ЗАМАРО́ЖВАННЕ ХАРЧО́ВЫХ ПРАДУ́КТАЎ,

спосаб кансервавання, які заключаецца ў хуткім ахаладжэнні прадукту да т-ры значна ніжэйшай за т-ру замярзання яго сокаў. Робяць пры т-ры каля -20 °C у маразільных камерах халадзільнікаў ці ў спец. хуткамаразільных апаратах.

Пры замарожванні вада ўтварае шмат дробных крышталікаў лёду, якія мала мяняюць структуру тканак прадуктаў, практычна поўнасцю спыняецца жыццядзейнасць мікрафлоры і актыўнасць ферментаў, таму прадукты доўгі час (пры ўмове, што т-ра ўвесь час застаецца аднолькава нізкай) захоўваюць свае харч. якасці.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́СІЙ (грэч. Lysias; 459—380 да н.э.),

старажытнаафінскі прамоўца, лагаграф (пісаў на заказ суд. прамовы); лічаць адным з лепшых прамоўцаў старажытнасці. З 412 да н.э. жыў у Афінах. У час праўлення «Трыццаці тыранаў» (404—403 да н.э.) збег у Мегару, вярнуўся ў Афіны пасля аднаўлення дэмакр. праўлення (403). Яму належаць больш за 200 прамоў (поўнасцю захаваліся 23, у фрагментах 11). Прамовы Л. — унікальныя крыніцы па пытаннях паліт., сац.-эканам. гісторыі Афін канца 5 — пач. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬ,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль (цячэ праз возера), за 28 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,3 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 568 км². Схілы катлавіны выш. 6—10. м, сугліністыя, на Пн супясчаныя, пад хмызняком. Берагі забалочаныя, сплавінныя. Пойма шыр. да 300 м, забалочаная. Дно плоскае, ілістае, каля ўсх. берага сапрапелістае. Поўнасцю зарастае. Упадаюць 4 ручаі.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

тэхнічная сістэма, якая часткова або поўнасцю выконвае функцыі выкладчыка ў працэсе праграмаванага навучання. Выдае порцыі матэрыялу, кантрольныя заданні ў паслядоўнасці, адпаведнай абучальнай праграме, у тэмпе, зручным для навучэнца; вызначае правільнасць выканання кантрольных заданняў, характар памылак, далейшую паслядоўнасць праходжання курса. Мадэлявальныя абучальныя машыны (трэнажоры) прызначаны для набыцця практычных навыкаў і трэніроўкі, калі ва ўмовах рэчаіснасці гэта звязана з вял. цяжкасцямі, эканамічна немэтазгодна або немагчыма, напр. пры навучанні касманаўтаў, вадзіцеляў трансп. сродкаў, аператараў складаных машын і агрэгатаў. Як абучальная машына можа выкарыстоўвацца ЭВМ.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДЫСПЕ́ТЧАР (ад аўта... + англ. dispatcher адпраўшчык),

комплексная сістэма (клас сістэм «Чалавек—машына»), якая аўтаматычна (поўнасцю або часткова) выконвае функцыі дыспетчара. У склад аўтадыспетчара ўваходзяць кіравальная выліч. машына і сродкі сувязі дыспетчара з машынай і кіроўным аб’ектам. Задача аўтадыспетчара: збор і апрацоўка інфармацыі пра ход тэхнал. працэсу; выбар аптымальнага рэжыму працэсу з магчымых варыянтаў; выдача камандаў, каб рэалізаваць аптымальны рэжым. Найпрасцейшы аўтадыспетчар збірае і рэгіструе інфармацыю, неабходную ў аператыўнай рабоце дыспетчара. Выкарыстоўваюць у энергетыцы, сістэмах сувязі, на транспарце, металургічных і хім. прадпрыемствах і інш.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКНО́,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Бярвенка, за 27 км на У ад Гродна. Пл. 0,45 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 340 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пд да 2 м), параслі лесам, на З месцамі разараныя. Берагі на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно амаль поўнасцю выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Злучана ручаём з воз. Можнева (на ПнУ), на Пд выцякае ручай Лакніца ў р. Бярвенка.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ННА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Лонніца (выцякае з возера) і Палата, за 18 км на ПнУ ад г. Полацк, за 1,8 км. на ПнЗ ад в. Узніцы, на тэр. біял. заказніка Лонна. Пл. 0,6 км², даўж. больш за 1 км, найб. глыб. 2,6 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,83 км. Пл. вадазбору 1,12 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі тарфяністыя, сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае. З возера выцякае ручай у р. Палата.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́Й (? — 1380),

татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАНАСЦЬ МАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магн. поле. Роўная геам. рознасці магнітнай індукцыі B, падзеленай на магнітную пастаянную μ0, і намагнічанасці асяроддзя J: H = B / μ0 J . Для ізатропных асяроддзяў H = B / μμ0 . Калі аднародны і ізатропны магнетык поўнасцю запаўняе ўсю прастору з магн. полем, Н.м.п. не залежыць ад яго магнітнай пранікальнасці і супадае з Н.м.п., створанага той жа сістэмай макраскапічных токаў у вакууме. Адзінка Н.м.п. ў СІампер на метр. Гл. таксама Поўнага току закон.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПІЯ (Ruppia),

род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).

Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)