НАУ́МЕН (ад грэч. noumenon),
тэрмін, які ў процілегласць феномену, абазначае сутнасць, што можа быць спасцігнута толькі розумам (розумаспасцігальную). Упершыню тэрмін «Н.» выкарыстаў Платон (у дыялогу «Тымей»), які разумеў пад Н. рэальнасць як яна існуе сама па сабе і прадмет абстрактных ведаў. І.Кант (у «Крытыцы чыстага розуму») разглядаў Н. як адмоўнае праблематычнае паняцце. Н. — гэта прадмет розуму, інтэлектуальнай інтуіцыі. У «Крытыцы практычнага розуму» Кант указваў на магчымасць станоўчага спасціжэння Н. як прадмета непачуццёвага сузірання. У гэтым сэнсе Н. недаступны чалавеку, паколькі яго сузіранні, паводле Канта, могуць быць толькі пачуццёвымі. Абодва гэтыя значэнні Н. адпавядаюць у яго філасофіі розным функцыям «рэчы ў сабе».
т. 11, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ ПЛАТО́НАЎСКАЯ,
старажытнагрэчаская філас. школа. Засн. Платонам каля 387 да н.э. каля Афін. Існавала да 529 н.э. Сцвярджала традыцыю аб’ектыўнага ідэалізму. У гісторыі акадэміі платонаўскай вылучаюць: Стараж. Акадэмію (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат), якая падтрымлівала піфагарэізм і распрацоўвала праблемы матэматыкі, натурфіласофіі, дыялектыкі; Сярэднюю (Аркесілай, Лакід) і Новую (Карнеад) акадэміі, якія з пазіцый скептыцызму выступалі супраць вучэння стоікаў; т.зв. 4-ю і 5-ю акадэміі, якія эклектычна злучалі платонаўскі ідэалізм са стаіцызмам, піфагарэізмам, арыстацелізмам. З 4 ст. акадэмія платонаўская развівала вучэнне неаплатанізму. У эпоху Адраджэння акадэмія платонаўская адноўлена ў Фларэнцыі (1459—1521; М.Фічына, Піка дэла Мірандала). Ідэі акадэміі платонаўскай на Беларусі знайшлі адлюстраванне ў поглядах Ф.Скарыны, С.Буднага і інш.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава, у якой функцыянуе рэжым канстытуцыйнага праўлення, ажыццяўляюцца прынцыпы вяршэнства закону і права. Характэрныя адзнакі П.дз.: прызнанне і гарантаванасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, судовая абарона асоб і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін, адпаведнасць унутр. заканадаўства агульнапрынятым прынцыпам і нормам міжнар. права. Канцэпцыя П.дз. склалася на аснове асэнсавання і ўспрымання універсальных ідэй мысліцеляў былых эпох — вяршэнства закона (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), раздзялення ўлад (Палібій, Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё і інш.), неадчужальнасць прыродных правоў чалавека (Ж.Ж.Русо, Дж.Лілберн і інш.). У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 1996, Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай П. дз.
І.І.Катляр.
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЧЫ́НСКІ (Вітольд Феліксавіч) (н. 30.4.1922, Масква),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Варонежскае тэатр. вучылішча (1942). Працаваў у т-рах Варонежа і Нальчыка. У 1950—54 у Брэсцкім абл. драм. т-ры імя ЛКСМБ, у 1955—56 і 1958—82 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выконваў характарныя і камед. ролі, у якіх дакладная псіхал. характарыстыка спалучалася з яркай тэатр. формай: Мошкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Альховік, Іахім («Трывога» і «Францыск Скарына» А.Петрашкевіча), Тузенбах («Тры сястры» А.Чэхава), Андрэй («У добры час!» В.Розава), О’Крэдзі («Дыпламат» С.Алёшына), Радзівон Мікалаевіч, Баляснікаў («Старамодная камедыя», «Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Платон Ангел («Дзікі Ангел» А.Каламійца) і інш.
т. 5, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЯННЕ,
дыскрэтная або безупынная праява якой-н. прадметна-матэрыяльнай ці разумовай актыўнасці; і як адзінка дзейнасці. Адрозніваюць Дз. фіз., біял., псіхічнае, лагічнае, дзеянне сацыяльнае. У якасці філас. катэгорыі Дз. суадносіцца з перажываннем ці пакутамі (Платон, Арыстоцель); разглядаецца як момант руху разам з супрацьдзеяннем (І.Ньютан, Ф.Энгельс); трактуецца як прычына, вынік (Б.Спіноза, І.Кант, Г.Гегель); у супастаўленні з інертным матэрыяльным быццём тлумачыцца як праява творча-дзейнага духу ці самасвядомасці суб’екта (Аўгусцін, Г.Лейбніц, І.Фіхтэ, М.А.Бярдзяеў). Паняццем «Дз.» выяўляецца наяўная актыўнасць (сапраўднасць) якой-н. сілы ў адрозненне ад магчымасці (патэнцыяльнасці) яе праяўлення.
Літ.:
Григорьев В., Мякишев Г. Силы в природе. 7 изд. М., 1988. Петровский А.В., Ярошевский М.Г. История и теория психологии. Т. 2. Ростов н/Д, 1996.
А.Ю.Харын.
т. 6, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ (Платон Сяргеевіч) (15.10.1846, г. Кіраваград, Украіна — 22.8.1907),
расійскі матэматык, астраном, логік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1870). У 1876—89 у Казанскім ун-це (з 1886 прыват-дацэнт). Зрабіў значны ўклад у матэм. логіку. Абагульніў і развіў вынікі даследаванняў Дж.Буля, У.Джэванса, Э.Шродэра ў галіне алгебры логікі, пабудаваў лагічную тэорыю, якая ўключае элементы камбінаванага вылічэння выказванняў і класаў. Яму належаць адно з абагульненняў класічнай тэорыі сілагізму, працы па аксіяматыцы, тэорыі лічбаў і інш. Паводле філас. поглядаў — матэрыяліст. Яго ідэі паўплывалі на праблематыку і даследаванні ў галіне традыц. і сімвалічнай логікі ў Расіі і на Захадзе.
Тв.:
О способах решения логических равенств и об обратном способе математической логики. Казань, 1884;
Из области математической логики. М., 1902;
Объединенная теория логических равенств и неравенств. Карань, 1908.
т. 12, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.Камісаржэўскай, Літ.-маст. т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 8, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫНО́МІЯ (ад грэч. antinomia супярэчнасць у законе),
супярэчнасць паміж двума суджэннямі, кожнае з якіх аднолькава лагічна даказальнае. Паняцце «антыномія» ўзнікла ў антычнасці (Платон, Арыстоцель). Стараж.-грэч. філосафы ў сэнсе антыноміі часцей выкарыстоўвалі тэрмін «апарыя». Шмат увагі фармулёўцы і аналізу антыноміі аддавалі схаластычныя логікі. Кант выкарыстоўваў паняцце «антыномія», спрабуючы апраўдаць асн. тэзіс сваёй філасофіі, паводле якога розум не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту і пазнаць «рэч у сабе». Вучэнне Канта пра антыномію развіта ням. класічным ідэалізмам як фундаментальная перадумова дыялект. логікі. Гегель крытычна прааналізаваў кантаўскае вырашэнне пытання антыноміі і паказаў, што супярэчнасць — неад’емная аб’ектыўная характарыстыка духу, які знаходзіцца ў развіцці, гіст. быцця і мыслення. У дыялект. матэрыялізме антыномія разглядаецца ў рамках вучэння пра дыялект. супярэчнасці (адрознівае супярэчнасці ад парадоксаў). Пастаноўка навук. праблем у форме антыноміі і іх вырашэнне — важнае звяно ў тэарэт. адлюстраванні дыялект. супярэчнасці аб’ектыўнай рэальнасці.
Літ.:
Манеев А.К. Философский анализ антиномии науки. Мн., 1974.
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУША́,
паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.Дэкарт, Г.Спенсер, В.Вунт, У.Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.
В.В.Краснова.
т. 6, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Барыс Канстанцінавіч) (28.7.1913, г. Разань, Расія — 20.10.1983),
бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працаваў у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. З 1960 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. Мастацтву К. былі ўласцівы натуральнасць і псіхалагізм. Лепшыя ролі ў т-ры імя Я.Купалы: Левановіч, Паланевіч («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Піліп («Палешукі» Я.Рамановіча), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Калеснікаў, Лагута («Цытадэль славы», «На крутым павароце» К.Губарэвіча), Луконін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава), Аляксандр, Анціпа («Апошнія», «Зыкавы» М.Горкага), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера); у т-ры на Малой Броннай: Сцяпан («Брацкая ГЭС» Я.Еўтушэнкі), Бераст («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Бірук («Алёнушка» Л.Лявонава). Здымаўся ў кіно.
Б.І.Бур’ян.
т. 8, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)