БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб. развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.​Траяноўскі, М.​Шчадзінскі, А.​Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Бабінавіцкая кераміка. Посуд. 1970-я г.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ВЫ́РАБЫ,

рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.

Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.

Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл. Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Берасцяныя вырабы. Берасцянка. Мінская вобл. 19 ст.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭМАЛЬПО́СУД».

Створаны ў 1925 на аснове прамысл. бляшанай арцелі «Молат». З 1956 наз. «Металазавод», з 1963 — «Сантэхабсталяванне», з 1977 — «Эмальпосуд». Асн. прадукцыя: сантэхн. чыгунныя эмаліраваныя вырабы, стальны эмаліраваны посуд, інш. тавары нар. ўжытку і вытв.-тэхн. прызначэння.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1901—14 у мяст. Клічаў Ігуменскага пав. (цяпер г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.). Вырабляў бутэлькі, аптэчны, фарфоравы і хім. посуд. У 1901 устаноўлена паравая машына (30 к.с.), у 1903 — паравы кацёл. У 1904—10 працавала. да 135 чал.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.

Я.​М.​Сахута.

Дзісенская кераміка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з г. Дуброўна Віцебскай вобл. Стараж. промысел, найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чорназадымлены, непаліваны, гартаваны, паліваны з размалёўкай і без яе гасп. посуд (гаршкі, збанкі, гладышы, міскі, вазоны, цёрлы і інш.), а таксама цацкі. Д.к. адметная простымі лаканічнымі формамі і дакладнымі прапорцыямі. Цацкі вылучаюцца архаічным абліччам. У 1950—70-я г. выраблялі задымлены, сінявата-чорнага колеру посуд з матавай шурпатай паверхняй, аздоблены хвалістымі палосамі, прадрапанымі па сырым чарапку, і цацкі, задымленыя ці афарбаваныя ў белы колер.

Літ.:

Елатомдева И. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Сахута Я. Беларуская народная гліняная цадка. Мн., 1982.

Я.​М.​Сахута.

Дубровенская кераміка.
Да арт. Дубровенская кераміка. Цацка «Пара». Пач. 20 ст.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДКО́ЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1877—99 у маёнтку Людкоў, цяпер вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Вырабляла аптэчны посуд, бутэлькі, аконнае шкло. Мела шклаварную печ. У 1890 выраблена больш за 68 тыс. скрынак аптэчнага посуду; у 1895 працаваў 61 чал.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́ЛЬСКІЯ НЕАЛІТЫ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёны сяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл. Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.​Верамееў, В.​Чабатароў, А.​Чорцікаў.

Я.​М.​Сахута.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАЗАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Поразаве працавала каля 200 майстроў. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння (гаршкі з накрыўкамі, збанкі, рынкі, гладышы, бабачнікі, міскі і інш.). У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі характэрныя мясц. назвы: міскі малыя (да 1 л), сярэднія (1,5 л), вялікія. (да 3 л), гаршкі падзяляліся на пітушкі (да 1 л), саганчыкі (да 2 л), скляпнікі (3 л), сярэднікі (да 10 л). Вырабы вызначаліся буйнымі, выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай), нярэдка аздабляліся суцэльным глянцаваннем. У сярэдзіне 1990-х г. промысел заняпаў.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Поразаўская кераміка. І.​Шопік. Ганчарны посуд. 1980.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)