МО́РУЛА (новалац. morula ад лац. morum тутавая ягада),
стадыя зародкавага развіцця некаторых губак, кішачнаполасцевых, плоскіх чарвей, членістаногіх, большасці млекакормячых у перыяд драблення. На стадыі М. зародак уяўляе сабой шарападобнае ўтварэнне шчыльна прыціснутых (без поласці) адна да адной клетак (бластамераў). У млекакормячых М. ператвараецца ў бластацысту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЫЕС ЗУБО́Ў (ад лац. caries гніенне),
хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневага характэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАТРА́ТЫ, злучэнні ўключэння,
злучэнні, якія ўтвараюцца ўключэннем малекул ці іонаў малых памераў у поласцікрышт. рашоткі (рашэцістыя) ці ў поласць адной вял. малекулы. К. называюць злучэннямі тыпу «гаспадар-госць».
Рашэцістыя К., ці інтэркалаты, існуюць толькі ў крышт. стане. Паводле формы поласці адрозніваюць К. клетачныя і слаістыя. Напр., клетачныя К. — газавыя гідраты, у якіх «гасцямі» з’яўляюцца малекулы газаў — аргон, крыптон, хлор, метал і інш., а «гаспадарамі» — малекулы вады, што ўтвараюць крышт. каркас. Знешне яны нагадваюць снег, але могуць існаваць пры дадатнай т-ры. Слаістыя К. ўтвараюцца пры ўкараненні малекул ці іонаў паміж слаямі крышталёў са слаістай рашоткай (напр., злучэнне ўключэння графіту з сернай к-той C+24HSO−4∙H2SO4). Утварэнне К. выкарыстоўваюць пры сінтэзе стэрэарэгулярных палімераў, апрасненні марской вады, захоўванні газаў і высокатаксічных рэчываў, у храматаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,
форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.
Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр.поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз.прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.
Д.М.Кукуй.
Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СПА ВЕТРАНА́Я, вятранка,
масавая востразаразная інфекц. хвароба чалавека. Узбуджальнік — фільтроўны вірус — перадаецца ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд 13—17 дзён. Павышаецца т-ра, на скуры з’яўляецца высыпка, у поласці рота і глоткі — язвачкі, запаленне дыхальных шляхоў. У перахварэлых на воспу ветраную выпрацоўваецца стойкі імунітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ ТЭРАПІ́Я,
адзін з відаў прамянёвай тэрапіі, якая ажыццяўляецца з дапамогай нейтроннага выпрамянення. Пры Н.т. ўжываюць дыстанцыйнае (з дапамогай цыклатронаў), унутрыполасцевае і ўнутрытканкавае апрамяненне (крыніца змешанага нейтроннага і гама-выпрамянення каліфорній-252). Найб. выкарыстоўваецца для лячэння пухлінных захворванняў шыйкі маткі, языка і слізістых абалонак поласці рота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛАЧКАВАЯ ЗАЛО́ЗА, валляковая залоза,
тымус (thymus), цэнтральны орган лімфоіднага кроваўтварэння і імуннай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Знаходзіцца ў грудной поласці; у чалавека долькі яе размяшчаюцца справа і злева ад трахеі. Звонку ўкрыта злучальнатканкавай капсулай. У большасці відаў арганізмаў складаецца з 2—3 долек, падзеленых перагародкамі на больш дробныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ МУ́ШКІ (Drosophilidae),
сямейства круглашыўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Могуць пераносіць узбуджальнікаў захворванняў раслін. Некат. мініруюць лісце (утвараюць унутры ліста хады і поласці).
Даўж. да 4 мм. Афарбоўка пераважна жоўтая. Лічынкі жывуць у гніючых грыбах, садавіне, гародніне і інш.Гл. таксама Дразафілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАНЕЎРО́З (ад апа... + неўроз),
злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СТАЛА (ад грэч. diastole расшырэнне),
фаза сардэчнага цыкла: расшырэнне поласцей сэрца, звязанае з расслабленнем мускулатуры іх сценак, у час якога поласці сэрца напаўняюцца крывёю. Паслядоўныя сістала (скарачэнне) і Д. перадсэрдзяў і жалудачкаў — цыкл сардэчнай дзейнасці. Пры рытме 75 за мін (у чалавека) Д. перадсэрдзяў доўжыцца 0,7 с, Д. жалудачкаў — каля 0,5 с.