57%) і беднымі рудамі — магнетытавымі кварцытамі (Fe каля 27%). Здабыча з 1854. Руда абагачаецца. Асн. спажыўцы — металургічныя з-ды ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАВЯ́НЫЯ РУДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць волава ў злучэннях і канцэнтрацыях, дастатковых для прамысл. здабычы. Прамысл. мінералы касітэрыт (каля 78% Sn) і станін (22—28% Sn). Падзяляюць на эндагенныя (карэнныя) і экзагенныя (россыпныя). Карэнныя радовішчы сфарміраваліся ў пародах алюмасілікатнага саставу і прадстаўлены касітэрыт-кварцавымі і касітэрыт-сульфіднымі рудамі (прамысл. колькасць Sn 0,1—0,2%). Важнае прамысл. значэнне маюць россыпы (сярэдняя колькасць каля 300—500 мг/м³, у іх каля 70% сусв. запасаў волава, даюць да 75% усёй здабычы металу). Асн. рэсурсы — у Інданезіі, Малайзіі, Тайландзе, Балівіі, Бразіліі, Нігерыі, Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДу лясной тыпалогіі,
характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2 ½»,
пашыраная назва Міжнар. рабочага аб’яднання сацыяліст. партый (ці Венскага інтэрнацыянала), якое існавала ў 1921—23. Створаны на міжнар. канферэнцыі ў Вене (22—27.2.1921). Аб’ядноўваў партыі і групы т.зв. «цэнтрысцкага» кірунку, якія парвалі з «правым» «апартуністычным» Бернскім інтэрнацыяналам і не далучыліся да «левага» Камуністычнага Інтэрнацыянала. У ім былі прадстаўлены партыі і групы з многіх краін Еўропы і ЗША, а таксама рас. меншавікі і эсэры. Не маючы трывалай ідэйнай асновы, паступова перайшоў на пазіцыі Бернскага інтэрнацыянала, з якім у маі 1923 зліўся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),
капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра для фп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.С.Бахам, Н.Паганіні, П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.Багатырова, Р.Бутвілоўскага, Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, А.Мдывані, С.Картэса («Капрычас» для фп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.Гоі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДКАРПА́ЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН.
На тэр. Украіны (Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абл.) і Румыніі. Паклады солей у адкладах міяцэнавага ўзросту. Каменная соль здабывалася з 14 ст.; калійныя солі — з 19 ст. Выяўлена 13 радовішчаў калійных солей хемагенна-асадкавага паходжання (Сцебніцкае, Калуш-Галынскае, Барыслаўскае і інш.). Паклады магутнасцю 2—40 м, даўж. да 6—10 км. Агульныя запасы 4,5 млрд.т, руда мае K2O да 9—11%. Калійныя солі прадстаўлены мінераламі каініт, лангбейніт, сільвін і інш. Здабыча вядзецца падземным і адкрытым спосабамі. Цэнтры — гарады Калуш, Сцебнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЗНАШЧЫТКО́ВЫЯ (Heterostraci),
падклас (клас) вымерлых ніжэйшых пазваночных з групы астракадэрмаў. З’явіліся ў ардовіку — сілуры Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 470 млн.г. назад), вымерлі ў дэвоне (каля 360 млн.г. назад). Жылі ў марскіх і прэсных вадаёмах. Класіфікацыя засн на будове панцыра, а таксама апарата нюху, які быў прадстаўлены парнымі насавымі поласцямі, што адкрываліся наверх парнымі ноздрамі.
Даўж. да 35 см. Орган слыху і раўнавагі меў 2 паўкружныя каналы. Некат. Р. (з роду клерараспіс) мелі эл. орган, які служыў сродкам абароны і нападу на здабычу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ЎНАЎСКІ МУЗЕ́Й МАСТА́ЦТВА І ЭТНАГРА́ФІІ.
Адкрыты ў 1982 у в. Дзіўная Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў будынку б. лютэранскага храма 19 ст. Экспазіцыя складаецца з 2 аддзелаў: этнаграфічнага, у якім экспануюцца прадметы старажытнай матэрыяльнай культуры беларусаў, вырабы нар. ганчарства, кавальства, пляцення з лазы і саломкі, ткацтва, і мастацкага, дзе прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы бел. мастакоў Я.Драздовіча, П.Сергіевіча, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У. і М.Басалыгаў, П.Драчова, Я.Куліка, А.Марачкіна, В.Маркаўца, А.Кашкурэвіча, А.Паслядовіч, У.Тоўсціка, М.Купавы, У.Сулкоўскага, У.Савіча і інш. Працуе на грамадскіх пачатках.