ДАРАШКЕ́ВІЧ (Юрый Альфрэдавіч) (н. 11.1.1962, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1985). Аўтар размалёвак і вітражоў для радыётэхн. каледжа і сувораўскага вучылішча (абодва 1989) у Мінску. Працуе пераважна ў станковым жывапісе. Распрацоўвае тэмы «Бабы» і «Чашы»: «Чаша-аб’ект», «Чаша, знойдзеная ў лесе», «Чаша-вытока», «Чаша цёплая», «Чаша з прывідам» і інш. (усе 1990-я г.). У работах асобныя пластычныя вобразы ўключае ў вял. паліфанічную прастору, выкарыстоўваючы эфекты колерааптычныя, унутр. свячэння, піктаграмы, геаметрызм. Аформіў спектакль «Цудоўная дудка» ў Гродзенскім т-ры лялек (1988).

М.​М.​Паграноўскі.

Ю.Дарашкевіч. Чаша, знойдзеная ў лесе 1994.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЗІЙНАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

металічныя і неметалічныя матэрыялы, якія не разбураюцца пад уздзеяннем агрэсіўных асяроддзяў — кіслот, шчолачаў, солей, кіслароду, вільгаці і інш.

Да метал. К.м. адносяцца нержавеючыя сталі (хромістыя, хроманікелевыя, хроманікельмарганцавыя), чыгуны, бронза, высакародныя металы і інш.; да неметалічных — матэрыялы неарган. (андэзіты, граніты, баштаўніты, каменнае ліццё, кварцавае шкло, сіталы, кіслотатрывалая эмаль, кераміка) і арган. (прыродныя бітумы, смолы, поліэтылен, полістырол, фторапласты, пластычныя масы, графітапласты, графітна-вугальныя матэрыялы і інш.) паходжання. Каразійную ўстойлівасць матэрыялаў павышаюць легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хім. апаратуры, трубаправодаў, арматуры і інш. вырабаў, прызначаных для эксплуатацыі ў агрэсіўных асяроддзях.

А.​І.​Гараст.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

уласцівасць пароды неабарачальна дэфармавацца без мікраскапічных парушэнняў суцэльнасці пад уздзеяннем мех. нагрузкі; яна павялічваецца з ростам т-ры і ціску. Найб. пластычныя горныя пароды — гліны, графіт, каменная соль і інш. Пад ціскам 0,98—1,96 МПа граніт і дыябаз робяцца пластычнымі. Пластычнасць гліністых парод залежыць ад вільготнасці пароды, дысперснасці, мінер. саставу і інш., характарызуецца межамі пластычнасці (верхняй — мяжа цякучасці і ніжняй — мяжа раскочвання) і лікам пластычнасці (рознасць вільготнасці верхняй і ніжняй мяжы). У інж.-геал. практыцы грунты паводле ліку пластычнасці падзяляюць на групы: гліны (>17), суглінкі (17—7), супескі (7—0), пяскі (0).

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),

змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.

У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныяпластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.

І.​І.​Леановіч.

Дэфармацыі: 1 — расцяжэння; 2 — сціскання; 3 — зруху; 4 — кручэння; 5 — выгіну.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).

А.​М.​Кулагін, В.​М.​Чарнатаў.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.

Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАПАЛІМЕ́РЫ,

пластмасы з метал. напаўняльнікамі. У якасці напаўняльнікаў выкарыстоўваюць практычна ўсе металы і іх сплавы ў выглядзе парашкоў ці валокнаў. М. атрымліваюць на аснове тэрмапластаў, фенола-фармальдэгідных смол, поліэфірных і эпаксідных смол, крэмнійарганічных палімераў, каўчукоў.

Уласцівасці М. вызначаюцца прыродай палімера і напаўняльніка, ступенню напаўнення і характарам размеркавання напаўняльніка. Напр., жалеза і яго сплавы надаюць палімерам ферамагн. ўласцівасці; алюміній, медзь, серабро — цепла- і электраправоднасць; свінец, вальфрам, вісмут, кадмій — здольнасць экраніраваць іанізавальныя выпрамяненні. Выкарыстоўваюць М. для вырабу ўкладышаў падшыпнікаў (замяняюць металы, маюць высокую цеплаправоднасць і нізкі тэмпературны каэф. расшырэння), у вытв-сці магн. стужак, прылад для адвядзення статычнай электрычнасці, экранаў для аховы ад эл.магн. палёў і інш. Гл. таксама Пластычныя масы.

Літ.:

Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979;

Помогайло А.Д., Савостьянов В.С. Металлосодержащие мономеры и полимеры на их основе. М., 1988.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вікенцій Іванавіч) (н. 20.1.1936, в. Гарбавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. графік, акварэліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). У 1963—70 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Асн. творы: акварэлі «Партрэт студэнткі» (1964), «На Камчатцы» (1967), «Адзінокае дрэва» (1981), «Глыбокая восень», «Лучоса» (абедзве 1982), «Элегія» (1991), «Ран ша ва Ушачах», «Шторм», «Лета», «Вечар» (усе 1999); серыі «Лепшыя людзі Віцебска» (1970), «Дрэвы» (1973—74), «Прасёлкі» (1975—78), «Партрэты сучаснікаў» (1970—80-я г.), «Пейзажы Віцебшчыны» (2001); серыя гравюр паводле аповесці «Мядзведзічы» К.​Крапівы (1963), трыпціх «Заваёўнікі» (1967—68); экзатэрычныя серыі «Абліччы», «Міфы», «Віцебск» (усе 1997—2000); тэмперныя кампазіцыі «Пасля дажджу», «Рэчка» (абедзве 2000). Творам уласцівы шырокае вольнае пісьмо, пластычныя і каларыстычныя абагульненні, дэкаратыўнасць, плаўныя кампазіцыйныя рытмы, паэтыка-сімвалічны характар вобразаў.

М.​Л.​Цыбульскі.

В.Ральцэвіч. Элегія. 1991.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧА́ЛЬНАЯ ТКА́НКА,

тканка арганізмаў жывёл і чалавека, якая складаецца з клетак і міжклетачнага рэчыва і ўтварае ўнутр. асяроддзе арганізма. Есць ва ўсіх органах і ў залежнасці ад функцыі мае розную будову. Яе стан і функцыі рэгулююцца нерв. і гумаральнымі механізмамі. Функцыі З.т.: механічная (утварае шкілет, абалонкі і апору ўнутр. органаў, злучае органы), трафічная (пераносіць пажыўныя і інш. рэчывы да функцыянальнай тканкі — парэнхімы і ад адных органаў да другіх), ахоўная (ажыццяўляе ахоўныя запаленчыя рэакцыі арганізма), пластычныя (удзельнічае ў рэгенерацыі, запаўняе дэфекты пры пашкоджанні органаў).

Паводле будовы падзяляецца на касцявую, храстковую, рэтыкулярную (складае аснову крывятворных органаў), тлушчавую і валакністую, якая пранізвае ўсе органы і ўтварае праслойкі паміж асобнымі органамі. У міжклетачным рэчыве валакністай З.т. ёсць валокны калагенавыя (моцныя, не расцягваюцца), эластычныя і тыкулінавыя (пераплятаюцца, утвараюць сетку). Прамежкі паміж валокнамі і клеткамі запоўнены студзінападобным рэчывам. Клеткі З.т.: камбіяльныя, фібрабласты, гістыяцыты, плазматычныя, пігментныя, тлушчавыя і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.

У.​А.​Чантурыя, А.​А.​Ярашэвіч.

Ішкалдскі Троіцкі касцёл.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)