Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ СТРАТЭ́ГІЯ АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ,
праграма мер па ахове прыроды ў глабальным маштабе. Распрацавана Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) пры ўдзеле Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), Сусветнага фонду дзікай прыроды, харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), Арганізацыі Аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА). Прынята XIV Ген. асамблеяй МСАП (1978; Ашгабат). Праграма абагульняе вопыт усіх краін у шматгадовай дзейнасці па ахове прыроды, характарызуе асн. экалагічныя праблемы сучаснасці, прапануе сістэму рацыянальных метадаў кіравання дзейнасцю чалавека па выкарыстанні рэсурсаў біясферы.
Літ.:
Ефремов Ю.К., Хозин Г.С. Всемирная стратегия охраны природы. М., 1981;
Аллен Р. Как спасти Землю: Всемирная стратегия охраны природы: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЫРКАВЫ́ КАЛЕКТЫ́Ў.
Існаваў у 1959—74 у Мінску. Першая праграма паказана 11.2.1959 пры адкрыцці Мінскага цырка. У 1961 створаны новы калектыў пад назвай Беларускі цыркавы калектыў, які падрыхтаваў праграмы «Бывайце здаровы», «Красуй, Радзіма-Беларусь!».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАЛАВЕ́К І БІЯСФЕ́РА»
(The Man and the Biosphere, MAB),
міжнародная праграма па каардынацыі навук. даследаванняў узаемасувязей паміж чалавекам і навакольным прыродным асяроддзем. Прынята ў 1970 на 16-й сесіі Ген. канферэнцыі ЮНЕСКА як працяг Міжнароднай біялагічнай праграмы. Удзельнічае каля 90 краін, у т. л. Беларусь. Асн. мэта — распрацоўка навук. асновы для рацыянальнага выкарыстання і захавання рэсурсаў біясферы і глабальнага паляпшэння адносін паміж чалавекам і асяроддзем, для прагназіравання магчымых у будучым вынікаў сённяшняй дзейнасці чалавека і павелічэння яго магчымасцей эфектыўна кіраваць прыроднымі рэсурсамі планеты, не змяншаючы іх патэнцыялу. Праграма ўключае асобныя праекты, прысвечаныя вывучэнню ўплыву дзейнасці чалавека (землекарыстанне, інж.-Тэхн. работы, выкарыстанне энергіі) на асн. тыпы біёмаў Зямлі (тундры, лясы, саванны, стэпы, пустыні і інш.); прадугледжвае стварэнне сістэмы біясферных запаведнікаў, у якую з 1978 уваходзіць і Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Эмблема міжнароднай праграмы «Чалавек і біясфера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),
прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕРВЕ́ЕР»
(«Surveyor»),
серыя амерыканскіх аўтам.касм. апаратаў для даследавання Месяца; праграма іх распрацоўкі. Пасля мяккай пасадкі на паверхню Месяца праводзіліся панарамныя здымкі, даследаванне грунту, таксама адпрацоўваліся некаторыя элементы праграмы «Апалон». Маса «С.» на Зямлі ≈ 1 т, пасля пасадкі на Месяц ≈ 285 кг. У 1966—68 запушчаны 7 «С.».